У форуму ўзялі ўдзел міністар замежных справаў Латвіі, міністар абароны, Карл Білд, былы прэм’ер Швэцыі, прадстаўнікі Нямеччыны, ЗША, у прытнасьці пасланцы місіі ЗША ў НАТО ў Брусэлі, прадстаўнікі Расеі, Скандынавіі.
Гаворка была пра тое, што краіны Балтыі хочуць быць сябрамі НАТО і зараз маюць падтрымку ЗША ў гэтым пытаньні – у сераду Кангрэс ЗША пастанавіў, што Паўночна-атлянтычны альянс пашырыцца.
Краіны Балтыі і Латвію, у прыватнасьці, цікавіць тое, што адбываецца ў Беларусі, палітычныя працэсы ў краіне, стаўленьне ўладаў і апазыцыі да пашырэньня НАТО да межаў Беларусі. З гэтай нагоды на канфэрэнцыю быў запрошаны былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў. Ён адзіны прадстаўнік Беларусі. На сувязі – Рыга:
(Саньнікаў: ) “Цікавяцца, як разгортваюцца падзеі ў Беларусі, што зараз адбываецца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, таму што Беларусь знаходзіцца на межах тых краінаў, якія імкнуцца да сяброўства ў НАТО – Латвіі і Літвы. Гэта ўплывае на сытуацыю ўвогуле ў рэгіёне, таму ім цікава было бачаньне дэмакратычных сілаў Беларусі сытуацыі ў рэгіёне”.
(Караткевіч: ) “Якія канкрэтна пазыцыі Вы прадставілі, улічваючы заяву Урала Латыпава пра тое, што Беларусь, нібыта, за шчыльнае супрацоўніцтва з НАТО”.
(Саньнікаў: ) “Выступоўцы казалі пра тое, што зараз вось прынцыпы дэмакратыі перадусім трэба ўмацоўваць. Барацьба супраць тэрарызму – гэта ўмацаваньне дэмакратыі і падтрымка правоў чалавека ў сьвеце. Зьнешняя палітыка Лукашэнкі правалілася, таму што ён зарэкамэндаваў сябе ня толькі як кіраўнік дзяржавы, які выступае супраць НАТО, але і які выступае вельмі агрэсіўна. Гэта рабілася, каб падабацца Расеі, пэўным сілам у Расеі. Зараз пасьля вядомых заяваў Пуціна аб тым, што Расея гатовая ўмацоваць адносіны з НАТО і імкнецца да больш шчыльнага супрацоўніцітва, заявы Беларусі прагучалі вельмі сьмешна, я б сказаў. Беларускія ўлады апынуліся ў сытуацыі, калі яны не адсочвалі тое, што адбываецца. У мяне адбылася размова з намесьнікам міністра замежных справаў Латвіі, які вельмі сур’ёзна цікавіўся падзеямі ў Беларусі. Казаў, што сытуацыя ў ёй непакоіць латыскія ўлады і грамадзтва”.
Рашэньне ў пытаньні далучэньня балтыйскіх дзяржаваў да НАТО будзе прынята ў лістападзе 2002 году ў Празе.