Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЎНЫ ЗЬМЕСТ ПРАЕКТУ АКТУ АБ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ, ПРАПАНАВАНАГА СЭНАТАРАМ ДЖЭСІ ГЭЛМСАМ


інф. Радыё Свабода


РАЗЬДЗЕЛ 1. КАРОТКІ НАЗОЎ.

Гэты Закон прапануецца назваць «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2001».

РАЗЬДЗЕЛ 2. ВЫЯЎЛЕНЫЯ ФАКТЫ.

Кангрэс выявіў, што—

(1) Злучаныя Штаты жыцьцёва зацікаўленыя ў кансалідацыі і ўмацаваньні незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь і ў яе інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць дэмакратычных дзяржаваў;

(2) Злучаныя Штаты падтрымваюць спрыяньне дэмакратыі, прынцыпам прававой дзяржавы і павазе да правоў чалавека ў Беларусі;

(3) у лістападзе 1996 году беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка арганізаваў супярэчны закону і канстытуцыі рэфэрэндум, які дазволіў яму навязаць беларускаму народу новую канстытуцыю, распусьціць стары парлямэнт — Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня, замяніць яго паслухмяным заканадаўчым ворганам і падоўжыць свае паўнамоцтвы да 2001 году;

(4) у траўні 1999 году беларуская апазыцыя аспрэчыла незаконнае падаўжэньне Лукашэнкам свайго прэзыдэнцкага тэрміну, арганізаваўшы альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары, на якія ўлады адказалі рэпрэсіямі;

(5) беларуская апазыцыя арганізоўвала мірныя дэманстрацыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў вялікіх і малых гарадах па ўсёй Беларусі, сярод іх — Марш-Свабоды-І 17 кастрычніка 1999 году, Марш Свабоды-ІІ 15 сакавіка 2000 году, Чарнобыльскі Шлях 26 красавіка 2000 году, якія адбываліся ў Менску і ў якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў беларусаў;

(6) рэжым Лукашэнкі адказаў на гэтыя мірныя шэсьці жорсткімі нападамі сілаў бясьпекі, масавымі арыштамі, працяглымі затрыманьнямі і зьбіцьцём;

(7) Андрэй Клімаў, дэпутат апошняга дэмакратычна абранага парлямэнту Беларусі, надалей утрымваецца ў зьняволеньні пры цяжкіх умовах за палітычны супраціў Лукашэнку;

(8) Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і Юры Захаранка — кіраўнікі і прыхільнікі апазыцыі — зьніклі пры таямнічых абставінах;

(9) былыя беларускія дзяржаўныя службоўцы, у тым ліку чатыры супрацоўнікі праваахоўных ворганаў, выступілі з вартымі даверу заявамі і сьведчаньнямі наконт таго, што высокапастаўленыя чыноўнікі рэжыму Лукашэнкі мелі дачыненьне да забойства дзеячоў апазыцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага ды дзясяткаў іншых людзей;

(10) рэжым Лукашэнкі сыстэматычна цкуе і перасьледуе незалежныя сродкі масавай інфармацыі і актыўна душыць праявы свабоды слова і выказваньня;

(11) Зьміцер Завадзкі, апэратар расейскай грамадзкай тэлевізіі, вядомы сваімі крытычнымі рэпартажамі пра рэжым Лукашэнкі, зьнік пры таямнічых абставінах;

(12) рэжым Лукашэнкі выступае з нападкамі на Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву, Рыма-Каталіцкую Царкву, эвангельскія цэрквы ды іншыя рэлігійныя меншасьці;

(13) Лукашэнка падтрымвае і актыўна праводзіць у жыцьцё ідэю аб’яднаньня Беларусі з Расеяй, распачаў у гэтай справе перамовы і 8 сьнежня 1999 году падпісаў Беларуска-Расейскую Саюзную Дамову, ня маючы на гэта неабходных канстытуцыйных паўнамоцтваў;

(14) беларуская апазыцыя асуджае гэтыя спробы і неаднаразова заклікала міжнародную супольнасьць «недвухсэнсоўна абвясьціць аб непрызнаньні любых міжнародных дамоваў, падпісаных Лукашэнкам»;

(15) Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз, Парлямэнцкая Асамблея НАТО, Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ ды іншыя міжнародныя арганізацыі надалей прызнаюць Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня законным парлямэнтам Беларусі;

(16) праведзеныя Лукашэнкам 15 кастрычніка 2000 году парлямэнцкія выбары супярэчылі закону і канстытуцыі;

(17) гэтыя выбары суправаджаліся грубымі парушэньнямі правоў чалавека з боку рэжыму, улучна з цкаваньнем, зьбіцьцём, арыштамі і зьняволеньнем дзеячоў апазыцыі;

(18) гэтыя выбары былі праведзеныя пры адсутнасьці дэмакратычнага выбарчага заканадаўства;

(19) прэзыдэнцкія выбары верасьня 2001 году былі несправядлівыя ў самой сваёй аснове і адзначыліся істотнымі і злоснымі парушэньнямі з боку рэжыму Лукашэнкі, якія ўключалі ў сябе —

(А) цкаваньне, арышты і зьняволеньне лідэраў апазыцыі;
(B) адмову апазыцыйным кандыдатам у роўным і справядлівым доступе да сродкаў інфармацыі, пераважна кантраляваных дзяржавай;
(C) канфіскацыю абсталяваньня і маёмасьці незалежных няўрадавых арганізацыяў і друкарняў, цкаваньне іх кіраўнікоў і супрацоўнікаў;
(D) непразрыстасьць працэсу галасаваньня і падліку галасоў; і
(E) кампанію запалохваньня, скіраваную супраць актывістаў апазыцыі, мясцовых арганізацыяў назіраньня за выбарамі, апазыцыі і незалежных сродкаў масавай інфармацыі; кампанію паклёпу ў сродках масавай інфармацыі, скіраваную супраць міжнародных назіральнікаў;

(20) апошнія парлямэнцкія выбары ў Беларусі, прызнаныя міжнароднай супольнасьцю свабоднымі і справядлівымі, адбыліся ў 1995 годзе, у выніку чаго быў абраны Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня, чыю дэмакратычна і канстытуцыйна атрыманую ўладу і паўнамоцтвы узурпаваў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

РАЗЬДЗЕЛ 3. ДАПАМОГА Ў СПРЫЯНЬНІ ДЭМАКРАТЫІ І ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ Ў БЕЛАРУСІ

(а) МЭТЫ ДАПАМОГІ.— Дапамога, пра якую будзе йсьці гаворка ў гэтым разьдзеле, будзе выдзяляцца на тое, каб:

(1) Дапамагчы народу Беларусі адваяваць сваю свабоду і даць яму магчымасьць далучыцца да міжнароднай супольнасьці дэмакратычных дзяржаваў.

(2) Аднавіць і ўмацаваць у Беларусі інстытуты дэмакратычнага кіраваньня.

(3) Заахвоціць правядзеньне ў Беларусі свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці зь міжнародна прынятымі стандартамі і пад наглядам міжнародна прызнаных назіральнікаў.

(4) Падтрымаць і ўзмацніць міжнародныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.

(b) УПАЎНАВАЖАНЬНЕ НА ВЫДЗЯЛЕНЬНЕ ДАПАМОГІ.— Для дасягненьня мэтаў, пералічаных у падразьдзеле (а), Прэзыдэнт упаўнаважваецца выдзяляць дапамогу ды іншыя формы падтрымкі на дзейнасьць, апісаную ў падразьдзеле (c) і перадусім для беларускіх палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў у самой Беларусі.

(c) ДЗЕЙНАСЬЦЬ, НА ЯКУЮ ВЫДЗЯЛЯЕЦЦА ДАПАМОГА.— Дзейнасьць, на якую можа выдзяляцца згаданая ў падразьдзеле (b) дапамога, уключае ў сябе—
(1) дзейнасьць дэмакратычных сілаў, у тым ліку палітычных партыяў, скіраваную на пашырэньне дэмакратыі і абарону незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі;
(2) пабудову дэмакратыі;
(3) радыё- і тэлевяшчаньне на Беларусь;
(4) разьвіцьцё і падтрымку няўрадавых арганізацыяў як у Беларусі, гэтак і ў эміграцыі, якія спрыяюць дэмакратыі і бароняць правы чалавека;
(5) разьвіцьцё незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі і за яе межамі і абапіраюцца на недзяржаўныя друкарні;
(6) міжнародны абмен і праграмы прафэсійнай падрыхтоўкі для кіраўнікоў і актывістаў дэмакратычных сілаў з мэтай удасканаленьня навыкаў, неабходных для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці;
(7) разьвіцьцё ўсіх элемэнтаў дэмакратычнага працэсу, у тым ліку арганізацыі палітычных партыяў і досьведу правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў.

(d) УПАЎНАВАЖАНЬНЕ НА АСЫГНАВАНЬНЕ.—
(1) АГУЛЬНАЕ ПАЛАЖЭНЬНЕ.— Даецца ўпаўнаважаньне на асыгнаваньне Прэзыдэнту 30 000 000 даляраў на 2002-гі фінансавы год.
(2) НАЯЎНАСЬЦЬ СРОДКАЎ.— Сумы, асыгнаваныя ў адпаведнасьці з параграфам (1), будуць наяўныя для ўжытку да поўнай іх затраты.

РАЗЬДЗЕЛ 4. ВЫДЗЯЛЕНЬНЕ СРОДКАЎ НА РАДЫЁВЯШЧАНЬНЕ ЎНУТРЫ БЕЛАРУСІ І НА БЕЛАРУСЬ

(а) АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭНЬНІ.— Мэта гэтага разьдзелу — павялічыць падтрымку незалежнаму і нецэнзураванаму радыёвяшчаньню ўнутры Беларусі і на Беларусь, якое б дапамагло пашырэньню інфармацыі праз каналы, непадкантрольныя ўраду Лукашэнкі.
(b) ВЫДЗЯЛЕНЬНЕ СРОДКАЎ.— Ня менш за 5 000 000 даляраў з агульнай сумы, згаданай у Разьдзеле 3, будзе выдзелена выключна на праграму спрыяньня і падтрымкі незалежнага радыёвяшчаньня ў Беларусі і на Беларусь у дыяпазонах AM і FM, у тым ліку праграмаў Голасу Амэрыкі і Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.
(c) СПРАВАЗДАЧНАСЬЦЬ У ПЫТАНЬНІ РАДЫЁВЯШЧАНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ І НА БЕЛАРУСЬ.— Не пазьней, чым праз 120 дзён пасьля ўступленьня ў дзеяньне гэтага Акту, дзяржаўны сакратар падасьць Камітэту замежных дачыненьняў Сэнату і Камітэту міжнародных дачыненьняў Палаты Прадстаўнікоў справаздачу аб тым, як сродкі, выдзеленыя ў адпаведнасьці з падразьдзелам (b), будуць ужытыя для пашырэньня радыёвяшчаньня ў дыяпазонах AM і FM, якое б ахапляла тэрыторыю Беларусі і несла народу Беларусі інфармацыю, свабодную ад цэнзуры ўраду Лукашэнкі.

РАЗЬДЗЕЛ 5. САНКЦЫІ СУПРАЦЬ РЭЖЫМУ ЛУКАШЭНКІ

(а) УЖЫВАНЬНЕ ЗАХАДАЎ.— Санкцыі, апісаныя ў гэтым разьдзеле і ў разьдзелах 6, 8 і 9, будуць ужывацца ў дачыненьні да Беларусі, пакуль Прэзыдэнт ня вырашыць і не засьведчыць перад адпаведнымі камітэтамі Кангрэсу, што ўлады Беларусі зрабілі значны прагрэс ў выкананьні ўмоваў, апісаных у падразьдзеле (b).
(b) УМОВЫ.— Згаданыя ў падразьдзеле (а) умовы гэткія:
(1) Вызваленьне ўсіх асобаў, якія былі зьняволеныя за іх палітычныя погляды.
(2) Адкліканьне ўсіх палітычна матываваных судовых абвінавачаньняў супраць усіх дзеячоў апазыцыі.
(3) Прадстаўленьне поўнай справаздачы аб тых лідэрах апазыцыі і журналістах, улучна зь Віктарам Ганчаром, Анатолем Красоўскім, Юрыем Захаранкам і Зьмітром Завадзкім, якія зьніклі пры таямнічых абставінах; пакараньне ўсіх адказных за гэтыя зьнікненьні.
(4) Спыненьне ўсіх формаў перасьледу і рэпрэсіяў супраць незалежных сродкаў масавай інфармацыі, няўрадавых арганізацыяў і палітычнай апазыцыі.
(5) Правядзеньне свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў.
(c) МІЖНАРОДНЫЯ ФІНАНСАВЫЯ ЎСТАНОВЫ.— Міністэрства Фінансаў Злучаных Штатаў дасьць рэкамэндацыі сваім выканаўчым дырэктарам у міжнародных фінансавых установах выступаць і галасаваць супраць любога выдзяленьня гэтымі ўстановамі любой фінансавай дапамогі любога віду (улучна з тэхнічнай дапамогай і грантамі) Ураду Беларусі, за выключэньнем пазыкаў і дапамогі, неабходных для забесьпячэньня асноўных гуманітарных патрэбаў.
(d) ВЫЗНАЧЭНЬНЕ МІЖНАРОДНЫХ ФІНАНСАВЫХ ЎСТАНОВАЎ.— У гэтым разьдзеле пад тэрмінам «міжнародныя фінансавыя ўстановы» разумеюцца Міжнародны Валютны Фонд, Міжнародны Банк Рэканструкцыі і Разьвіцьця, Міжнародная Асацыяцыя Разьвіцьця, Міжнародная Фінансавая Карпарацыя, Шматбаковае Агенцтва Гарантыі Інвэстыцыяў і Эўрапейскі Банк Рэканструкцыі і Разьвіцьця.

РАЗЬДЗЕЛ 6. БЛЯКАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКІХ АКТЫВАЎ У ЗЛУЧАНЫХ ШТАТАХ

(а) БЛЯКАВАНЬНЕ АКТЫВАЎ.— Гэтым Актам блякуецца ўся маёмасьць і працэнты з маёмасьці, у тым ліку ўсе гандлёвыя, прамысловыя або абслуговыя прадпрыемствы або гаспадарчыя аб’екты, якія цалкам або часткова належаць Ураду Беларусі або любому прадстаўніку найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі і знаходзяцца або апынуцца ў будучыні на тэрыторыі Злучаных Штатаў, або якія знаходзяцца або апынуцца ў будучыні пад кантролем або ў валоданьні асобаў Злучаных Штатаў, улучна зь іх замежнымі філіяламі.
(b) АЖЫЦЬЦЯЎЛЕНЬНЕ ПАЎНАМОЦТВАЎ.— Міністар фінансаў, кансультуючыся зь дзяржаўным сакратаром, будзе прадпрымаць згаданыя дзеяньні, у тым ліку выдаваць распараджэньні, загады, дырэктывы, пастановы, інструкцыі і ліцэнзіі, а таксама ўжываць усе паўнамоцтвы, нададзеныя Прэзыдэнту на падставе Акту аб надзвычайных міжнародных эканамічных паўнамоцтвах, калі гэта будзе неабходна для выкананьня падразьдзелу (а).
(c) ЗАБАРОНЕНЫЯ ПЕРАЛІЧЭНЬНІ.— Банкавыя пералічэньні, забароненыя на моцы падразьдзелу (b), улучаюць у сябе пералічэньні і пераводы любой маёмасьці або любыя трансакцыі, зьвязаныя зь пераводам усяго, што можа мець эканамічную вартасьць, любой асобай Злучаных Штатаў Ураду Беларусі або любой фізычнай або юрыдычнай асобе, якія дзейнічаюць ад імя Ўраду Беларусі, або падуладнай гэтаму Ўраду або кантраляванай ім непасрэдна або ўскосна, або любому іншаму прадстаўніку найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі.
(d) АПЛАТА ВЫДАТКАЎ.— Усе выдаткі, зьвязаныя з блякаваньнем і ўтрыманьнем маёмасьці, заблякаванай у адпаведнасьці з падразьдзелам (а), будуць ускладзеныя на ўладальнікаў або апэратараў гэткай маёмасьці, пры гэтым выдаткі ня будуць аплочаныя з блякаваных фондаў.
(е) ЗАБАРОНЫ.— Наступныя дзеяньні будуць забароненыя ад дня ўступленьня ў дзеяньне гэтага Акту:
(1) Экспарт любому суб’екту, прыналежнаму, кантраляванаму або кіраванаму непасрэдна або ўскосна Ўрадам Беларусі, любых тавараў, тэхналёгіяў або паслугаў, як—
(А) са Злучаных Штатаў;
(B) калі пры гэтым неабходнае атрыманьне ад Фэдэральнага агенцтва ліцэнзіі на экспарт; гэтак і
(C) зьвязаны з выкарыстаньнем зарэгістраваных у Злучаных Штатах караблёў або самалётаў, або любая дзейнасьць, што спрыяе або разьлічаная на спрыяньне такому экспарту.
(2) Выкананьне любой асобай Злучаных Штатаў любых кантрактаў, у тым ліку фінансавых, скіраваных на падтрымку прамысловаых, гандлёвых або абслуговых прадпрыемстваў, кіраваных, кантраляваных Урадам Беларусі або прыналежных яму.
(f) ВЫКЛЮЧЭНЬНІ.— Насуперак усім іншым палажэньням гэтага разьдзелу, гэты разьдзел не датычыць—
(1) дапамогі, прадугледжанай у разьдзелах 3 і 4 гэтага Акту;
(2) матэрыялаў, апісаных у разьдзеле 203(b)(3) Акту аб надзвычайных міжнародных эканамічных паўнамоцтвах; або
(3) матэрыялаў, дасланых у Беларусь у якасьці гуманітарнай дапамогі.
(g) ЮРЫДЫЧНАЕ ТЛУМАЧЭНЬНЕ.— Гэтым Актам не забараняюцца любыя кантракты або іншыя фінансавыя трансакцыі зь любымі прыватнымі асобамі або няўрадавымі арганізацыямі і фірмамі ў Беларусі.

РАЗЬДЗЕЛ 7. ЗАБАРОНА ЎЕЗДУ Ў ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ БЕЛАРУСКІМ АФІЦЫЙНЫМ АСОБАМ

Кангрэс лічыць, што Прэзыдэнту належыць ужыць свае паўнамоцтвы ў адпаведнасьці з разьдзелам 212(f) Акту аб іміграцыі і грамадзянстве (Зб. Зак. ЗША, 8, 1182(f)) і часова пазбавіць права на ўезд у Злучаныя Штаты любога замежнага грамадзяніна, які—
(1) займае пасаду ў найвышэйшым кіраўніцтве Беларусі; або
(2) зьяўляецца сужэнцам, непаўнагадовым дзіцём або прадстаўніком асобы, якой забаронены ўезд на падставе параграфу (1).

РАЗЬДЗЕЛ 8. ЗАБАРОНА СТРАТЭГІЧНАГА ЭКСПАРТУ Ў БЕЛАРУСЬ

Кампутары, праграмнае забесьпячэньне, тавары, прызначаныя для вытворчасьці або абслугоўваньня кампутараў, тэхналёгіі, прызначаныя для вытворчасьці або абслугоўваньня кампутараў, або любыя іншыя тавары ці тэхналёгіі ня могуць быць экспартаваныя Ўраду Беларусі або для ўжытку Ўраду Беларусі або гэткіх структураў гэтага ўраду:
(1) Войска.
(2) Міліцыі.
(3) Сыстэмы турмаў.
(4) Службаў нацыянальнай бясьпекі.

РАЗЬДЗЕЛ 9. ЗАБАРОНА НА ПАЗЫКІ І ІНВЭСТЫЦЫІ

(а) ФІНАНСАВАНЬНЕ ЎРАДАМ ЗЛУЧАНЫХ ШТАТАЎ.— Ніякія пазыкі, крэдытныя гарантыі, страхоўкі, фінансаваньне або іншыя віды фінансавай дапамогі ня могуць быць выдзеленыя Ўраду Беларусі ніякім урадавым агенцтвам Злучаных Штатаў (у тым ліку Экспартна-Імпартным Банкам і Карпарацыяй Замежнага Прыватнага Інвэставаньня).
(b) ГАНДАЛЬ І РАЗЬВІЦЬЦЁ.— Ніякія выдзеленыя законам сродкі ня могуць быць прызначаныя на дзейнасьць Агенцтва Гандлю і Разьвіцьця у Беларусі або для Беларусі.
(c) ДЗЕЯНЬНІ ТРЭЦЯЙ КРАІНЫ.— Кангрэс заклікае дзяржаўнага сакратара заахвоціць усе іншыя краіны, асабліва краіны Эўропы, прыпыніць усе іх праграмы падтрымкі Ўраду Беларусі, падобныя да апісаных у падразьдзелах (а) і (b), у тым ліку праграмы пераразьмеркаваньня сплаты запазычанасьцяў гэтага ўраду пры больш спрыяльных умовах.
(d) ЗАБАРОНА ПРЫВАТНАГА КРЭДЫТАВАНЬНЯ.— Ніякая асоба Злучаных Штатаў ня можа выдаць або зацьвердзіць ніякую пазыку або нейкае іншае крэдытаваньне непасрэдна або ўскосна Ўраду Беларусі або любой карпарацыі, кампаніі ці іншай арганізацыі, якая належыць Ўраду Беларусі, кіруецца або кантралюецца ім.

РАЗЬДЗЕЛ 10. АДМОВА Ў СТАСАВАНЬНІ АБАГУЛЬНЕНАЙ СЫСТЭМЫ СПРЫЯНЬНЯ (АСП)

(а) ВЫЯЎЛЕНЫ ФАКТ.— Кангрэс выявіў, што Ўрад Беларусі не жадае паважаць міжнародна прызнаныя правы працоўных.
(b) АДМОВА Ў ЛЬГОТАХ ПАВОДЛЕ АСП.— Кангрэс ухваляе пастанову Ўраду Злучаных Штатаў адмовіць Беларусі ў падаткавых льготах на падставе часткі V Закону аб гандлі 1974 году (Абагульненая Сыстэма Спрыяньня).

РАЗЬДЗЕЛ 11. ШМАТБАКОВЫЯ САНКЦЫІ

Кангрэс лічыць, што Прэзыдэнту належыць працягваць спробы каардынацыі зь іншымі краінамі, асабліва краінамі Эўропы, шырокамаштабнай шматбаковай стратэгіі, скіраванай на дасягненьне мэтаў гэтага Акту, у тым ліку пры неабходнасьці заахвочваць іншыя краіны прымаць захады, падобныя да апісаных у гэтым Акце.

РАЗЬДЗЕЛ 12. УЛАСНАСЬЦЬ НА ДЫПЛЯМАТЫЧНУЮ І КОНСУЛЬСКУЮ МАЁМАСЬЦЬ І ЯЕ ВЫКАРЫСТАНЬНЕ

Кангрэс лічыць, што калі недэмакратычны і нелегітымны Ўрад Беларусі ўступіць у саюз з Расейскай Фэдэрацыяй, што прывядзе да страты сувэрэнітэту Беларусі, Злучаныя Штаты неадкладна пазбавяць усіх прывілеяў і імунітэту, прадугледжаных Венскай канвэнцыяй аб дыпляматычных дачыненьнях, пэрсанал і маёмасьць Ураду Беларусі і запатрабуюць неадкладнага выезду гэтага пэрсаналу са Злучаных Штатаў.

РАЗЬДЗЕЛ 13. СПРАВАЗДАЧНАСЬЦЬ

(а) АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭНЬНІ.— Не пазьней, чым праз 90 дзён пасьля ўступленьня ў дзеяньне гэтага Акту, і кожны год пасьля гэтага Прэзыдэнт будзе падаваць справаздачу адпаведным камітэтам Кангрэсу наконт—
(1) дапамогі і тавараў, атрыманых Беларусьсю ад іншых замежных краінаў за папярэдні 12-месячны пэрыяд;
(2) продажу Беларусьсю зброі і зьвязаных са зброяй тэхналёгіяў за гэты 12-месячны пэрыяд;
(3) дачыненьняў паміж рэжымам Лукашэнкі і Ўрадам Расейскай Фэдэрацыі; і
(4) асабістых актываў і маёмасьці Аляксандра Лукашэнкі ды іншых высокапастаўленых кіраўнікоў Ураду Беларусі.
(b) ЭЛЕМЭНТЫ СПРАВАЗДАЧЫ.— Кожная справаздача, згаданая ў падразьдзеле (а), будзе зьмяшчаць гэткія элемэнты, у залежнасьці ад аб’ёму вядомай інфармацыі за справаздачны пэрыяд—
(1) апісаньне ўсёй дапамогі, у тым ліку гуманітарнай, перададзенай Ураду Беларусі замежнымі ўрадамі і міжнароднымі ўстановамі;
(2) апісаньне гандлю Беларусі з замежнымі краінамі, у тым ліку пералік галоўных гандлёвых партнэраў Беларусі і аб’ём гэткага гандлю;
(3) апісаньне закончаных або выконваных супольных праектаў замежных грамадзянаў, зьвязаных з аб’ектамі ў Беларусі; і
(4) пералік краінаў, якія закупляюць або закупілі ў Беларусі зброю або боепрыпасы, або ўступілі з Урадам Беларусі ў пагадненьні ваеннага характару, у тым ліку—
(А) апісаньне ваенных прыпасаў, абсталяваньня або іншых матэрыяльных сродкаў, прададзеных, перададзеных як бартэр або абмененых паміж Беларусьсю і гэткімі краінамі; і
(B) сьпіс тавараў, паслугаў, крэдытаў або іншых відаў кампэнсацыі, атрыманых Урадам Беларусі ўзамен за ваенныя прыпасы, абсталяваньне або матэрыяльныя сродкі.

РАЗЬДЗЕЛ 14. ПАЗЫЦЫЯ КАНГРЭСУ

Гэтым самым Кангрэс—
(1) выказвае сваю падтрымку тым людзям у Беларусі, хто імкнецца—
(А) спрыяць пашырэньню дэмакратыі і прынцыпаў прававой дзяржавы, умацоўваць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі; і
(B) спрыяць яе інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць дэмакратычных дзяржаваў;
(2) выказвае сур’ёзную занепакоенасьць зьнікненьнем Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадзкага ды іншых дзеячоў апазыцыі і журналістаў;
(3) заклікае рэжым Лукашэнкі спыніць перасьлед палітычных апанэнтаў і вызваліць тых, хто, як Андрэй Клімаў, быў зьняволены за супраціў рэжыму;
(4) заклікае рэжым Лукашэнкі паважаць фундамэнтальныя свабоды слова, выказваньня, сходаў, асацыяцыяў, мовы і рэлігіі;
(5) заклікае рэжым Лукашэнкі дазволіць правядзеньне парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, якія б былі свабодныя і справядлівыя і поўнасьцю адпавядалі б міжнародным стандартам;
(6) заклікае Урад Расеі, Дзяржаўную Думу і Савет Фэдэрацыі спыніць падтрымку, у тым ліку фінансавую, рэжыму Лукашэнкі і ў поўнай меры паважаць сувэрэнітэт і незалежнасьць Рэспублікі Беларусь;
(7) заклікае Ўрад Беларусі вырашыць працяглы канстытуцыйны і палітычны крызыс шляхам правядзеньня свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў пры выкананьні гэткіх патрабаваньняў Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), сябрам якой зьяўляецца Беларусь—
(А) забясьпечыць захаваньне правоў чалавека;
(B) пакласьці канец цяперашняй атмасфэры страху;
(C) даць апазыцыі неабходны доступ да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі;
(D) зьмяніць выбарчае заканадаўства, зрабіўшы яго больш дэмакратычным;
(Е) распачаць сапраўдныя перамовы з апазыцыяй;
(F) надзяліць парлямэнт рэальнай уладай.
(8) заклікае іншыя ўрады адмовіцца ўжываць у якасьці дыпляматычных рэзыдэнцыяў або дзеля любых іншых мэтаў памяшканьні, забраныя рэжымам Лукашэнкі ў беларускай палітычнай апазыцыі;
(9) заклікае міжнародную супольнасьць, у тым ліку Ўрад Расеі, адмовіцца ратыфікаваць або прызнаваць любыя дамовы, падпісаныя Аляксандрам Лукашэнкам або любым імшым службоўцам ягонага ўраду.
(10) высока ацэньвае дэмакратычную апазыцыю Беларусі за яе адданасьць свабодзе, за адвагу перад жорсткімі рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі і за еднасьць і супрацоўніцтва розных палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў, выяўленыя падчас парлямэнцкіх выбараў 2000 году і прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, і заклікае дэмакратычную апазыцыю Беларусі захоўваць надалей гэтую еднасьць і супрацоўніцтва ў намаганьні пакласьці канец Лукашэнкавай дыктатуры.

РАЗЬДЗЕЛ 15. ВЫЗНАЧЭНЬНІ

У гэтым Акце:
(1) НАЙВЫШЭЙШАЕ КІРАЎНІЦТВА БЕЛАРУСІ.— У тэрмін «найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі» уключаюцца—
(А) прэзыдэнт Беларусі, прэм’ер-міністар, віцэ-прэм’еры, міністры ўраду і віцэ-міністры;
(B) старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі;
(C) службоўцы Камітэту Дзяржаўнай Бясьпекі Беларусі, міліцыі і любых іншых рэпрэсіўных ворганаў;
(D) любыя службоўцы Ўраду Беларусі, якія маюць дачыненьне да здушэньня свабоды ў Беларусі, у тым ліку судзьдзі і пракуроры;
(E) любыя службоўцы Ўраду Беларусі, непасрэдна прызначаныя Аляксандрам Лукашэнкам; і
(F) службоўцы прэзыдэнцкай адміністрацыі.
(2) ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ.— Тэрмін «Злучаныя Штаты» азначае штаты Злучаных Штатаў, акругу Калюмбія і ўсе іншыя садружнасьці, залежныя тэрыторыі і валоданьні Злучаных Штатаў.
(3) АСОБА ЗЛУЧАНЫХ ШТАТАЎ.— Тэрмін «асоба Злучаных Штатаў» азначае ўсіх рэзыдэнтаў або грамадзянаў Злучаных Штатаў (апрача паасобных рэзыдэнтаў за межамі Злучаных Штатаў, нанятых на працу некім іншым апрача асобаў Злучаных Штатаў), усе мясцовыя фірмы (у тым ліку ўсе замежныя фірмы, што стала дзейнічаюць у Злучаных Штатах) і ўсе замежныя даччыныя фірмы або філіялы (у тым ліку тыя, што стала дзейнічаюць за мяжою) усіх мясцовых фірмаў, якія фактычна кантралююцца такімі мясцовымі фірмамі, у адпаведнасьці з распараджэньнямі Прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG