Удзельнікі шэсьця на Курапаты, арганізаванага актывістамі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, пачалі зьбірацца сёньня аб 11-й гадзіне раніцы недалёка ад прахадной Менскага гадзіньнікавага заводу. У асноўным гэта былі прадстаўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай і проста Партыі БНФ, Маладога Фронту, руху"Зубр", Партыі Свабоды, "Мартыралёгу Беларусі", былі й проста жыхары сталіцы.
Адзін з арганізатараў акцыі, намесьнік страшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў так патлумачыў, чаму шэсьце й мітынг з нагоды Дзядоў адбываюцца менавіта сёньня:
(Папкоў: ) "Сёньня апошняя нядзеля кастрычніка, Дзяды адзначаюцца ў канцы кастрычніка, і сёньня вельмі важна, каб Дзяды адбыліся да таго, як улады пачнуць работы па пашырэньні дарогі праз Курапаты. Гэта вельмі важна, каб абараніць Курапаты — гэтае сьвятое месца для беларусаў. Каб прымусіць правесьці дарогу па за Курапатамі. А гэтае сьвятое месца павінна быць намі ўшанаванае й ўладкаванае на доўгую памяць для нашых будучых нашчадкаў".
Тым часам удзельнікі шэсьця пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й транспарантамі з надпісамі "Дзяды", "Абаронім Курапаты!", "Ушануйма ахвяраў Курапатаў!" ды іншымі сталі ў калёну й рушылі па праспэкце Скарыны ў бок мэмарыялу. Наперадзе калёны, людзі несьлі звон і сьпявалі беларускія песьні.
Удзельнікі акцыі несьлі больш за 20 крыжоў, каб усталяваць іх на магілах расстраляных. Такім чынам людзі хацелі ўшанаваць памяць і сваіх расстраляных продкаў. Гаворыць Алесь Блізьнюк з Радашкавічаў:
(Блізьнюк: ) "У мяне ў Курапатах пахаваны, па зьвестках сваякоў, стрыечны дзед. У 1937 годзе яны жылі ў Ігумене (цяпер, здаецца, называецца Чэрвень), і прыйшлі да яго энкавэдысты, забралі, і ён зьнік. І толькі ў 1957 годзе прыйшлі дакумэнты, зь якіх вынікала, што ён пахаваны недзе ва ўрочышчы Курапаты".
А вось як патлумачыла свой удзел ва ўшанаваньні продкаў 15-гадовая вучаніца адной зь менскіх школаў Марыя Еліна:
(Еліна: ) "Я бяру ўдзел у гэтай акцыі, бо мы павінны стаяць за сваю Радзіму. Некаторыя людзі думаюць, што гэта ня важна, што гэта ня іхная будучыня, але трэба ўсё ж стаяць за яе".
А вось меркаваньне былой зьняволенай сталінскіх лягероў Надзеі Дземідовіч:
(Дземідовіч: ) "Тут загінулі нашы беларусы. Сярод іх мог бы быць і мой бацька. Але, на шчасьце, ён сядзеў у слонімскім астрозе, і там гараджане гэты астрог вызвалілі, ён ня трапіў у Курапаты. Мог бы й трапіць, калі б яшчэ пару дзён праіснавала савецкая ўлада, але Бог даў, што яе забралі.
Я вельмі многа перацярпела, была ў лягеры. Там нас зьнішчалі, гэта ў Казахстане, у Кінгіры, і я паклялася, што колькі буду жыць — буду памятаць іх увесь час. І сёньня я буду іх памінаць і за іх Богу маліцца".
Сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч, які йшоў наперадзе калёны, сказаў, што асьвеціць усе крыжы, што ўсталявалі на магілах расстраляных, і будзе маліцца за іхныя душы.
За тры гадзіны ўдзельнікі шэсьця прайшлі 10 кілямэтраў. Увесь час іх суправаджала некалькі міліцыянтаў, але паколькі акцыя была дазволеная ўладамі, яны не перашкаджалі ўдзельнікам.