Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ САПРАЎДЫ АМЭРЫКУ АХАПІЛА ПАНІКА З НАГОДЫ ЗАХВОРВАНЬНЯЎ НА СІБІРСКУЮ ЯЗВУ НЕКАЛЬКІХ ЧАЛАВЕК?


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, першае пытаньне – адносна канвэрту са спорамі сібірскай язвы, які быў дастаўлены ў офіс лідэра дэмакратычнай большасьці ў СэнацеТома Дэшлі. Ці ёсьць якая-небудзь інфармацыя пра стан здароўя самога сэнатара, супрацоўнікаў ягонага офісу?”

(Навумчык: ) “Алена, ніякіх паведамленьняў пра тое, што сам сэнатар ці ягоныя падначаленыя захварэлі, пакуль няма. Паведамляецца толькі, што больш як сорак супрацоўнікаў офісу прайшлі тэсты, але іх вынікі будуць вядомыя пазьней”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, мы атрымалі паведамленьне і пра захворваньне сямімесячнага дзіцяці ў Нью-Ёрку, сына супрацоўніка Эй-Бі-Сі. Якое тлумачэньне даюць гэтаму здарэньню?”

(Навумчык: ) “Дзіця атрымала вірус 28 верасьня, калі яго прынесьлі бацькі ў студыю, і ён поўзаў па карпеце. У яго скураная форма атрыманьня вірусу, дзякуй Богу, якая вылечваецца антыбіётыкамі. Ніхто з супрацоўнікаў тэлекампаніі не інфікаваны. Супрацоўнікі кампаніі былі часова эвакуяваныя, у офісе зробленая праверка”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, выглядае, што ў большасьці выпадкаў канал інфікаваньня – паштовыя лісты. Ці не адчуваецца ў сувязі з гэтым панічных настрояў у амэрыканцаў?”

(Навумчык: ) “Алена, я найперш хацеў бы абвергнуць інфармацыю некаторых маскоўскіх тэлеканалаў, што Амэрыку ахапіла паніка. Панічныя настроі – гэта калі людзі губляюць розум, робяць нелягічныя ўчынкі, часам нават самазабойчыя, кіруюцца інстытктам самазахаваньня там, дзе трэба кіравацца лёгікай. Нічога падобнага тут няма. Ва ўсялякім разе, як разносілі паштальёны пошту, так і разносяць, як людзі ліставаліся, так і лістуюцца.

Калі на тое пайшло, дык за апошнія 25 гадоў у ЗША захворваньняў на сібірскую язву было зарэгістравана 16 выпадкаў, а ў Расеі за апошнія дзесяць гадоў – больш за 200.

Натуральна, што ў цяперашняй сытуацыі найбольш рызыкоўная група насельніцтва – гэта паштальёны, якія штодня трымаюць у руках тысячы пакетаў. Але да гэтага часу ніводнага факту атрыманьня вірусу сібірскай язвы супрацоўнікамі пошты не зафіксавана. Праўда, па тэлебачаньні і ў газэтах дадзеныя рэкамэндацыі насельніцтву”.

(Ціхановіч: ) “І ў чым сутнасьць гэтых рэкамэндацыяў?”

(Навумчык: ) “Раюць найперш зьвярнуць увагу на зьнешні выгляд пакету – і з падозраньнем паставіцца да таго, калі на ім няма зваротнага адрасу, калі адсутнічае штамп паштовага аддзяленьня, калі сам пакет нейкай неардынарнай, незвычайнай формы, калі на ім ёсьць надпіс “канфэдэнцыйна” альбо “раскрыць асабіста”. У падазроных выпадках выклікаць паліцыю. Толькі што па нью-ёрскіх тэлеканалях паказалі рэпартаж пра наведваньне паштовага аддзяленьня мэрыі мэрам Нью-Ёрку Джуліяні, дзе ён пад тэлекамэрамі асабіста распячатаў некалькі канвэртаў і заклікаў нью-ёркцаў не баяцца пошты”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG