Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ ДАЮЦЬ АЦЭНКУ АНТЫТЭРАРЫСТЫЧНАЙ АКЦЫІ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня я размаўляў з былымі сьпікерамі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіславам Шушкевічам, Мечыславам Грыбам і лідэрам Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам.

Адразу адзначу, што ў думках маіх суразмоўцаў было шмат агульнага. Напрыклад, усе яны лічаць, што акцыя супраць міжнародных тэрарыстаў ёсьць непазьбежнай справай. Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Акцыя адраснай помсты абсалютна непазьбежная і натуральная. Я думаю, што тыя, хто адчуваюць сябе прыналежнымі да эўрапейска-атлянтычнай цывілізацыі, падтрымліваюць гэтую акцыю".

Апытаныя мной палітыкі адзначалі, што людзі, якія ўчынілі тэрарыстычныя акты, павінны несьці за гэта адказнасьць. Да адказнасьці трэба прыцягваць і тых людзей, якія дапамагалі тэрарыстам зьдзейсьніць злачынствы: арганізацыяй, фінансамі, іншымі сродкамі.

Аднак усіх маіх суразмоўцаў вельмі клапоціць і лёс звычайных жыхароў Афганістану, якія могуць стаць безь віны вінаватымі закладнікамі. Вось што гаворыць з гэтай нагоды Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) "Я супраць таго, каб у выніку пакараньня тэрарыстаў гінулі невінаватыя ні ў чым людзі: будуць яны афганцы ці кітайцы, карэйцы ці беларусы. Калі невінаватыя — яны не павінны быць пакараныя, тым больш пакараныя сьмерцю".

Таму беларускія палітыкі спадзяюцца, што акцыя падрыхтаваная прафэсійна — гэта значыць, што мірнае насельніцтва не павінна пацярпець. А з гледзішча таго, што нейкія ахвяры ўсё ж будуць, дык дай Бог, каб у шматпакутным Афганістане іх было як найменш.

У сувязі з гэтым Станіслаў Шушкевіч лічыць, што бамбаваньні ня будуць займаць шмат месца ў антытэрарыстычнай апэрацыі.

(Шушкевіч: ) "Я спадзяюся, што гэты этап будзе хутка пройдзены і настане этап перамоваў, дзякуючы якім можна будзе дасягнуць лепшага парадкаваньня ў сьвеце".

А як зьмяненьне міжнароднай сытуацыі можа закрануць непасрэдна Беларусь? Вінцук Вячорка робіць наступны прагноз:

(Вячорка: ) "Ёсьць пэўнае адсоўваньне беларускага пытаньня, беларускай пасьлявыбарчай сытуацыі і ацэнкі выбараў на другі плян. Зрэшты, гэта зразумела. Ёсьць пэўная небясьпека прыплюшчваньня вачэй на імпэрскія памкненьні Расеі адносна Беларусі, дзеля таго, што Расея вызначылася як саюзьнік заходняга сьвету, эўраатлянтычнага сьвету ў гэтым канфлікце".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG