Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЕТЛАГОРСКІЯ ЛІЦЭІСТЫ З БАЦЬКАМІ ПІКЕТАВАЛІ СЁНЬНЯ БУДЫНАК ГАРВЫКАНКАМУ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

На пляц да гарвыканкаму выйшлі ўсе ліцэісты, многія бацькі, выкладчыкі. У гэты час кіраўнік ліцэю Тэльман Масьлюкоў меў гутарку са старшынём гарвыканкаму Баляславам Пірштуком. Апошні аднак зь пікетоўцамі не сустракаўся. Спадар Пірштук заняты зараз падрыхтоўкай да сьвяткаваньня 40-годзьдзя гораду.

Зь ліцэістамі і іхнымі бацькамі гутарылі намесьнік старшыні Віктар Зьвягін і загадчыца гарвыканкаму Ганна Філіпповіч. Ім недаспадобы, што пад дахам ліцэю разьвіваецца беларушчына, бываюць замежныя амбасадары, ладзяцца розныя грамадзкія сэмінары.

Непасрэднай жа нагодай да пратэсту стаў загад кіраўніка аддзелу адукацыі гарвыканкаму Галіны Філіповіч пра так званую рэарганізацыю ліцэю. Па сутнасьці гэта звычайнае закрыцьцё ліцэю, бо ў загадзе запісана: "Спыніць фінансаваньне ліцэю як самастойнага структурнага падразьдзяленьня з 17 верасьня 2001 году".

Загадчыца гарадзкога аддзелу адукацыі Галіна Філіповіч распавяла нашаму радыё, што ў яе на дадзены момант няма падставаў фінансаваць ліцэй, бо ў статуце Нацыянальнага ліцэю філіі не прадугледжаныя.

На думку Тэльмана Масьлюкова дзейнасьць ліцэю спыняюць зь іншых прычынаў:

(Масьлюкоў: ) "Я думаю, што адыграла ролю тое, што напярэдадні выбараў, 7 верасьня, у нас у ліцэі прайшла сустрэча зь вядомым беларускім пісьменьнікам Уладзімерам Арловым, творы якога, дарэчы, уключаныя ў школьную праграму па літаратуры. Сустрэча прайшла ў ліцэі, бо ўсе астатнія ўстановы адукацыі адмовіліся даць памяшканьне для правядзеньня такой сустрэчы".

Незалежнасьць кіраўніка ліцэю недаспадобы ні аддзелу адукацыі, ні ягонаму куратару, намесьніку старшыні гарвыканкаму Віктару Зьвягіну. Праўда, прэтэнзіяў да якасьці навучаньня ўлады ня маюць і мець ня могуць. Усе выхаванцы ліцэю мінулых шасьці выпускаў паступілі ў ВНУ, 8% зь іх вучацца за мяжой — у Нямеччыне, Амэрыцы, Індыі. Сёлета з 20 выпускнікоў студэнтамі сталі 17.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG