Датэрміновае галасаваньне, якое многія незалежныя назіральнікі разглядаюць як асноўны мэханізм магчымых фальсыфікацыяў вынікаў выбараў, пакуль ідзе ня надта актыўна. Паводле афіцыйнай інфармацыі ЦВК, у ім узялі ўдзел 5,4% выбарцаў. Найменш актыўна галасуюць у Гомельскай і Гарадзенскай абласьцях — каля 4%, найбольшая колькасьць тых, хто прагаласаваў — у Менскай воласьці — 7,4%.
У Менску, паводле інфармацыі ЦВК, датэрмінова прагаласавалі 6,2% выбарцаў. Старшыня ЦВК па-ранейшаму ня бачыць ніякіх парушэньняў з боку каманды А.Лукашэнкі і яго самога. У гэты панядзелак ЦВК вынесла папярэджаньне Ў.Ганчарыку за бясплатную раздачу незалежных газэтаў з агітацыяй за яго. А вось на тое, што сотні тысячаў асобнікаў спэцвыпуску "Советской Белорусии" бясплатна разьнесла па хатах дзяржаўная пошта, Цэнтарвыбаркам рэагаваць не сьпяшаецца.
Гаворыць Лідзія Ярмошына:
(Ярмошына: ) "Праверка гэтага спэцвыпуску праводзіцца Цэнтрвыбаркамам, пасля праверкі пытаньне будзе разгледжанае на паседжаньні Цэнтральнай камісіі".
Паводле закону, як зазначыла Лідзія Ярмошына, на вывучэньне скаргаў і фактаў парушэньняў ЦВК даецца 10 дзён. Гэта значыць, што іх будуць разглядаць толькі пасьля выбараў. Ці ня будуць увогуле.
Пытаньне аб прадастаўленьні і Ўладзімеру Ганчарыку трохгадзінавага жывога эфіру на дзяржаўным радыё, які меў 4 верасьня Аляксандар Лукашэнка для агітацыі за сябе, ЦВК зьбіраецца разглядаць толькі 8 верасьня — калі што-небудзь зьмяніць будзе ўжо немагчыма.
Вось якім чынам Лідзія Ярмошына аргумэнтавала магчымасьць дадатковага, як і ў Лукашэнкі, апублікаваньня праграмаў апазыцыйных кандыдатаў у дзяржаўнай прэсе:
(Ярмошына: ) "Ну, я прымушу "Советскую Белоруссию" выпусьціць праграмы кандыдатаў нейкім вялікім накладам яшчэ дадаткова — пасьля таго, як газэты "Народная воля", "Беларускі час", "День", "Свободные новості" апублікуюць такім жа накладам і распаўсюдзяць праграму кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі".
Спадарыня Ярмошына прызнала, што апытаньне выбарцаў на выхадзе з участкаў, так званы "exit poll", не забароненае выбарчым законам.