Новая кніга “Сакрэтны сталінскі пагром” раскрывае поўную і жахлівую гісторыю Габрэйскага Анты-фашыстоўскага Камітэту, створанага з ухвалы Сталіна ў часе Другой Усясьветнай вайны з мэтай падтрымкі на Захадзе савецкага процістаяньня фашызму.
Ад пачатку 1948 году 15 галоўных сяброў Камітэту былі арыштаваныя і зьвінавачаныя ў розных злачынствах. У адрозьненьні ад ахвяраў судоў 30-ых, некаторыя зь іх энэргічна абараняліся аж пакуль не паўсталі перад сакрэтным трыбуналам у 1952 годзе. 14 з гэтых 15 былі пакараныя сьмерцяй у падвалах маскоўскай турмы на Лубянцы.
Новая кніга – апошні выбітны даробак у выдатны летапіс камунізму, які выдаецца Ельскім унівэрсытэтам – на 527 ілюстраваных старонках падае як стэнаграмы допытаў і справаздачы пра катаваньні так і некаторыя спэкуляцыі на тэму жаданьня Сталіна бачыць сяброў камітэту мёртвымі.
Расшыфроўку стэнаграмаў зрабіла Лаўра Эстэр Вольфсан, а анатацыі напісаў дырэктар паўночна-ўсходняга аддзелу праваабарончай арганізацыі Міжнародная Амністыя Джошуа Рубэнштэйн. Пра кожную з 15 ахвяраў ён напісаў біяграфічныя замалёўкі, дзе паказаў чаго дасягнулі гэтыя людзі да арышту, а таксама расказаў пра іхны ўдзел ва ўласным перасьледзе і ў супраціве гэтаму.
У выніку сухі дакумэнт, бяскроўны даслоўны тэкст, ператвараецца ў трагічны агляд.
Прыкладам можа быць габрэйскі паэт Маркіш Пэрац, які быў своеасаблівым мастом паміж старым сьветам гэбрайскага мястэчка і касмапалітычным пэрыядам, які на нейкі час абвесьціла бальшавіцкая рэвалюцыя.
Народжаны ва Ўкраіне Маркіш Пэрац быў яркай асобай. Яго почасту бурна віталі ў габрэйскіх культурных колах – піша Рубэнштэйн. Цяжка сабе ўявіць, але ў 20 гадох былі габрэі, якія лічылі, што ў Савецкім Саюзе іхнае жыцьцё будзе квітнець так, як гэтага не было ніколі раней, з чым Пэрац, дарэчы, нейкі час не пагаджаўся.
Пэрац зганіў пісьменьнікаў, якіх судзілі ў часе паказальных працэсаў у 30-я гады. Калі ж у 1952 годзе надышла чарга Пэрца паўстаць перад судом, ён не прызнаў сябе вінаватым і (як паказвае расшыфроўка стэнаграмы) пастараўся апраўдацца, зьвінаваціўшы свайго ж арыштаванага сябра. Можна толькі здагадвацца, што адбывалася ў ягонай галаве, але выглядае, што Пэрац – чалавек вялікага інтэлекту і маральнай слабасьці – быў стэрарызаваны сталінскімі сьледчымі
Суд і пакараньне 15 сяброў антыфашыстоўскага камітэту былі патаемнымі. Нават пасьля сьмерці Сталіна – піша рэдактар расейскай вэрсыі гэтага выданьня Ўладзімір Навумаў – іхная рэабілітацыя ў 1955 годзе была засакрэчаная. Лічылася, што 24 габрэйскія пісьменьнікі былі патаемна зьнішчаныя вясной і летам 1952 году.
Раскрытыя дакумэнты паказваюць, што іх было толькі 15: пяцёра – пісьменьнікі, іншыя – вучоныя, лекары і адзін Савецкі бюракрат Шымон Лазоўскі, які быў прадстаўніком міністра замежных справаў у часе вайны.
14 былі расстраляныя на Лубянцы і толькі біяхімік Ліна Штэрн атрымала тэрмін у вязьніцы. Чаму іх перасьледвалі? На гэтае пытаньне Рубінштэйн дае выразны гістарычна абгрунтаваны адказ. Сакрэт хаваецца ў авантурыстычнай лёгіцы дыктатуры Сталіна. Антыфашыстоўскі камітэт абнародваў зьвесткі пра катаваньні габрэяў нацыстамі ў часе вайны, а таксама гаварыў пра габрэйскія ідэалы. Гэта пасавала ваеннаму часу, але пасьля вайны было абвешчана буржуазным нацыяналізмам, што зьяўлялася тоесным здрадзе Савецкаму Саюзу.
Пра ўсё гэта ёсьць у кнізе... Мы бачым працу судзьдзяў і паводзіны падсудных, якія абвінавачваюць адно аднаго.
Лазоўскі – адзін з тых, хто найбольш энэргічна і гойстра супраціўляўся, выглядае кемлівым і сьмелым у кожнай сытуацыі. Ягоныя доказы лягічна падкрэсьліваюць ідэю, што дзейнасьць Камітэту была ўхваленая Цэнтральным камітэтам партыі і калі ён (Лазоўскі) абвінавачваецца ў нацыяналізме, то ў нацыяналізме вінаваты і партыйны ЦК.
Лазоўскі быў старым рэвалюцыянэрам. Ён ведаў і Леніна і Сталіна. Сябра Камуністычнай партыі зь 1905 году ён быў двойчы выгнаны з бальшавіцкіх шэрагаў за нязначныя ідэалягічныя парушэньні. Як прадстаўнік міністра замежных справаў у часе Другой Усясьветнай вайны, Лазоўскі вывучыў ангельскую мову і даваў прэсавыя канфэрэнцыі журналістам Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі.
Нягледзячы на ягоныя веды і досьвед, ён, здаецца, уражаны тым, што апынуўся на допытах. Можна не сумнявацца, што яшчэ больш ён быў уражаны, калі, нягледзячы на скасаваньне часткі абвінавачаньняў, як недаказаных, ён, тым ня менш, быў асуджаны на сьмерць і расстраляны. Такая сытуацыя была ў Савецкім Саюзе ў тыя часы і гэтая кніга – выдатны спосаб паказаць як гэта было.