Менавіта на гэтым полі ў 1941 годзе вайскоўцы нейкі час трымалі абарону Магілёва. Для ўшанаваньня іхнай памяці й стварылі мэмарыял, які пасьля ні разу не абнаўлялі. Сярод ваеннай тэхнікі стаяў і нямецкі танк Т-3, за які ў музэях Нямеччыны даюць каля 1 мільёна амэрыканскіх даляраў.
Невядомыя пад'ехалі да мэмарыялу, затым чалвек у форме бронетанкавых войскаў прад'явіў вартаўніку ліст з подпісам старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Міхаіла Краснова. У лісьце пісалася, што танк патрэбны для здымак мастацкага фільму пра падзеі Другой усясьветнай вайны. Вартаўнік дазволіў вывезьці танк за межы мэмарыялу.
Члены вайскова-патрыячтычнага клюбу "Пошук" выказалі занепакоенасьць і патэлефанавалі ў магілёўскі гарвыканкам. Там жа паведамілі, што Міхаіл Красноў такога распараджэньня не даваў.
Празь нейкі час міліцыянты пачалі пошукі й знайшлі танк у пэнсіянэра вёскі Ермаловічы Магілёўскага раёну. Той патлумачыў, што добра апранутыя людзі папрасілі патрымаць танк у двары і паабяцалі яшчэ прывезьці верталёты — нібыта для фільму пра абарону Магілёва.
Супрацоўнікі Буйніцкага аддзелу ўнутраных справаў у размове са мной спасылаліся на нядбайнасьць вартаўніка — маўляў, малапісьменны пэнсіянэр ня змог разабрацца ў дакумэнтах. Аднак вартаўнік сьцьвярджае, што ён на ўласныя вочы бачыў пячатку і подпіс. А Міхаіл Красноў не прызнае, што даваў такое распараджэньне.
Супрацоўнікі міліцыі не выключаюць, што кінастудыя "Беларусьфільм" выявіла ініцыятыву зьняць стужку пра Буйніцкае поле. Але тады няясна, чаму супрацоўнікі кінастудыі пакінулі танк у двары невядомага чалавека. На ўсе пытаньні міліцыянты адказваюць традыцыйна: вядзецца сьледзтва.
Адзін супрацоўнік міліцыі (ён не пажадаў назваць сябе) выказаў меркаваньне, што танк зьвезьлі не без дапамогі чынавенства. Ён згадаў пра аб'явы ў Інтэрнэце, паводле якіх падобныя танкі каштуюць каля 1 мільёна даляраў.
Адметна, што спроба зьвесьці танк адбылася праз два тыдні пасьля сьвяткаваньня абароны Магілёва.