Генэральная пракуратура Расеі была вымушаная пачаць гэтае расьсьледаваньне ў сувязі з неспадзявана ваяўнічай пазыцыяй прарасейскага лідэра Чачэніі Ахмада Кадырава, які назваў дзеяньні расейскага войска крымінальнымі.
Амэрыканская газэта Washington Post у сваім камэнтары зьвяртае ўвагу на факт, што дасюль Кадыраў займаў вельмі некрытычную пазыцыю ў дачыненьні да характару вайсковых апэрацыяў расейскай арміі. Цяпер жа ён назваў гэтыя дзеяньні “абуральнымі”.
“Мірных жыхароў фізычна паніжалі, абражалі і рабавалі,” – заявіў Кадыраў журналістам у Грозным. – Ня быў затрыманы ніводзін бандыт, ня быў канфіскаваны ніводзін “ствол”, не было знойдзена ніякіх выбуховых рэчываў”. Паводле словаў Кадырава, у Сернаводску і Асінаўскай было зьдзейсьненае “шырокамаштабнае злачынства супраць мірнага насельніцтва”.
Кадыраў абвінаваціў расейскіх жаўнераў у крадзяжы грошай у мясцовай школе і шпіталі. Грошы гэтыя былі падрыхтаваныя для выплаты заробкаў мясцовым настаўнікам і лекарам.
Затрыманых мужчынаў і юнакоў расейскія жаўнеры катавалі электрычным токам, цкавалі іх сабакамі. У іх забіралі грошы ды іншыя каштоўнасьці. Тысячы людзей у паніцы ўцяклі ў суседнюю Інгушэтыю.
Мэра Сернаводска Ваху Арсамакава і кіраўніка раённай адміністрацыі Хізіра Вітаева на 10 гадзінаў зачынілі ў іх кабінэтах. Былі арыштаваныя і жорстка зьбітыя абодва сыны Арсамакава 14- і 18-гадовага ўзросту. Жаўнеры часова раззброілі і затрымалі ўсіх мясцовых міліцыянтаў.
Былі канфіскаваныя дызельныя рухавікі, водныя помпы, будаўнічыя матэрыялы, электроннае абсталяваньне. Жаўнеры патрабавалі ад мясцовых жыхароў выкуп за тое, каб не былі канфіскаваныя іх прыватныя аўтамабілі. Выкуп патрабавалі і за вызваленьне затрыманых сваякоў.
На знак пратэсту супраць гэтых актаў гвалту мэры Сернаводска і Асінаўскай падалі ў адстаўку, аднак Кадыраў папрасіў іх пакуль што надалей выконваць іх абавязкі.
Кадыраў таксама выступіў з пагрозай, што калі сьледзтва ў гэтай справе ня будзе арганізавана справядліва, ён накіруецца непасрэдна да прэзыдэнта Расеі, каб паінфармаваць яго аб тым, што “зачысткі” у Чачэніі праводзяцца не супраць чачэнскіх сэпаратыстаў, а супраць мірнага насельніцтва.
Кадыраў ужо зьвярнуўся са скаргай на дзеяньні расейскіх жаўнераў да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандра Валошына.
Міжнародныя прааабрончыя арганізацыі адзначаюць рост злачынстваў у Чачэніі з боку расейскай арміі. Колькасьць злачынстваў падчас правядзеньня апошніх апэрацыяў расейскай арміі выклікае гыбокую заклапочанасьць, падкрэсьліў прадстаўнік міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.
Адзначым, што міністар унутраных справаў Расеі Барыс Грызлоў у адказ на абвінавачаньні з боку Кадырава заявіў, што падчас правядзеньня спэцыяльных апэрацыяў захоўваюцца ўсе прававыя нормы. Ён падкрэсьліў, што падобныя сродкі вельмі жорсткія, але неабходныя.