Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА: СЕЛЯЗЬНЁЎ ДАПАМОГ ВЯРХОЎНАМУ САВЕТУ


Ул. інф.

Як вядома, у Парыж выехала дэлегацыя Вярхоўнага Савету і два дэлегаты “палаты прадстаўнікоў”. У іх прысутнасьці Мандатная камісія заслухала сябра адмысловай групы па Беларусі Ўрбана Аліна і кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Ганса Георга Віка. Рашэньне камісіі было абнародаванае сёньня на паседжаньні Пастаяннага камітэту ПА АБСЭ.

На сувязі ў Парыжы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Спадар Селязьнёў (ня ведаю, зь якіх матываў), фактычна, ізноў дапамог Вярхоўнаму Савету. Ён з дапамогай дэлегацыяў Малдовы, Кыргізтану і Таджыкістану, заблякаваў прыняцьцё рэзалюцыі, якая юрыдычна замацоўвала статус “пустога крэсла” для Беларусі. Ня буду хаваць, у нас была падрыхтаваная заява дэлегацыяў некалькіх дэмакратычных краінаў, якія б таксама гэта зрабілі, але першым высунуў гэтую ініцыятыву Селязьнёў, і нас гэта вельмі задаволіла. Фактычна, пытаньне аб статусе Беларусі зноў адкладзена ўжо на зімнюю сэсію, што адбудзецца на пачатку наступнага году. І гэта, відаць, самая галоўная падзея для нас сёньня.

Акрамя гэтага сёньня выступалі на пленарным паседжаньні і дзеючы старшыян АБСЭ спадар Джаану. Ён закрануў сытуацыю ў Беларусі, адзначыў, што ёсьць вялікі клопат і занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі, выказаў сваё жаданьне прыехаць у Беларусь, каб абіста ўплываць станоўча на разьвіцьцё падзеяў. І сёньня мы мелі магчымасьц асабіста перадаць дзеючаму старшыні зварот за подпісам патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты і лідэраў палітычных партыяў, у якім гаворыцца як пра сытуацыю ў краіне, так і зробленыя канкрэтныя прапановы. Джаану абяцаў, што ён ня толькі ўважліва вывучыць гэты зварот, але і будзе на яго абавязкова пазытыўная рэакцыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG