Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ: ОРДЭН ЕРЫНУ – ДЛЯ РПЦ ЗАКАНАМЭРНАСЬЦЬ


Любоў Лунёва, Менск

Алексій ІІ узнагародзіў старшыню КГБ за тое, што Ерын "з большай павагай і акуратнасьцю рэалізоўваў волю беларускага ўраду ва ўзмацненьні духоўных асноваў грамадзтва". Некаторыя супрацоўнікі КГБ таксама атрымалі ўзнагароды ад Расейскай праваслаўнай царквы, але рангам ніжэй.

Грамадзтва неадназначна ўспрыняла гэтую падзею. Гісторык Анатоль Сідарэвіч лічыць, што гэта ў традыцыях Расейскай праваслаўнай царквы. Яму слова:

(Сідарэвіч: ) "Тое, што Расейская праваслаўная царква зьвязаная са спэцслужбамі, — ня дзіва. Пра гэта было шмат публікацыяў. Але ў наш час, пасьля 1991 году, пасьля ўсіх гэтых выкрыцьцяў…

Гэта ўжо традыцыя. Корпус жандараў трэцяга аддзяленьня імпэратарскай канцылярыі супрацоўнічаў са Сьвяцейшым сынодам. Яшчэ з указу Пятра I пайшло, што сьвятары павінны выдаваць таямніцу споведзі адпаведным службам імпэрыі.

Гэта ніяк не падыме прэстыжу Расейскай праваслаўнай царквы ні ў вернікаў, ні ў культурных людзей. Я не магу сабе ўявіць, як супрацоўнічае Каталіцкая царква Польшчы з УБ (Ужондам Бесьпячэньства), кардынал Вышыньскі ці кардынал Вайтыла, цяперашні папа. Я не магу ўявіць, як супрацоўнічае Эвангелічна-лютэранская царква са Штазі ў ГДР.

Менавіта гэтыя цэрквы і былі апораю супраціву таталітарызму. Не было б ні "Салідарнасьці", ні дэмакратычных рэвалюцыяў у Чэхіі, у Вугоршчыне, у ГДР, калі б каталіцкая ці эвангелічная царква супрацоўнічала з адпаведнымі органамі.

Паглядзіце, нават праваслаўная царква ў Сэрбіі адыграла важную ролю ў зьвяржэньні Мілошавіча. Ну, а Расейская праваслаўная царква? Сьвяцейшы сынод, трэцяе аддзяленьне і корпус жандараў".

Павал Знавец, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня выказаў такое меркаваньне:

(Знавец: ) "Канечне, прыкра, што патрыярх праваслаўнай царквы ўручае ордэн чалавеку, які зьяўляецца кіраўніком спэцслужбаў у Беларусі — у нармальнага чалавека проста не ўкладваецца ў галаве. Гэта не дадае аўтарытэту Расейскай праваслаўнай царкве ў Беларусі. Безумоўна, гэта выклікае абурэньне, асабліва ў маладых праваслаўных беларусаў. Магчыма, яны пойдуць у аўтакефальную праваслаўную царкву".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG