Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАМАНА КАВАЛЬЧУКА ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ НЕВЯДОМЫЯ АСОБЫ


Любоў Лунёва, Менск

Раман Кавальчук ужо тыдзень вымушаны хавацца. Галоўным напрамкам ягонай дзейнасьці ў арганізацыі БНФ "Адраджэньне" ёсьць стасункі з замежжам.

Тыдзень таму невядомыя ў цывільным на дзьвюх машынах з танаваным шклом прыехалі да дома Рамана Кавальчука. Яны падышлі да моладзі ля ганка і папрасілі даць зьвесткі пра месца знаходжаньня Рамана. Гэтыя людзі нават прапанавалі хлопцам па 20 амэрыканскіх даляраў, калі тыя будуць даваць інфармацыю. Супрацоўнічаць ніхто не пагадзіўся, наадварот, Рамана папярэдзілі, каб ён схаваўся.

Пасьля гэтага ў намесьніка Кавальчука, адказнага сакратара Кастуся Дацькова, невядомыя абрабавалі кватэру. Рабаўнікі не зацікавіліся грашыма, але вынесьлі з хаты архіў арганізацыі з адрасамі сябраў, ліставаньне з амбасадамі і АБСЭ, кампутар з базай зьвестак і два тэлевізары. Сьледчыя крымінальнага вышуку кажуць, што такога рабаўніцтва яшчэ ня бачылі.

Раман Кавальчук вымушаны жыць у свайго сябра. Ён паведаміў Радыё Свабода:

(Кавальчук: ) "У нас ёсьць такое меркаваньне, што і гэтыя выпадкі, і зь сябрам Гельсынскага камітэту — запалохваньне з мэтай вывесьці з палітычнай кампаніі ў падтрымку тых ці іншых дэмакратычных кандыдатаў, ключавых асобаў, каб пазбавіць арганізацыі апэратыўнага кіраваньня.

Усё гэта праводзіцца пасьлядоўна, і не мінае двух-трох дзён, каб не адбылося нейкіх здарэньняў з прадстаўнікамі розных дэмакратычных арганізацыяў.

Мы пакуль што ставімся да сытуацыі вельмі спакойна, бо пакуль няма позваў у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі альбо ў пракуратуру, то гэта папросту псыхалягічны ўціск. Калі ўлады спадзяюцца такім чынам вывесьці з палітычнай кампаніі лідэраў дэмакратычных арганізацыяў — яны жорстка памыляюцца".

Раман Кавальчук дадаў, што калі за ім будуць надалей сачыць, ён зьвернецца ў пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG