Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІКАЎ АКЦЫЯЎ МАЛАДОГА ФРОНТУ ВЫКЛЮЧАЮЦЬ УЖО І З СЯРЭДНІХ ШКОЛАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Адміністрацыя 86-й менскай школы выключыла актывіста Маладога Фронту — дзесяціклясьніка Дзяніса Мархатка. Гэта адбылося пасьля таго, як супрацоўнікі міліцыі даведаліся, што ён удзельнічаў у шэсьці "Апошні паход на Бангалёр". Дырэктар школы спадар Шэндэраў патлумачыў гэта тым, што ў юнака няма менскай прапіскі.

Між тым, у гэтай сярэдняй школе шмат навучэнцаў, бацькі якіх ня маюць у пашпартах жаданага штампа. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец разам зь Дзянісам Мархатком наведалі дырэктара школы. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Я ўжо быў у дырэктара Шэндэрава. Мы зь ім размаўлялі. Дырэктар казаў (а гэта тыповая зьява на сёньняшні дзень), што безь яго тут ня будзе беларускай мовы, што ён тут яе шануе, а такія, як Дзяніс Мархаток толькі замінаюць гэтаму працэсу.

Але, як толькі я выйшаў з кабінэту дырэктара, я ўбачыў на дзьвярах шыльдачку, менавіта ім падпісаную па расейску, і побач расклад, які таксама быў напісаны па-расейску. Увогуле, усе шыльдачкі і аб’явы былі толькі на расейскай мове. Так што гэта проста гульня".

Учора позна ўвечары адміністрацыя інтэрната выселіла вучня ліцэя пры Белдзяржунівэрсытэце Зьмітра Машкова. Нагодай стала налепка "Чарнобыльскі шлях" на дзьвярах пакоя, якую Дзяніс адмовіўся зьняць. Юнака абвінавацілі ў антысанітарыі. Суседу Машкова, сябру Маладога Фронту Сяржуку Васільеву таксама пагражаюць высяленьнем. Паколькі Зьміцер Машкоў зьяўляецца пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, зь ліцэя яго пакуль ня выключылі.

Учора позна ўвечары затрымалі за расклейку ўлётак актывіста Маладога Фронту Івана Тамашэвіча. Нягледзячы на тое, што Іван непаўнагадовы, яго трымалі ў пастарунку да другой гадзіны ночы.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец сьцьвярджае, што рэпрэсіі не паўплываюць на актыўнасьць сяброў арганізацыі.

(Севярынец: ) "Супрацоўнікам міліцыі сапраўды зараз прыйдзецца кожную раніцу займацца гарадзкім альпінізмам. Кожны дзень у Менску зьяўляюцца бел-чырвона-белыя сьцягі на знакавых будынках. Гэта новы этап акцыі "Горад наш".

Будуць зьяўляцца сьцягі. Мы паказваем, дзе зьявяцца сьцягі падчас выбараў. На адміністрацыйных установах, на судах, на выканкамах і зь відам на іх — там зьяўляюцца нацыянальныя палотнішчы. Яны былі на вакзале, ля будынку АБСЭ, на опэрным тэатры, а сёньня каля ваеннага шпіталя. І гэтая хваля будзе працягвацца".

Штодзённая акцыя Маладога Фронту "Горад наш", якая працягнецца да прэзыдэнцкіх выбараў, цяпер ня будзе абмяжоўвацца толькі вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў. Маладафронтаўцы будуць ладзіць пэрформансы і жартоўныя акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG