Дэмакратычная кааліцыя настойвае на прыняцьці такога закону пра супрацоўніцтва з Гааскім трыбуналам, які б рабіў магчымым выдачу трубуналу былога прэзыдэнта ды іншых грамадзянаў Югаславіі, якія абвінавачваюцца ў ваенных злачынствах. Апазыцыйная сацыялістычная партыя, якой раней кіраваў Мілошавіч, выказваецца за такую рэдакцыю закону, паводле якой яе былы лідэр не патрапіў бы ў рукі міжнароднага правасудзьдзя. Супраць выдачы былога прэзыдэнта Міжнароднаму трыбуналу выступае і Сацыялістычная народная партыя Чарнагорыі, якая была філіяй партыі Мілошавіча, а зараз разам з дэмакратамі ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю. Для сэрбскіх дэмакратаў супрацоўніцтва з гэтай партыяй крытычна важнае. Сацыялістычная народная партыя – галоўная палітычная сіла ў Чарнагорыі, якая выступае за захаваньне гэтай рэспублікі ў складзе Югаславіі. Раскол у пытаньні пра лёс былога прэзыдэнта стварае рызыку распаду кааліцыі сэрбскіх дэмакратаў і чарнагорскіх сацыялістаў, што ў сваю чаргу можа ўзмацніць у Чарнагорыі памкненьні да выхаду зь Югаслаўскай фэдэрацыі.
Асноўны аргумэнт сэрбскіх дэмакратаў: супрацоўніцтва з Міжнародным трыбуналам – адна з галоўных умоваў прадастаўленьня Югаславіі крэдытаў з боку заходніх краінаў. У канцы чэрвеня ў Бэльгіі адбудзецца нарада заходніх краінаў, адмыслова прысьвечаная праблеме міжнароднай дапамогі Югаславіі. Калі да гэтага часу закон аб супрацоўніцтве зь Міжнародным трыбуналам ня будзе прыняты, гэта істотна пагоршыць шанцы Бялграду на атрыманьне дапамогі.
Югаслаўскія ўлады, у прыватнасьці прэзыдэнт Каштуніца, адхіляюць варыянт вырашэньня праблемы, прапанаваны сэрбскімі сацыялістамі – правесьці рэфэрэндум па пытаньні, ці выдаваць Мілошавіча ў Гаагу. Прэзыдэнт падкрэсьлівае, што канстытуцыя краіны не прадугледжвае правядзеньня рэфэрэндумаў такога кшталту.
Варта адзначыць, што раней і сам Ваіслаў Каштуніца выступаў супраць выдачы свайго папярэдніка міжнароднаму трыбуналу. Зараз ён дапускае такую магчымасьць, але толькі пры ўмове, каб абвінавачаных адпраўлялі ў Гаагу толькі пасьля разгляду іх справаў адпаведнымі судовымі інстанцыямі Югаславіі.
Нагадаем, што з пачатку красавіка Слабадан Мілошавіч знаходзіцца ў бялградзкай турме па абвінавачаньні ў злоўжываньні ўладай і карупцыі.