Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРАЦЬБА ЗА ПАСАДУ СТАРШЫНІ САЮЗУ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ РАЗГОРНЕЦЦА ПАМІЖ ВОЛЬГАЙ ІПАТАВАЙ І МІКОЛАМ МЯТЛІЦКІМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле арганізатараў зьезду, ён быў скліканы таму, што вось ужо два гады пасьля фактычнага адыходу ад справаў старшыні Ўладзімера Някляева пісьменьніцкі саюз ня мае афіцыйна зацьверджанага кіраўніка. Пісьменьнікам таксама хацелася сустрэцца, каб абмеркаваць, якім павінен быць Саюз у цяперашніх грамадзка-палітычных умовах.

Сёньня ў менскім Доме літаратара сабралася 367 дэлегатаў. (Усяго ж у Саюз пісьменьнікаў цяпер уваходзіць 505 сябраў.) Зьезд сваёй прамовай адкрыў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

(Гілевіч: ) "Ёсьць татальнае панаваньне бесцырымоннай хлусьні на афіцыйным узроўні. Ёсьць зьняверанасьць, разгубленасьць і роспач мільёнаў людзей. Ёсьць палітычны курс на ліквідацыю сувэрэннай дзяржавы. І ёсьць зьяднальная ідэя Бацькаўшчыны і сымбаль "Пагоня", незьлічоная армія моладзі, якая ўжо ніколі ня зьмірыцца з жыцьцём у няволі.

Вось у такі час, у такіх умовах сабраліся мы на свой зьезд".

Спадар Гілевіч заклікаў калегаў-пісьменьнікаў зрабіць усё, каб Беларусь засталася незалежная і стала вольнай краінай.

Пасьля са справаздачным дакладам выступіла выканаўца абавязкаў старшыні Саюзу Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) "Мы жывем у час, калі пісьменьніку прад'яўляецца рахунак за ўсё, што болем апякае душу кожнага сумленнага чалавека. Заслон гэтаму мусіць ставіць дзяржава — зьдзічэньне грамадзтва, занядбаньне роднай мовы, абыякавасьць да нацыянальных сьвятыняў".

Вольга Іпатава таксама казала, што й самі пісьменьнікі ня здолелі абараніць ад уладаў сябе й сваю ўласнасьць ды распрацаваць у гэтых умовах стратэгію разьвіцьця беларускай літаратуры.

За Іпатавай выступіў старшыня рэвізійнай камісіі Саюзу Вячаслаў Стома, які абвінаваціў Уладзімера Някляева ў фінансавых злачынствах і запатрабаваў прыцягнуць старшыню Саюзу пісьменьнікаў да крымінальнай адказнасьці.

Як ні дзіўна, але прысутны на зьезьдзе Някляеў фактычна ніяк не адрэагаваў на гэтыя сур’ёзныя абвінавачаньні, заявіўшы толькі, што ён заклікаў пісьменьнікаў падумаць і зрабіць слушны палітычны крок, вызначыцца ў адносінах да будучых прэзыдэнцкіх выбараў, каб пісьменьнікам потым не было сорамна перад народам.

А вось што сказаў Уладзімер Някляеў у інтэрвію нашаму радыё пасьля свайго выступу:

(Някляеў: ) "Можа скласьціся такая сытуацыя, што Саюз ня пойдзе на тое, каб прыняць нейкі выніковы дакумэнт — ну хоць нейкі. Калі нічога не адбудзецца, то можа я прыдумаю нешта тэхналягічна — але гэта толькі для таго, каб нешта на гэтым зьезьдзе было зроблена".

(Карэспандэнт: ) "Чаму, на Вашую думку, зьезд мусіць прыняць нейкую палітычную рэзалюцыю?"

(Някляеў: ) "Таму што ён перад прэзыдэнцкімі выбарамі, калі вырашаецца лёс краіны".

Свае віншаваньні зьезду даслаў народны пісьменьнік Васіль Быкаў а таксама старшыня “Савету рэспублікі” Яўген Вайтовіч. На зьездзе выступілі прадстаўнікі фінскага й швэдзкага ПЭН-цэнтраў, старшыня ТБМ Алег Трусаў, а таксама віцэ-прэм'ер ураду Міхаіл Дзямчук, міністар культуры Леанід Гуляка і намесьнік міністра адукацыі Генадзь Дылян.

У часе свайго выступу сп. Дылян доўга называў лічбы беларускамоўных школаў і клясаў, заявіў, што няма спэцыялістаў, якія б рыхтавалі мэтодыкі й падручнікі па-беларуску. Гэта выклікала раздражненьне пісьменьнікаў.

Мікалай Чаргінец заклікаў пісьменьнікаў не ўвязвацца ў палітыку, у якой яны, маўляў, нічога не разумеюць, а старшыня Саюзу кампазытараў Ігар Лучанок казаў, што трэба неадкладна прыняць закон пра абарону беларускай мовы.

На пасаду старшыні Саюзу дэлегаты зьезду прапанавалі 10 чалавек. Аднак спадары Законьнікаў, Бураўкін, Далідовіч, Бутэвіч ды іншыя ўзялі самаадвод, а кандыдатуру Анатоля Сыса не зацьвердзіў зьезд.

Асноўная барацьба за пасаду старшыні разгорнецца паміж Вольгай Іпатавай, якую падтрымала большасьць дэлегатаў, і паэтам Міколам Мятліцкім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG