Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ПСУЕ ДАЧЫНЕНЬНІ З КРАІНАМІ СНД


Юры Сьвірко, Менск

Украінскі міністар замежных справаў Анатоль Злэнка запатрабаваў ад афіцыйнага Менску тлумачэньняў наконт забойства 42-гадовага жыхара гораду Хмяльніцкага, якога застрэліла ў панядзелак гомельская міліцыя.

"У выніку перасьледу ўкраінскі грамадзянін з Хмяльніцкага, Анатоль Васільевіч Камісараў, быў сьмяротна паранены. Мы чакаем дакладнай інфармацыі ад беларускага боку наконт таго, што сапраўды здарылася. Украінская амбасада ў Менску даслала ноту", — заявіў кіраўнік дыпляматычнага ведамства Ўкраіны.

Спадар Злэнка дадаў, што паміж Кіевам і ўкраінскай амбасадай у Менску ідуць пастаянныя кансультацыі і справу пра забойства ўкраінца ў Беларусі кантралюе консульскі дэпартамэнт МЗС Украіны.

Вось што паведаміў з гэтай нагоды прэсавы сакратар украінскае амбасады ў Менску Алег Алійнык:

(Алійнык: ) "Мы вывучаем гэтую справу. Нашы консульскія супрацоўнікі працуюць, кантралююць, сочаць за гэтым. Вядома ж, трымаем на асаблівым кантролі. Але камэнтаваць мы ня будзем — зразумейце, гэта досыць такая далікатная справа, мы ня можам умешвацца ў дзеяньні праваахоўчых органаў".

Нагадаю, што Анатоль Камісараў быў забіты ў Ельскім раёне Гомельшчыны пасьля таго, як мясцовая міліцыя арганізавала засаду дзеля затрыманьня тых, хто разьлічыўся фальшывымі далярамі за два рухавікі для тэхнікі. Міліцыя сьцьвярджае, што пяць украінцаў нелегальна перасяклі мяжу ўначы і здавацца засадзе не зьбіраліся. Анатоль Камісараў нібыта кінуўся ў бок капітана міліцыі, а той пачаў страляць з аўтамата. Кажа, што цэліў у ногі, а куля трапіла ў жывот. Украінец загінуў.

Яшчэ адна непрыемная навіна прыйшла з Тбілісі. Міністар унутраных справаў Грузіі Каха Таргамадзэ заявіў, што былы шэф службы бясьпекі Грузіі Ігар Геаргадзэ, якога шукае Інтэрпол праз абвінавачаньні ў арганізацыі замаху на прэзыдэнта Эдуарда Шэварднадзэ ў 1995 годзе, перамяшчаецца паміж Беларусьсю і Сірыяй.

Грузінскі міністар унутраных справаў у часе адкрыцьця рэгіянальнай канфэрэнцыі Інтэрполу ў Тбілісі заявіў, што ў Беларусі спадар Геаргадзэ сустракаўся са сваімі прыхільнікамі, таму ён плянуе абмеркаваць пытаньні вышуку гэтай асобы з праваахоўчымі органамі Беларусі й Сірыі.

"Што да знаходжаньня Ігара Геаргадзэ ў Беларусі, я ня маю такой інфармацыі", — гэтак адказаў на маё пытаньне ў часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў. Ён дадаў, што афіцыйна грузінскі бок такога пытаньня ня ставіў, а ўсе пытаньні могуць вырашацца паводле Канвэнцыі аб праўнай дапамозе краінаў СНД.

Як вядома, афіцыйны Менск адмовіўся ўводзіць візавы рэжым для грамадзянаў Грузіі пасьля таго, як такі рэжым увяла Расея.

Гэта значыць, грамадзянін Грузіі можа па-ранейшаму прыяжджаць у Беларусь бязь візы — напрыклад, мінуючы Расею праз Чорнае мора і Ўкраіну. Вось як тлумачыць разыходжаньні паміж Менскам і Масквой віцэ-прэм'ер Міхаіл Хвастоў: "Мы зацікаўленыя ў тым, каб паміж дзяржавамі СНД усё ж нармальна разьвіваліся эканамічныя адносіны. Увядзеньне візавага рэжыму — гэта пэўнае абмежаваньне эканамічных кантактаў".

Кіраўнік беларускага бюро Інтэрполу Ўладзімер Левітан не пацьвярджае інфармацыю пра знаходжаньне спадара Геаргадзэ ў Беларусі й кажа, што адпаведных запытаў з Тбілісі не было. Спадар Левітан заявіў, што Ігар Геаргадзэ пад сваім сапраўдным прозьвішчам межаў Беларусі не перасякаў, але дадаў, што ў Беларусь шмат грамадзянаў трапляе з фальшывымі пашпартамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG