Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНСКІЯ ЎЛАДЫ РЫХТУЮЦЦА ДА ВЫБАРАЎ - ДАТЭРМІНОВЫХ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

З надзейных крыніцаў карсэпандэнту Свабоды стала вядома, што на вытворчым аб'яднаньні "Азот" усе начальнікі цэхаў павінны скласьці сьпісы сваіх падначаленых і пазначыць, на якіх участках яны галасавалі на апошніх выбарах у "палату прадстаўнікоў".

Такое распараджэньне далі гарадзкія ўлады. На думку супрацоўнікаў "Азоту", гэта робяць дзеля таго, каб на прэзыдэнцкіх выбарах прымусіць як мага больш рабочых прагаласаваць датэрмінова. Таксама гэта дасьць уладам магчымасьць кантраляваць сытуацыю на выбарчых участках ды зьмяняць тую сытуацыю сабе на карысьць.

Са словаў майго інфарматара, аддзел кадраў мае ўсе зьвесткі пра ўсіх працоўных прадпрыемства — яны штогод спраўджваюць свае зьвесткі. Аднак жа наяўнасьць цэхавых сьпісаў дазволіць рабочых прымушаць галасаваць. Падчас выбараў у "палату" іх вазілі з прадпрыемства проста на выбарчыя ўчасткі, каб яны прагаласавалі датэрмінова.

"Азот", між іншым, найбуйное прадпрыемства Горадні. Разам зь сямейнікамі ягоныя прадстаўнікі складаюць каля 10% гараджан.

Перадвыбарчыя сьпісы будуць складаць і на іншых прадпрыемствах — прыкладам, на заводзе "Радыёхваля". Падобныя зьвесткі ёсьць і ў гарадзкой управе БНФ. Са словаў старшыні гарадзенскай управы БНФ Сяргея Мальчыка, улады ўжо маюць сьпісы сябраў тэрытарыяльных выбарчых камісіяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG