Калі ў папярэднія гады Чарнобыльскі шлях праходзіў ад Акадэміі навук да цэнтру Менску, то сёлета адбылося наадварот — дэманстранты ішлі з плошчы Свабоды да Акадэміі навук.
На цяперашняй акцыі зусім не было міліцыі ці спэцназу, нават патрулёў дарожнай аўтаінспэкцыі, якія б дапамагалі бясьпечна арганізаваць рух калёны і транспарту па праспэкце Скарыны. Але інцыдэнтаў падчас шэсьця не адбылося.
Акцыя распачалася з запальваньня сьвечак і малітвы ў памяць ахвяраў Чарнобылю, якую прачытаў айцец Леанід Акаловіч.
Па вуліцах Інтэрнацыянальнай і Купалы дэманстранты дайшлі да праспэкта Францішка Скарыны, дзе не сустрэлі міліцэйскіх сілаў і арганізавана занялі дзьве паласы праезнай часткі.
Наперадзе калёны несьлі чарнобыльскую ікону і звон.
На сёлетні Чарнобыльскі шлях з Расеі прыбылі 7 актывістаў ужо вядомай у нас арганізацыі "Моладзевае антыфашысцкае дзеяньне". Яны несьлі лёзунг "Твой рэжым асуджаны". Прадстаўніца гэтай арганізацыі Юлія Малышава гэтак патлумачыла ягоны сэнс:
(Малышава: ) "У Беларусі хутка выбары, і гэты лёзунг можа стаць праўдай. Мы на гэта шчыра спадзяемся".
Яшчэ адзін замежны госьць — памочнік чэскага сэнатара Пэтр Дымун выступіў на мітынгу ля Акадэміі навук па-беларуску:
(Дымун: ) "Я прывез прывітаньне з Чэскай Рэспублікі, хачу сказаць, што вы сёньня не адні. Таму што калі будзе ў Эўропе Лукашэнка, нашая барацьба ня скончаная, вашая барацьба за дэмакратыю і свабоду — таксама нашы. Мы з вамі! Жыве Эўропа!"
Намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык зазначыў, што ўлады Беларусі за апошнія 7 гадоў адрадзілі ня толькі былую дзяржаўную сыстэму, але й практыку ўтойваньня наступстваў Чарнобылю.
Вячаслаў Сіўчык сказаў:
(Сіўчык: ) "Лукашэнка нясе асабістую адказнасьць перад нашым народам. Таму што трэба было на працягу 10 гадоў падаваць пазовы дзеля грашовай кампэнсацыі ахвярам Чарнобылю. І каму даваць? Маскве. Калі гэты чалавек застанецца пры ўладзе — будзе вельмі кепска. Лукашэнка ўжо ніколі на дэмакратычных выбарах ня стане прэзыдэнтам".
Акадэмік Іван Нікітчанка і лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец таксама заклікалі сёлета дабіцца абраньня новага прэзыдэнта:
(Севярынец: ) "Рэжым Лукашэнкі — гэта такое ж наступства Чарнобыльскай катастрофы, як і лейкемія ў дзяцей, як і мутацыя. Чарнобыль стаў прычынай шматлікіх бед у фізычным пляне. Духовы Чарнобыль паразіў беларусаў яшчэ глыбей. Гэтую пухліну, гэтае наступства Чарнобылю, якое называецца лукашэнкаўскім рэжымам, нам трэба тэрмінова выдаліць, як ракавую пухліну. Гэтую мэтастазу трэба выдаліць з дапамогай хірургічнай апэрацыі — на прэзыдэнцкіх выбарах".
Сакратар Управы БНФ Аляксей Кавалец так расцаніў адмову ўладаў накіраваць сілы правапарадку на гэты Чарнобыльскі шлях:
(Кавалец: ) "Мабыць, яны спадзяваліся, што тут будзе нешта неардынарнае і нас можна будзе абвінаваціць. Але ж мы загадзя рыхтаваліся да гадзіны смутку і да жалобнай акцыі, якая праводзіцца штогод.
Нават тыя акцыі, якія прыводзілі да нейкіх сутыкненьняў, — гэта па іхнай віне было. І зараз, калі іх няма, гэта яшчэ раз паказала, што якраз яны вінаватыя ва ўсіх сутыкненьнях, а ня мы", — сказаў Аляксей Кавалец пасьля заканчэньня Чарнобыльскага шляху, прымеркаванага да 15 угодкаў аварыі на ЧАЭС.