Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДЗЕВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСІ ПАДПІСАЛІ Ў ВІЛЬНІ ДАМОВУ ПРА СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў ЧАСЕ ВЫБАРАЎ


Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня ўдзельнікі апошняй віленскай моладзевай сустрэчы распавялі журналістам пра сваю ініцыятыву.

18 моладзевых задзіночаньняў сфармулявалі ідэю ў чатырох сказах: “Мы, моладзь Беларусі, аб’ядноўваем свае намаганьні дзеля захаваньня незалежнасьці Беларусі. Наша першая мэта — паспрыяць правядзеньню дэмакратычных выбараў у 2001 годзе з актыўным удзелам моладзі. Нашыя прынцыпы — каардынацыя дзеяньняў, узаемадапамога й падтрымка. Мы патрабуем пераменаў!”

Малады Фронт, Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў, культурніцкія й спартовыя зьвязы, што ўжо падпісалі пагадненьне, перадусім маюцца ісьці разам падчас выбарчай кампаніі. Сёньня найважнейшай праблемай для іх зьяўляецца ўплыў на актыўнасьць маладых людзей краіны.

Кожная арганізацыя, што падпісала дамову, будзе імкнуцца ўзьдзейнічаць на блізкі ёй асяродак сваімі мэтадамі. Так, неўзабаве пачне выдавацца адмысловая студэнцкая газэта, якая мае трапіць у рукі кожнаму з 400 тысячаў студэнтаў.

Пра рашучасьць моладзевых зьвязаў сьведчыць і рэзкі тон выступаў іхных кіраўнікоў сёньня. Старшыня Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў Крысьціна Сідун:

(Сідун: ) “Мы лічым, што галасы маладых павінны стаць магутным сола ў хоры маразматыкаў, алькаголікаў, пэнсіянэраў ды эмігрантаў з усходу, якія рэгулярна наведваюць імпрэзы кшталту выбараў, выпіваюць танныя сто грамаў і сыходзяць з пачуцьцём выкананага абавязку. На гэты раз абіраць будуць маладыя, і мы зробім усё, каб дапамагчы моладзі ў гэтым працэсе”.

Удзельнікі сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі перакананыя, што неўзабаве пагадненьне пра супрацоўніцтва падпішуць прадстаўнікі ўсіх 136 моладзевых арганізацыяў, якія існуюць сёньня ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG