Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ ЗАБАРАНІЛІ ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ ШЭСЬЦЕ І МІТЫНГ


Алег Супрунюк, Берасьце

Па дазвол на правядзеньне 26 красавіка шэрагу акцыяў у берасьцейскі гарвыканкам зьвярнулася група мясцовых жыхароў. У сваёй заяўцы яны паведамілі пра намер правесьці на галоўным пляцы гораду мітынг, а пасьля яго заканчэньня – шэсьце ад каталіцкага касьцёлу Ўзьнясеньня Сьвятога Крыжа да праваслаўнага Сьвята-Сімяонаўскага храму. Але ў адказе за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Вячаслава Хафізава паведамляецца, што мясцовая вэртыкаль адмаўляе ў правядзеньні гэтых акцыяў. Такі адказ спадар Хафізаў тлумачыць тым, што плошча Леніна і праспэкт Машэрава, дзе плянавалася ладзіць мітынг і шэсьце, унесеныя ў адмысловы сьпіс месцаў, дзе берасьцейскія ўлады забараняюць правядзеньне падобных мерапрыемстваў.

Адзіным месцам, прыдатным для правядзеньня масавых акцыяў, ізноў названы стадыён “Будаўнік”, што месьціца на ўскраіне гораду. Але аўтары заякі пакуль не зьбіраюцца пагаджацца з прапанаваным уладамі варыянтам, бо лічаць яго зьневажальным. Замест гэтага яны зьбіраюцца выйсьці 26 красавіка на вуліцы Берасьця з запаленымі сьвечкамі, каб правесьці гадзіну смутку.

Аналягічныя акцыі заплянаваныя ў Баранавічах, Кобрыне, Пружанах, Бярозе ды іншых гарадох Берасьцейшчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG