Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭНАТАР ЖАНТОЎСКІ ПРА ВЫСЫЛКУ ЧЭСКАГА ГРАМАДЗЯНІНА ЗЬ БЕЛАРУСІ І НЯ ТОЛЬКІ ПРА ГЭТА


Алена Ціхановіч, Прага

Мабільны тэлефон Міхала Плаўца не адказвае. Удалося даведацца, што ён высылаецца за недатрыманьне ўмоваў знаходжаньня замежных грамадзянаў у Беларусі: Міхал быццам бы жыў не па тым адрасе, па якім быў зарэгістраваны ў міліцыі. Аднак верагоднай прычынай магла стаць кампанія шпіянаманіі і падазронасьці да дзейнасьці згаданай чэскай арганізацыі.

Нагадаем, што “Чалавек у нядолі” мае сваё бюро ў Менску ад красавіка 2000 году. Сваёй мэтай арганізацыя вызначыла падтрымку беларускай дэмакратычнай апазыцыі, недзяржаўных арганізацыяў і незалежных журналістаў. Акрамя Менску, “Чалавек у нядолі” мае таксама сваё прадстаўніцтва ў Чачні. У Празе праз фундацыю “Чалавек ў нядолі” ад 1998 году дзейнічае Беларускі цэнтар.

Інфармацыя пра тое, што Міхал Плавец высланы зь Беларусі, а дзьверы офісу арганізацыі апячатаныя КГБ, ужо дайшла і да чэскага Сэнату. Я зьвязалася па тэлефоне са старшынём сэнацкага камітэту ў замежных справах Міхалам Жантоўскім. Вось яго рэакцыя:

(Жантоўскі: ) “Я гэта ўспрымаю як вельмі нешчасьлівы, непрыяцельскі крок у адносінах да вельмі паважанай чэскай недзяржаўнай арганізацыі, якая вядомая сваёй гуманітарнай дзейнасьцю ў цэлым шэрагу краінаў Эўропы. Мне гэта тым больш непрыемна, што якраз учора я прымаў беларускага амбасадара, які мяне запэўніваў у тым, што Беларусь робіць паступовыя крокі да адкрытасьці, да камунікацыі зь іншымі эўрапейскімі краінамі. Але гэта якраз крок у адваротным накірунку”.

(Карэспандэнт: ) “А якія доказы дэмакратызацыі Беларусі вам прыводзіў амбасадар Бельскі?”

(Жантоўскі: ) “Ніякіх канкрэтных доказаў спадар амбасадар не прывёў. Я таксама не прыняў яго прапанову наконт таго, каб прадстаўнікі Сэнату у якасьці назіральнікаў прысутнічалі на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Мы ня думаем, што гэта будуць дэмакратычныя выбары”.

(Карэспандэнт: ) “Ці азначае Ваша адмова, што Чэская Рэспубліка ўвогуле не пашле ніводнага назіральніка ў Беларусь?”

(Жантоўскі: ) “Я ня ведаю, пашле ці не пашле іх Чэская Рэспубліка. Я гавару толькі ад уласнага імя і ад імя камітэту замежных справаў, абароны і бясьпекі Чэскага Сэнату. Але ўжо падчас тых леташніх парлямэцкіх выбараў мы тлумачылі беларускаму міністру замежных справаў і старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі ў чым недэмакратычнасьць выбарчага закону, у чым яго трэба зьмяніць. Гэтых зьменаў не адбылося, выбары праходзілі такім чынам, што мы іх ня можам прызнаць легітымнымі”.

(Карэспандэнт: ) “Адметна, што ў той час, як беларускія амбасадары за мяжой спрабуюць забясьпечыць прыезд міжнародных назіральнікаў, у краіне ідзе шальмаваньне усялякай міжнароднай падтрымкі беларускага выбарчага працэсу. Так, днямі старшыня беларускага КГБ абвесьціў, што падрыхтоўка ўнутраных назіральнікаў з замежнай дапамогай – гэта вэрбоўка…”

(Жантоўскі: ) “І пра гэта мы гаварылі са спадаром амбасадарам. Гэта бачаньне сьвету, якое адпавядае часам халоднай вайны. Мы так на гасьцей, што прыяжджаюць да нас з-за мяжы, не глядзім. І я гаварыў спадару амбасадару – пакуль Беларусь будзе глядзець на зьнешні сьвет праз такія акуляры, датуль яна застанецца ў небясьпецы міжнароднай ізаляцыі”.

Сказаў Міхал Жантоўскі. Нагадаем, што летась Міхал Жантоўскі разам зь іншым сэнатарам Янам Румлам наведваў Менск. Па-за межамі сваёй афіцыйнай праграмы яны прынялі ўдзел і ў правядзеньні Чарнобыльскага шляху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG