Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД СКОНЧЫЎ ДОПЫТ ПРАФЭСАРА БАНДАЖЭЎСКАГА


Казімер Яноўскі, Гомель

Прафэсар Бандажэўскі адкінуў усе абвінавачаньні. Ён заявіў: "Ні ў якія змовы ні з кім адносна атрыманьня хабару я не ўступаў. Мэтай майго жыцьця было вывучэньне стану здароўя насельніцтва, што пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы".

Юры Бандажэўскі паведаміў суду, што за гады ягонага рэктарства мэдінстытут падрыхтаваў больш як 1 000 лекараў найвышэйшай кваліфікацыі. Створаны быў моцны навуковы патэнцыял для дасьледаваньня наступстваў Чарнобылю.

Пад кіраўніцтвам Бандажэўскага 24 выкладчыкі інстытуту абаранілі кандыдацкія дысэртацыі. Даказалі надзвычай небясьпечнае ўзьдзеяньне нават наймалых дозаў радыёцэзію на арганізм чалавека, найперш на сардэчную цягліцу — міякард. Адсюль і даволі распаўсюджаныя сьмерці сярод маладых.

Паводле ж заявы на судзе прафэсара Бандажэўскага, гэтых дасьледаваньняў ня ўлічвае афіцыйная мэдыцына, хаця распрацаваныя сарбэнты ды мэтодыкі вываду радыёнуклідаў з арганізму.

Назіраецца адваротнае: дзеля паляпшэньня справаздачнасьці пра стан здароўя людзей зьмянілі нават парадак уліку анамаліяў у дзяцей. Міністэрства аховы здароўя ўвяло ліцэнзіі на замеры радыёнуклідаў у арганізме чалавека. Цяпер іх ня можа без дазволу рабіць нават Істытут "БелаРад" пад кіраўніцтвам прафэсара Несьцярэнкі.

Да таго ж зараз у Гомельскім мэдычным інстытуце па сутнасьці згарнулі досьледы ўплыву радыёнуклідаў на органы ды сыстэмы чалавека.

Са словаў Бандажэўскага, сапраўднай прычынай ягонай крымінальнай справы ёсьць жаданьне пэўных структураў паставіць інстытут ды яго асабіста пад кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG