Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭДЭРАЦЫЯ ПАФСАЮЗАЎ: ДОЎГАЕ РАЗЬВІТАНЬНЕ З ДЗЯРЖАВАЙ


Юры Дракахруст, Прага

Позьняй восеньню тоне чалавек. На беразе стаяць мінакі, крычаць, раюцца, але ў ваду ніхто ня лезе – надта ж халодна. Раптам адзін кідаецца ў раку, плыве да тапельца і выцягвае яго на бераг. Усе віншуюць выратавальніка, кажуць: “Ты герой”. “Я герой, – пагаджаецца ён, – але дзе той гад, які штурхнуў мяне ў ваду?”

Гэтая показка чамусьці прыгадваецца пры размове пра эвалюцыю афіцыйных беларускіх прафсаюзаў. У савецкія часы яны выконвалі шмат функцыяў: былі і дадатковай “кузняй кадраў”, і сродкам улагоджваньня працоўных канфліктаў, і мэханізмам сацыяльнага забесьпячэньня, нарэшце, такой-сякой крыніцай інфармацыі пра настроі ў рабочым асяродзьдзі. Савецкія прафсаюзы былі ўсім гэтым, але толькі не сапраўднымі прафсаюзамі.

Па сутнасьці, гэта былі муляжы добраахвотных саюзаў працоўных.
Але ўжо ў часы перабудовы адбывалася пераўтварэньне падобных муляжоў. З чаго ствараўся незалежны друк? З залежнага, савецкага. З чаго стваралася цяперашняя банкаўская сыстэма? З сыстэмы кантораў Дзяржбанку СССР.

Больш яскрава гэтыя працэсы пераўтварэньня муляжоў у жывыя істоты адбываліся ў нашых суседзяў, калі, прыкладам, камуністычныя партыі краінаў Усходняй Эўропы рабіліся рэспэктабельнымі сябрамі Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу.

У Беларусі такая эвалюцыя адбылася, а дакладней кажучы, адбываецца менавіта з Фэдэрацыяй прафсаюзаў. Жыла-была тыповая структура савецкага грамадзтва, апірышча камуністычнай партыі. Але раптам зьнікла і савецкае грамадзтва, і партыя, і камунізм. І заскарузлая сыстэма афіцыйных прафсаюзаў пачала мяняцца. Не таму, зразумела, што прафсаюзныя правадыры раптам паверылі ў дэмакратычныя каштоўнасьці. Прычына простая – жыць жа хочацца.

З аднаго боку, у патыліцу афіцыйных прафсаюзаў дыхалі прафсаюзы свабодныя, народжаныя красавіцкім страйкам 1991 году. З другога боку, паколькі сацыяльная рэчаіснасьць Беларусі зьмянілася ня вельмі істотна, ад афіцыйных прафсаюзаў патрабаваліся мінімальныя зьмены, каб адпавядаць выклікам часу.

Прафсаюзы зусім няблага пачувалі сябе на ўтульным савецкім беражку, але нечакана апынуліся ў холоднай вадзе постсавецкай рэчаіснасьці. Давялось неяк рухацца, каб выплыць.

Плыць, дарэчы, вельмі не хацелася. Афіцыйныя прафсаюзы спрабавалі быць і абаронцамі правоў працоўных перад наймальнікамі, і карыстацца прывілеямі, прадаўстаўленымі галоўным наймальнікам краіны – дзяржаваю. Тут варта прыгадаць хаця б аўтаматычнае адлічэньне прафсаюзных складак праз бухгальтэрыі прадпрыемстваў, і сяброўства ў прафсаюзах кіраўнікоў – рэчы немагчымыя ў сапраўдных саюзах.

У сацыялягічных дасьледаваньнях рэспандэнтам часта задаюць пытаньне пра іх сяброўства ў грамадзкіх арганізацыях. Станоўча адказваюць ня больш за 5%. І гэта пры тым, што ў Фэдэрацыю прафсаюзаў, паводле яе дадзеных, уваходзіць палова дарослага насельніцтва краіны. Але якому чалавеку прыйдзе ў галаву лічыць гэта сяброўствам ў грамадзкай арганізацыі, добраахвотным саюзе, створаным для задавальненьня агульных патрэбаў ці адстойваньня інтарэсаў яго сябраў?

Разам з тым, бязмоўнымі выканаўцамі волі вышэйшага начальства прафсаюзы таксама быць перасталі.

Гаворыць былы міністр працы Беларусі Аляксандар Сасноў.

(Сасноў: ) “Сапраўды, Фэдэрацыя прафсаюзаў, якая аб’яднала тыя самыя савецкія прафсаюзы, зьмянялася вельмі паступова, павольна. Яны заўсёды чапляліся за аджылыя нараматыўныя палажэньні, якія існавалі наконт прафсаюзаў, яны заўсёды падтрымлівалі ўсё, што тычылася іх дзяржаўных паўнамоцтваў. І я памятаю, як было цяжка зьнішчыць гэтыя рэлікты савецкіх часоў. З цягам часу сытуацыя ўсё ж прымушала гэтыя прафсаюзы неяк мяняцца. І яны рабіліся ўсё больш і больш падобнымі на звычайныя прафсаюзы, якія адстойваюць правы наёмных працоўных.

Зараз прафсаюзы ўжо цалкам аддзеленыя ад дзяржавы. Калі раней яны атрымлівалі ад дзяржавы грошы, прыкладам, на аздараўленьне насельніцтва, то зараз яны нічога не атрымліваюць Таму ў іх засталося спрадвечнае галоўнае прафсаюзнае перадвызначэньне – змагацца за эканамічныя правы працоўных. Вось чаму яны і зрабіліся зараз нагэтулькі непажаданымі для дзяржавы, якая зьяўляецца самым галоўным наймальнікам ў краіне”.

Гаварыў Аляксандар Сасноў.

Падаецца, што цяперашні “крыжовы паход” улады супраць Фэдэрацыі толькі часткова можна патлумачыць клясычным канфліктам паміж працадаўцам і абаронцам правоў працоўных. Справа тут, магчыма, ня толькі ў тым, што фэдэрацыя стала сапраўдным прафсаюзам, а ў тым, што не зусім стала.

Зараз ўсе зьявы грамадзкага жыцьця прынята зводзіць да перадвыбарчай барацьбы. У нашым выпадку таксама наступ улады на прафсаюзы на першы погляд можна патлумачыць намерам кіраўніка ФПБ Уладзімера Ганчарыка паспаборнічаць за прэзыдэнцкую пасаду. Але на самой справе і прафсаюзы пачалі мяняцца не з нагоды выбарчай кампаніі, і улады пачалі ціснуць іх не з прычыны вылучэньня прафсаюзнага кандыдата ў прэзыдэнты, хутчэй, дарэчы, наадварот, выбарчая ініцыятыва Ганчарыка стала рэакцыяй на гэты ціск.

Задоўга да выбараў улада метадычна зьнішчала, разбурала ці маргіналізавала ўсе арганізаваныя структуры грамадзтва: мэдыі, прадпрымальніцкія аб’яднаньні, маладзёвыя арганізацыі, кампартыю. І не таму, што ўсе яны ці кожная паасобку ствараюць для ўлады відавочную пагрозу. Пагроза палягае ў самой наяўнасьці структуры, арганізацыі, сукупнасьці людзей, якая мае свае каналы абмену інфармацыяй і здольная на скаардынаваныя дзеяньні. Здольнасьць гэтую ў выпадку прафсаюзаў ня варта перабольшваць, што яскрава прадэманстравала апошняя агульнанацыянальная акцыя пратэсту, наладжаная ФПБ, якая сабрала менш за 10 тысячаў чалавек. Што насамрэч ня мусіць зьдзіўляць, бо ў дадзеным выпадку Фэдэрацыя выступіла не ў сваім амплуа. Ня ў здольнасьці вывесьці людзей на вуліцу яе сіла, і ня гэта палохае лукашэнкаўскіх дарадцаў, а тое, што ФПБ убудаваная ў сацыяльныя працэсы, у ланцужкі рэалізацыі ўладных рашэньняў. Калі яны ня здольныя сабраць шматтысячны мітынг, гэта ня значыць, што яны ня здольныя арганізаваць збор подпісаў, правесьці сваіх людзей у выбарчыя камісіі, весьці агітацыю, даходзячы да кожнага рабочага месца.

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG