Аформіў кнігу гарадзенскі мастак Алесь Сураў, які ў 1999 г. быў пакараны ўладамі (яго пазбавілі майстэрні) за зборнік карыкатураў на Лукашэнку. У паэтычным канцэрце ўзяў удзел бард Віктар Шалкевіч.
У музэі гісторыі беларускае літаратуры адчынілася выстава жывапісу Віктара Барабанцава “Лютаўская просінь”. Асноўныя тэмы мастака — помнікі архітэктуры й прыгажосьць беларускіх жанчынаў. Побач праходзіць выстава асабістых рэчаў пісьменьніка Івана Шамякіна. Сярод экспанатаў — макет мэталяапрацоўчага варштату, які Шамякіну падараваў прафкам аднаго зь менскіх заводаў.
Таварыства “Беларусь — Італія” наладзіла ў Доме дружбы канцэрт духовых сьпеваў “Усе мы — дзеці Хрыста”. Выступіў хор царквы Ражства Хрыстовага, які на Каляды зьбіраў у Італіі ахвяраваньні на шпіталь у Аксакаўшчыне для дзяцей, што пакутуюць на чарнобыльскія хваробы. Хор недабудаванае бажніцы пазалетась дастаў Першую прэмію фэстывалю “Магутны Божа”, а цяпер рыхтуецца да конкурсу ў Вэнгрыі. Новы амбасадар Італіі ў Беларусі Стэфана Бэнаца меркаваў, але ня здолеў узяць удзел у вечарыне, бо Аляксандар Лукашэнка замарудзіў ягоную акрэдытацыю.
У менскім Палацы моладзі неўзабаве мае адчыніцца гарадзкі Музэй адукацыі. Сярод экспанатаў будуць ня толькі архіўныя дакумэнты, але і зробленыя дзецьмі макеты кляштароў і касьцёлаў: менавіта пры іх колісь у Менску ў XVI стагодзьдзі пачалі дзеіць першыя школы.
Музэй-гасьцёўня Ўладзіслава Галубка на Траецкім прадмесьці прысьвяціў сваю новую экспазыцыю 100-гадоваму юбілею Веры Полы, буйнейшай камэдыйнай зорцы Купалаўскага тэатру, дзе яна іграла амаль 60 гадоў. Лёс акторкі быў няпросты: першы муж-белагвардзеец уцёк за мяжу, бацькоўскі дом разрабавалі калгасьнікі, а братоў рэпрэсавалі ў 30-ыя гады. Веры Полы даручалі іграць выключна адмоўных пэрсанажаў. У вадрозьненьне ад іншых акторак Купалаўскага, яна не падкрэсьлівала, а ўсё жыцьцё хавала сваю прыгажосьць.
У Саюзе кінэматаграфістаў прайшла прэм’ера поўнамэтражнага дакумэнтальнага фільма Міхаіла Жданоўскага “Мір усім вам”. Сярод герояў стужкі — рэлігійны паэт Алег Бембель, вясковыя сьвятары й нават былы гангстэр, які кінуў свае цёмныя справы пасьля таго як выпадкова завітаў у царкву. Мітрапаліт Філярэт адмовіўся дабраславіць карціну Жданоўскага, бо яна з аднолькавай павагаю паказвае праваслаўных, каталікоў і баптыстаў.