Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Улады распачалі перасьлед лідэраў прыватных прадпрымальнікаў, якія бралі ўдзел у арганізацыі нядаўняга агульнарэспубліканскага страйку. У Менску пазбаўлены працы сябра Страйкавага камітэту Ігар Намочанка.

Сёньня адміністрацыя менскага рэчавага кірмашу "Дынама" прапанавала спыніць тут працу гандляру Ігару Намочанку. Дырэктар кірмашу Валеры Ісупаў прычыну такога рашэньня патлумачыў нашаму радыё наступным чынам:

"Гэта не кірмаш пазбаўляе яго месца, а падатковая інспэкцыя, якая даслала мне дакумэнт. У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам я забавязаны рабіць захады да Намочанкі. Я не магу не выконваць указаньне, таму што падатковая інспэкцыя — ворган дзяржаўны", — патлумачыў Ісупаў.

Ігар Намочанка — ня толькі прадпрымальнік, а й намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу кірмашу, і сябра нацыянальнага страйкаму. Актыўнае змаганьне за правы прадстаўнікоў дробнага бізнэсу неаднаразова спрычынялася да канфліктаў з кантрольнымі ворганамі. За распаўсюджваньне прафсаюзнага бюлетэню "Прадпрымальнік" трапляў у міліцэйскі пастарунак. Намочанка — адзін з арганізатараў самай буйной у Беларусі прадпрымальніцкай акцыі пратэсту, якая адбылася 23 лістапада. Ігар Намочанка лічыць, што якраз падзеі 23 лістапада і сталіся сапраўднай падставаю да ягоных цяперашніх непрыемнасьцяў:

(Намочанка: ) "У сувязі з тым, што я быў адным з арганізатараў страйку, і пачаліся рэпрэсіі з боку кантрольных ворганаў. Таму што у дамове, якую я заключыў з адміністрацыяй "Дынама" на арэнду месца, няма спысылак на магчымасьць пазбаўленьня яго на загад падатковай інспэкцыі. Але, насуперак праўных нормаў, дырэктар кірмашу Ісупаў выконвае волю падатковых ворганаў.

Я мяркую, што такое ўказаньне прыйшло "зьверху". Бо страйк на 90% быў пасьпяховым", — зазначыў Ігар Намочанка.

Нэгатыўнае стаўленьне й пагрозы з боку адміністрацыі пачалі адчуваць на кірмашы "Дынама" і іншыя прафсаюзныя актывісты. Прафсаюзная Рада гандляроў гэтага кірмашу лічыць гэта прыкметамі рэпрэсіўнае кампаніі, якая сплянавана ў кабінэтах уладных структураў.

Намесьнік старшыні нацыянальнага страйкаму прыватных прадпрымальнікаў Леанід Каліценя не выключае, што гэтая кампанія можа перакінууцца на іншыя кірмашы краіны. Тым больш, што лідэры прадпрымальніцкага руху ўжо абвясьцілі пра арганізацыю ў сьнежні й студзені новых масавых акцыяў пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG