Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 лістапада 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У нядзелю ў Румыніі прайшлі прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Паводле папярэдніх вынікаў, найбольшыя шанцы на перамогу маюць кандыдаты ад левых сілаў, але ўжо цяпер вядома, што прэзыдэнт краіны будзе абраны толькі ў другім туры галасаваньня, прызначаным на 10 сьнежня.

Першы тур прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі прынёс першае месца 70-гадоваму Іону Іліеску – былому вышэйшаму камуністычнаму чыноўніку, які 1989 годзе сфармаваў Нацыянальны Фронт Выратаваньня, шляхам паўстаньня ськінуў румынскага дыктатара Нікалае Чаўшэску і ў 90-96 гадох быў прэзыдэнтам краіны. За яго прагаласавалі 37% выбаршчыкаў.

Асноўным канкурэнтам Іліеску стаў ультраправы палітык Карнэліў Вадзім Тудар, які ў 96 годзе атрымаў толькі 3,6% галасоў. Цяпер за яго прагаласавалі 27% электарату.

Паводле газэты Financial Times, рост папулярнасьці Тудара зьвязаны зь ягонымі апошнімі антывугорскімі і антысэміцкімі выказваньнямі, а таксама з ідэяй стварэньня Вялікай Румыніі. Але асноўнае, на чым рабілі акцэнт прадстаўнікі выбарчага штабу Тудара, ды гэта на ягоным абяцаньні "ліквідаваць мафію", якая разбазарыла багацьці краіны да такой ступені, што цяпер Румыніяй можна кіраваць толькі пры дапамозе зброі.

Цэнтрысцкая кааліцыя, якая знаходзілася пры ўладзе цягам апошніх чатырох гадоў, бясконцымі сваркамі практычна зьнішчыла сябе ў выбарчай кампаніі як, дарэчы, і ў часе выкананьня сваіх службовых абавязкаў. Пяць кандыдатаў Цэнтру атрымалі ад 2 да 13% галасоў.

Цяперашні прэзыдэнт Румыніі Эміль Канстантынэску, піша New York Times, які быў абраны на гэтую пасаду на хвалі аптымізму 96-га, году гэтым разам сваёй кандыдатуры не выстаўляў. Ён падтрымаў кандыдатуру Мургура Ісарэску – прэм'ер-міністра і былога прэзыдэнта Цэнтральнага банку, які спадзяваўся атрымаць галасы, дзякуючы сёлетняму невялікаму росту эканомікі, якая тры папярэднія гады няўхільна падала. Аднак, рэпутацыя кампэтэнтнасьці гэтага кандыдата была сапсаваная шэрагам фінансавых крызысаў. У выніку Ісарэску атрымаў 10% галасоў.

Тым часам, нязначны пад'ём эканомікі не прынёс адчувальных выгодаў насельніцтву Румыніі, дзе сярэдні заробак балянсуе ў раёне 100 даляраў, а рост інфляцыі на канец году прагназуецца ў памеры 45%, – піша New York Times, а Financial Times дадае, што 40% насельніцтва жыве на 1 даляр у дзень.

Гэткім чынам, у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў сустрэнуцца Тудар і Іліеску, які, паводле аналітыкаў, мае большыя шанцы на канчальную перамогу, бо можа разьлічваць на немалую частку галасоў ад прыхільнікаў цэнтрыстаў.

Магчымае пераабраньне Іліеску замежныя інвэстары і заходнія дыпляматы ўспрымаюць зь неспакоем, бо час ягонага папярэдняга прэзыдэнцтва быў часам эканамічнага застою. У сваёй новай праграме Іліеску абавязаўся перагледзіць працэс прыватызацыі і ў разе патрэбы правесьці нацыяналізацыю, а таксама распачаць барацьбу з хабарніцтвам.

Што ж да парлямэнцкіх выбараў, то ў іх узялі ўдзел 64 палітычныя партыі. Паводле папярэніх дадзеных, перамогу атрымалі сацыял-дэмакраты Іліеску, якія набралі каля 40% галасоў. На другім месцы – ультраправая партыя Тудара – "Вялікая Румынія".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG