Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лістапада 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

27 лістапада сябры камітэту прысуджэньня дзяржаўных прэміяў будуць разглядаць кандыдатуры намінантаў на сёлетніх ляўрэатаў у галіне літаратуры. Аднак ужо зараз вядома, што са сьпісу кандыдатаў выкрасьленае імя выдатнае паэткі й перакладніцы Ніны Мацяш. Прычыны гэтага сама паэтка бачыць у выразнай публіцыстычнай скіраванасьці сваіх твораў з намінаванае кнігі "Палёт над жытам".

Трэба адразу адцеміць, што сама Ніна Мацяш да прапановы рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў вылучыць яе новую паэтычную кнігу "Палёт над жытам" на дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы паставілася даволі насьцярожана, калі не сказаць болей:

(Мацяш: ) "Можа гэта і варта… Я ня ведаю. Так вось пабачыўшы ўсіх гэтых ляўрэатаў, я думаю, што я ня горшая за тых, хто быў да гэтага часу. Але ня ў гэты час"

Сказала Ніна Мацяш.

У паэткі было прадчуваньне, што "прэміяльны" камітэт мае цяпер іншыя, чым эстэтычныя, крытэры пры ацэнцы твораў. Прадчуваньне не падманула спадарыню Ніну. У надрукаваным камітэтам сьпісе намінантаў ейнае імя ня значылася. Паэтка прызналася, што гэты факт яе ня толькі не засмуціў, а наадварот…

(Мацяш: ) "Шчыра і вельмі глыбока абрадвалася, калі пабачыла потым сьпіс, ужо ў ЛіМе, і што там мяне няма. Я так шчыра абрадвалася!"

Аднак калегі Ніны Мацяш успрынялі навіну зусім зь іншымі пачуцьцямі. Іх абурыла такое ігнараваньне калектыўнае думкі сяброў рады Саюзу пісьменьнікаў, якія амаль аднагалосна вылучалі Ніну Мацяш на званьне ляўрэата. Тым больш, што імя паэткі выкрасьленае са сьпісу яшчэ да разгляду прадстаўленых твораў. Выкрасьленае рукою адказнага сакратара падкамітэту ў літаратуры Валерыя Жука.

На пытаньне, на якой падставе, чыноўнік адказаў, што, маўляў, кніжка занадта малая, каб яе вылучаць на дзяржпрэмію ды й выгляд мае малапрэзэнтабэльны. Кніжка "Палёт над жытам" выдадзеная сёлета ў берасьцейскім прыватным выдавецтве Сяргея Лаўрова за кошт сродкаў, якія паэтцы-зямлячцы выдаткавалі некалькі прадпрыемстваў Берасьцейшчыны. Гэта невялікія грошы, якіх, натуральна, не хапіла на тоўсты фаліянт у шыкоўных вокладках, якія выдае дзяржаўнае выдавецтва "Мастацкая літаратура". І якія, у адрозьненьне ад сьціпла аформленае кніжкі Ніны Мацяш, патрапілі нейкім чынам у намінанты, хаця рада СБП таемным галасаваньнем і не ўхваліла іх аўтараў на атрыманьне прэміі. Пра што сказаў мне сёньня кансультант рады Яўген Каршукоў…

(Каршукоў: ) "Недарэчнай і памылковай здаецца нам сытуацыя, калі вылучаную Саюзам прафэсійных літаратараў кнігу лічаць недасканалай і недастойнай прэміі, у той час, як праз камітэт праходзяць кнігі, якія па выніках таемнага галасаваньня не атрымалі неабходнай для вылучэньня колькасьці галасоў".

Спадар Каршукоў паведаміў таксама, што 21 лістапада на чарговым паседжаньні рада Саюзу пісьменьнікаў выказала агульную нязгоду зь дзеяньмі чыноўніка з камітэту. І сёньня адпаведны ліст за подпісам Вольгі Іпатавай, якая выконвае абавязкі старшыні рады СБП, накіраваны ў камітэт прысуджэньня дзяржаўных прэміяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG