Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Беларускія палітыкі лічаць, што дачыненьні ЗША зь Беларусьсю пасьля абраньня новага амэрыканскага прэзыдэнта стратэгічна ня зьменяцца. Разам з тым адзначаецца, што можна чакаць больш жорсткага стаўленьня ЗША да праяваў расейскае імпэрскае палітыкі.

Што прынясе Беларусі выбар амэрыканскага народа? Што можа чакаць ад новага прэзыдэнта ЗША Беларусь афіцыйная і Беларусь апазыцыйная? Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што няма вялікае розьніцы, якую руку — правую ці левую — Амэрыка працягне для дэмакратычнай Беларусі.

(Лябедзька: ) "Справа ў тым, што за апошні час (апошнія паўтары гады) мы стварылі хай невялічкае, але рэальнае прабеларускае лёбі ў Кангрэсе ЗША, у склад якога ўваходзяць як прадстаўнікі рэспубліканцаў, так і дэмакратаў. Гэта тыя людзі, якія рэальна, канкрэтна падтрымліваюць Беларусь. І другая акалічнасьць. Прыкладна за апошнія 6-7 месяцаў, зьмяніўся склад людзей у Дзярждэпартамэнце на ніжэйшым і сярэднім узроўнях, якія курыруюць Беларусь. Натуральна, што на гэтым узроўні ня будзе ніякіх зьменаў. Застануцца тыя ж самыя людзі. Падсумоўваючы вось гэтыя абставіны, першае і другое, мы можам прагназаваць, што палітыка ЗША ў адносінах да Беларусі, да дэмакратычнай Беларусі, са зьменай адміністрацыі ня зьменіцца".

Кіраўнік БНФ Вінцук Вячорка таксама адзначае, што не заўважыў ніякае розьніцы ў стаўленьні да Беларусі амэрыканскіх кангрэсмэнаў ад розных партыяў. Разам з тым, адрозьненьні ў падыходзе двух кандыдатаў да міжнароднае праблематыкі былі відавочныя.

(Вячорка: ) "Я заўважыў, што ў перадвыбарчых прамовах Буша, дзе выкладалася канцэпцыя замежнай палітыкі, вельмі выразна акрэсьлівалася адмоўнае стаўленьне да спробаў былых імпэрыяў захоўваць нейкія свае сфэры ўплыву. Як мне падаецца, традыцыйная адданасьць рэспубліканцаў ведамым каштоўнасьцям дэмакратычнага грамадзтва і іх рашучасьць ёсьць гарантыяй таго, што будзе пасьлядоўна праводзіцца лінія падтрымкі дэмакратычных сілаў".

Сакратар Партыі камуністаў Алена Скрыган лічыць, што Джордж Буш будзе праводзіць больш жорсткую замежную палітыку.

(Скрыган: ) "Але я думаю, што адносіны Беларусі з Амэрыкай ад гэтага не памяняюцца, прынамсі, не палепшацца".

Што да ўласных прыхільнасьцяў, дык тут сакратар Партыі камуністаў Беларускай адназначна аддае перавагу Альбэрту Гору. І ня толькі таму, што праграма Гора мае большую сацыяльную скіраванасьць, але й з замежнапалітычных прычынаў.

(Скрыган: ) "Больш прымальным быў бы, канешне, Гор. Перш за ўсё таму, што ў яго лепшыя адносіны да Расейкай Фэдэрацыі, і калі мы гаворым аб саюзе Беларусі і Расеі, то мы павінны і гэты момант улічваць. Я лічу, што ў яго былі нядрэнныя адносіны зь некаторымі прадстаўнікамі расейкай эліты, і гэта, мабыць, было б спрыяньне для Расеі, а я лічу, што і для Беларусі, калі б быў абраны Гор".

Адным з прынцыпаў замежнапалітычнае праграмы Джорджа Буша стаў тэзыс пра зьмяншэньне адказнасьці Амэрыкі за падтрыманьне міру ў Эўропе ды іншых рэгіёнах. Увогуле камэнтатары сьведчаць пра пэўны элемэнт ізаляцыянізму, які прысутнічаў у праграме Буша. Ці ня стане новая адміністрацыя надаваць меншую ўвагу сытуацыі ў Беларусі, прынамсі, праблемам правоў чалавека й захаваньня незалежнасьці краіны?

(Вячорка: ) "Беларусь – гэта, практычна, апошняя супэрпраблемная кропка, і зь яе ўвага Злучаных Штатаў, я думаю, ня будзе адцягнутая. Ёсьць яшчэ адзін вельмі важны момант. Рэспубліканцы, і гэта засьведчыў у сваіх праграмных прамовах Джордж Буш, ня маюць асаблівых хуткіх ілюзіяў наконт дэмакратычнай эвалюцыі Расеі, і гаварыць пра Беларусь мы павінны ня толькі ў пляне захаваньня тут правоў чалавека, але і ў пляне захаваньня нашай незалежнасьці, якой пагражае толькі адна Расея".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG