Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Жонка зьніклага год таму пры загадкавых абставінах намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара Зінаіда зьвярнулася да патрыяршага экзарха Беларусі Філарэта. Яна просіць ягонага садзеяньня ў справе пошукаў мужа.

Сёньня жонка Віктара Ганчара Зінаіда даслала ліст на імя мітрапаліта Менскага й Слуцкага Філарэта. Яна так пракамэнтавала сваё рашэньне радыё Свабода:

(Зінаіда Ганчар: ) "Прычынаю майго звароту стала тое, што Філарэт, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, добра ведаў майго мужа. Апроч таго, зьвярнуцца мяне прымусілі той бруд і дэзінфармацыя, якія сыходзяць ад уладных структураў і выліваюцца на экраны тэлевізараў і старонкі газэтаў. Гэта зман ня толькі ўсясьветнае супольнасьці, але й простых людзей. Я мяркую, што царква павінна ўзняць голас дзеля абароны праўды й справядлівасьці".

У сваім лісьце да патрыяршага экзарха Беларусі Філарэта Зінаіда Ганчар піша:

"…прынятая 16 жніўня на Архірэйскім саборы сацыяльная дактрына Рускай Праваслаўнай царквы абвяшчае: калі ўлада прымушае людзей да грахоўных дзеяньняў, царква павінна адмовіць дзяржаве ў падпарадкаваньні. Лукашэнка і яго кляўрэты ўжо даўно парушылі ўсе нормы чалавечае маралі. Гэтая ўлада сваімі дзеяньнямі разбэшчвае душы людзей, насаджае распусту. Яна ставіць пад пагрозу само існаваньне нашае краіны. І сёньня настаў час Праваслаўнай царкве сказаць сваё важкае слова і гэтым дапамагчы нашаму народу адкрыць шлях да сьвятла й праўды…"

Гаворыць Зінаіда Ганчар:

"Мінула столькі часу, а пра майго мужа няма ніякіх зьвестак. Самае страшнае, што ўлады прымушаюць верыць, нібы ніхто й не распраўляецца з апанэнтамі рэжыму. З экранаў Беларускае тэлевізіі Посахаў заклікаў ня верыць, што людзей выкрадалі. Я разумею, што царква ня можа праводзіць расьсьледваньне, але яна ў стане заклікаць урад не хітраваць, ня хлусіць. Я спадзяюся, што яна выканае свой абавязак", — паведаміла Зінаіда Ганчар радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG