Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 кастрычнiка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

На просьбу кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка сёньня ў Менскім гарвыканкаме адбылася чарговая сустрэча ўладаў з арганізатарамі апазыцыйнай акцыі 14 кастрычніка. Ніякага кампрамісу ў справе правядзеньня маніфэстацыі дасягнуць не ўдалося.

У сёньняшняй сустрэчы з намесьнікам старшыні гарадзкога выканкаму Міхалам Пятрушыным бралі ўдзел лідэр БНФ Вінцук Вячорка, ягоныя намесьнікі Віктар Івашкевіч, Алесь Бяляцкі, Вячаслаў Сіўчык, а таксама старшыня выканкаму АГП Яўген Лабановіч. Прысутнічала й першы сакратар КНГ АБСЭ ў Менску Бэата Разуміловіч.

Канструктыўнае размовы не адбылося. Міхала Пятрушына й прадстаўніка гарадзкое ўправы міліцыі Сяргея Саланца цікавіла толькі пытаньне, ці не перадумалі арганізатары праводзіць 14 кастрычніка несанкцыянаванае шэсьце да пляцу Незалежнасьці? У сваю чаргу апызыцыянэры заявілі, што праводзіць акцыю на пляцы Бангалёр ня будуць, а таксама цікавіліся, чаму ўлады не выконваюць свае ранейшыя абяцаньні не затрымліваць людзей, якія агітуюць за байкот выбараў. Паводле словаў Алеся Бяляцкага, толькі за два апошнія дні міліцыяй у Менску было затрымана 11 апазыцыйных актывістаў.

Адказу апазыцыянэры так і не атрымалі. Не прыслухаліся ўлады й да просьбы прадстаўніцы КНГ АБСЭ спадарыні Разуміловіч канструктыўна вырашыць праблему правядзеньня суботняй акцыі апазыцыі. На гэтым сустрэча й скончылася. Гаворыць намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Размова не адбылася, і я не зразумеў, для чаго нас сюды выклікалі? АБСЭ ўгаворвае ўлады пайсьці на нейкія саступкі, улады на гэта ісьці ня хочуць, але ў якасьці кампрамісу згаджаюцца рабіць такія бяссэнсавыя сустрэчы. У нас ёсьць магчымасьць у рамках выбарчай кампаніі – якая яшчэ ў сыботу будзе цалкам законнай – праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ў любым мейсцы Менску. Улады баяцца, што будуць нарастаць маніфэстацыі, таму яны хочуць загнаць нас на ўскраіну, каб у людзей не было імпэту ісьці на маніфэстацыю. Бо людзі ідуць маніфэставаць менавіта ўладам свой пратэст. Ня карчам на Бангалоры, ня дрэвам, а ўладам!"

— лічыць спадар Івашкевіч.

Дарэчы, сёньня Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на заключным паседжаньні гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў", упершыню публічна прызнаўся, чаму ён ня можа пагадзіцца на правядзеньне акцыяў апазыцыі ў цэнтры сталіцы. Паводле словаў спадара Лукашэнкі, "усё пачынаецца з малога. Сёньня іх выходзіць тысяча, заўтра — дзесяць, а пасьлязаўтра — сто тысячаў. Я не магу ім дазволіць зламаць краіну!"…

Тым ня менш, на думку апазыцыянэраў, улады будуць вымушаныя дазволіць 14 кастрычніка марш па цэнтры гораду. Паводле словаў намесьніка старшыні БНФ Вячаслава Сіўчыка, напярэдадні выбараў, у прысутнасьці шматлікіх міжнародных назіральнікаў улады наўрад ці будуць ужываць сілу супраць дэманстрантаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG