Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 кастрычнiка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 30 верасьня)
Дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў спрабуе атрымаць у турме працу, што дапаможа яму лепш пераносіць зьняволеньне.
Васіль Старавойтаў праходзіць мэдычнае абсьледваньне ў адным з шпіталёў Менску.
Экс-прэм'ер Міхал Чыгір задаволены цікаўнасьцю да яго выбаршчыкаў Фрунзэнскага раёну Менску.

Тыдзень не прынёс аніякіх новых зьвестак пра зьніклых Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага. Але гэта ня значыць, што ў нас няма падставы зноў нагадаць пра лёс гэтых людзей. Такая падстава ёсьць, і вельмі істотная.

Справа ў тым, што на гэтым тыдні быў прызначаны новы міністар унутраных справаў Беларусі — ім стаў цяпер генэрал маёр міліцыі Ўладзімер Навумаў. Калі некаму нічога не гаворыць гэтае прозьвішча, нагадаю, што апошнім часам Навумаў узначальваў службу аховы прэзыдэнта, і менавіта на гэты пэрыяд ягонае кар'еры прыпадае зьнікненьне Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага. А вось былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка зьнік у пэрыяд, калі Навумаў кіраваў антытэрарыстычнай спэцгрупаю "Алмаз".

Гэтыя паралелі, як прынята пісаць у цітрах галівудзкіх фільмаў, толькі супадзеньні, якія ня трэба разглядаць як нейкае абвінавачваньне. Час пакажа, хто меў дачыненьне да зьнікненьня ў Беларусі вядомых палітыкаў, якую ролю ў гэтым адыгрывалі тое ці іншае сілавое ведамства ды асабіста іхныя кіраўнікі.

Але вось на што варта зьвярнуць увагу.

Прадстаўляючы новага міністра, Аляксандар Лукашэнка хваліўся, што "алмазаўцы" пад кіраўніцтвам Навумава ўдзельнічалі ў затрыманьні некалькіх соцень бандытаў, адным словам, што гэта героі з герояў. Але чамусьці ані Лукашэнка, ані новы міністар Навумаў не сказалі нічога пра тое, што ў Беларусі зьнікаюць вядомыя палітыкі й журналісты, і стаіць задача пакласьці гэтаму канец, знайсьці зьніклых і арыштаваць тых, хто адказны за гэтыя злачынствы.

Цяпер колькі інфармацыіі пра тых, хто сядзіць у турмах. Дэпутат Андрэй Клімаў, як я паведамляў мінулым разам, патрапіў у менскую калёнію. Андрэй ужо адбыў гэтак званы каранцін і цяпер знаходзіцца ў турэмным атрадзе пад ня вельмі шчасьлівым нумарам 13. Аднак Клімаў, паводле ягонае жонкі Тацяны, якая два дні таму мела зь ім кароткае спатканьне, ня вельмі турбуецца з гэтае прычыны. Тацяна кажа, што ў параўнаньні са сьледчым ізалятарам, дзе Андрэя адседзеў два з паловаю гады, у турме яму ўсё ж лепш. Больш сьвежага паветра, ёсьць магчымасьць рабіць праменады ў турэмным садку ды займацца спортам. Пакуль Клімаў не атрымаў працы ў турэмным дрэваапрацоўчым цэхе, але спадзяецца, што атрымае. Для псыхалягічнае ўстойлівасьці праца нават у турме карысная, лічыць дэпутат.

Сустрэцца з Уладзімерам Кудзінавым, які таксама знаходзіцца ў менскай калёніі, Клімаву не даводзілася, і відаць у турме не давядзецца. Бо за тэрыторыю свайго атраду прайсьці не дазваляюць і ўвогуле ўсе стасункі арыштантаў вельмі ўважліва адсочваюцца.

Дарэчы, нейкіх навінаў пра Ўладзімера Кудзінава пакуль няма. Захварэла й трапіла ў шпіталь ягоная жонка Зоя, ад якой я звычайна атрымліваю інфармацыю пра Кудзінава. Дзякуй Богу, Зоі ўжо лепш, як сказала мне яе дачка.

Хваробы перасьледуюць і Васіля Старавойтава, былога старшыню "Расьвету", які два гады правёў у беларускіх турмах. І гэта ў веку звыш 70 гадоў. Пазаўчора Васіль Старавойтаў зьехаў у Менск да дактароў. Яго абсьледваюць, каб вырашыць, ці патрэбная апэрацыя. Апошнім часам Старавойтаў адчувае сябе ня лепшым чынам.

І напрыканцы, апошнія зьвесткі пра сям'ю Чыгіроў. Міхал Чыгір весь тыдзень правёў у даволі інтэнсіўнай перадвыбарчай барацьбе, ва ўсялякім разе ледзь ня кожны вечар ён удзельнічаў у сустрэчах з выбаршчыкамі. Актывісты перадвыбарчага штабу Чыгіра кажуць, што выбаршчыкі да экс-прэм'ера выказваюць надзвычайную цікаўнасьць, ім не хапае часу, каб задаць усе пытаньні, застаюцца адмыслова, яшчэ нешта высьветліць у былога прэм'ера. "Ён яўны фаварыт на сваім выбарчым ўчастку", — упэўненыя актывісты штабу. Яны кажуць, што асноўным канкурэнтам Чыгіра на выбарах будзе Натальля Машэрава, дачка славутага Пятра Машэрава. "Ёй яўна дапамае афіцыйная ўлада", — лічаць актывісты штабу Чыгіра.

А пакуль Міхал Чыгір рыхтуецца да выбараў, ягоная жонка Юлія рыхтуецца да судовага працэсу. 2 кастрычніка ў Фрунзэнскім судзе яе пачнуць судзіць за супраціў міліцыі і нанясеньне траўмы аднаму з міліцыянтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG