Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 жніўня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Калі спытацца ў амэрыканца альбо брытанца як той маецца, дык у адказ машынальна і з усьмешкай ён адкажа: "Усё ў парадку". Нават калі ён хворы, беспрацоўны ці нехта памёр у сям'і. Калі пра тое самае спытаецеся ў паляка, ён ніколі ня будзе задаволены. Амаль кожны пачне стагнаць і наракаць, пералічваць усе свае няўдачы і гароты. Гэтае трапнае назіраньне падхапіла амэрыканская газэта New York Times, якая зьмясьціла артыкул Сьцівэна Эрлянгэра "Не зважаючы на рост дабрабыту, палякі усё яшчэ адчуваюць сябе няўпэўнена"

Прыкметы росту дабрабыту Сьцівэн Эрлянгэр бачыць нават у кожным малым мястэчку Польшчы. Мноства нэонаў, рэклямаў, прыватнах крамаў, каўняў, мадэрных бэнзакалёнак і супэрмаркетаў.

За апошнія чатыры гады палякі купляюць у сярэднім 500 тысяч новых аўтамабіляў у год. Заробкі ў сярэднім складаюць 400-500 даляраў за месяц, і гэта тычыцца пераважнай часткі насельніцтва. Ёсьць і бяднейшыя, затое 4 % насельніцтва лічацца багатымі нават паводле заходніх мерак.

У Польшчы зарэгістравана каля 900 прыватных самалётаў, штогод знаходзяць пакупнікоў некалькі сот найдаражайшых аўтамабіляў "Мэрсэдэс" і "Ягуар". Небывалы росквіт перажывае прыватнае будаўніцтва жыльля, што бачна на кожным кроку. У краіне існуюць каля двух мільёнаў малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія даюць больш за 75% валавога нацыянальнага прадукту.

Сьцівэн Эрлянгэр згадвае сям'ю Маліноўскіх зь невялікага мястэчка Мшчонуў, 50 кілямэтраў ад Варшавы. Маліноўскія маюць прыватны дрэвапераапрацоўчы завод, у якім працуюць 35-ць чалавек. Іхны гадавы прыбытак дасягае 500 тысяч даляраў, аднак спадарыня Маліноўская незадаволеная. Яна скардзіцца на высокія і нестабільныя падаткі, на праблемы з сыравінай. Як гэта ня дзіўна, яна, якой многія маглі б толькі пазайздросьціць, заміж за кансэрватыўую "Салідарнасьць", мае намер галасаваць на былых камуністаў са Зьвязу левых сілаў.

Чым патлумачыць такія настроі у грамадзтве? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся у Цэнтр дасьледваньня грамадзкай думкі. Вось, што нам адказала Тэрэса Шчуроўская:

(Шчуркоўская: ) "На ацэнку сытуацыі ў краіне уплываюць найперш адчуваньні адносна свайго, уласнага, матэрыяльнага становішча, роўню жыцьця, і мабыць таму палякі незадаволеныя. 43% апытаных нашым Цэнтрам у красавіку заявілі, што за апошні год эканамічнае становішча іхных сем'яў пагоршылася. Тры чвэрці хатняга бюджэту ідуць на пастаянныя выдаткі, такія як харчы і камунальныя аплаты. 54% апытаных кажуць, што ім хапае грошай толькі на бягучыя выдаткі. Статыстычныя дадзеныя адносна эканомікі усёй краіны для паасобнага чалавека гучаць абстрактна. Стан эканомікі яны ацэньваюць на падставе хатняга бюджэту. На аптымізм альбо пэсымізм моцна таксама уплывае сытуацыя з працай, тое, што зараз у Польшчы адносна высокія паказьнікі беспрацоўя. Трэба таксама улічваць імкненьні і спадзяваньні людзей. Многім здавалася, што разам зь вяртаньнем капіталізму усе будуць жыць як на Захадзе, усе будуць багатыя, усё змогуць сабе дазволіць. На жаль, рэчаіснасьць аказалася на шмат менш прывабнай".

Сказала Тэрэса Шчуроўская з Цэнтру дасьледваньня грамадзкай Думкі у Варшаве. Сьцівэн Эрлянгэр піша, што яшчэ 5-ць гадоў таму, 60% палякаў заяўлялі, што з цяжкасьцю зьвязваюць канцы з канцамі, а зараз такіх 40%, аднак усё роўна тады больш было у людзях аптымізму чым цяпер. Аўтар артыкулу ў New York Times пералічае асноўныя прычыны незадавальненя палякаў. Толькі 8-мі адсоткам насельніцтва падабаюцца, а ўсіх астатніх палякаў раздражняюць чатыры, няўдалыя рэформы: аховы здароўя, пэнсыйнага забесьпячэньня, асьветы і мясцовага самакіраваньня. У сярэднім, эканамічны рост дасягае 5-ці % у год, замежныя інвэстыцыі складуць сёлета 12-ць мільярдаў даляраў, але дэфіцыт у замежным гандлі дасягнуў 8-мі адсоткаў валавага нацыянальнага прадукту. Людзі занепакоеныя ростам злачыннасьці, скардзяцца на бяздарнасьць паліцыі і карумпаванасьць кіруючых элітаў. Інфраструктура не пасьпявае за вонкавымі выявамі багацьця: дарогі дзіравыя, тэлефоны дарагія, камунальныя службы неэфэктыўныя.

" Ня кажам, што нам падабаецца камунізм, але тады жыцьцё было лягчэйшае"- Сьціівэн Эрлянгэр цытуе двух старэйшых сялянаў.

У польшчы звыш двух мільёнаў прыватнах сялянскіх гаспадарак, якія аднак адсталыя і зь іх цяжка пражыць. Яны з цяжкасьцю прыстасоўваюцца да свабоднага рынку і свабоднай канкурэнцыі ды з жахам думаюць пра далучэньне да Эўразьвязу. Праўда, яны жывуць у нядрэнных хатах, маюць аўтамабілі, тэлефоны і тэлевізары, але неаднойчы не са сваіх дзесяці гектараў зямлі, а з дадатковай працы, у горадзе, або за мяжою. 78 % сялянаў сумуюць па 70-х гадох.

Незадоволеныя настаўнікі, вайскоўцы, лекары, усе хто атрымлівае заробак з бюджэту, найперш рабочыя дзяржаўных прадпрыемстваў. Іхныя заробкі ледзьве дасягаюць сацыяльнага мінімуму. Тыя, хто прывялі да краху камунізму і дамагаліся эканамічнай свабоды, першыя сталі ейнымі ахвярамі. Яны ня могуць зьмірыцца з бяспрацоўем, якое зараз перавысіла 13% адсоткаў працаздольнага насельніцтва. "ПНР дала мне пачуцьцё, што я магу бясплатна лячыцца, права на працу, аднолькавы доступ да асьветы, культуры і кватэры. Я быў бедны, але адчуваў сябе раўнапраўным грамадзянінам", - уздыхаюць многія, якія не знайшлі сабе месца у новай рэчаіснасьці.

Таму і ня дзіўна, што на пытаньне: калі б вы маглі выбіраць паміж вяртаньнем да жыцьця пры сацыялізьме за апошнія 10-20 гадоў, і жыцьём у цяперашняй Польшчы, што выбралі б? 57 % выказаліся за жыцьцё у цяперашняй Польшчы, 32 % аддаюць перавагу жыцьцю пры сацыялізьме, а 11% ня ведаюць, што адказаць. Ажно 36% адсоткаў апытаных станоўча ацэньваюць камуністычны пэрыяд у гісторыі Польшчы, і толькі 34 % - адмоўна.

New York Times канстатуе, што сытуацыя у Польшчы значна лепшая, чым здаецца самым палякам. Яны проста ня могуць паверыць, што Польшча можа сябе лічыць шчасьлівай краінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG