Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 жніўня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

У Польшчы ёсьць людзі, якія, нібыта з прычыны палітычнага перасьледу, гатовыя перасяліцца ў Беларусь. Летась мы паведамлялі пра двух польскіх сялянаў, якія заявілі аб такім жаданьні. Учора аб такім жаданьні заявіў вядомы польскі палітык, кандыдат у прэзыдэнты, лідэр сялянскага прасаюзу і партыі "Самаабарона" Анджэй Леппэр. Ён вядомы як арганізатар бурных пратэстаў, блякадаў урадавых будынкаў і дарогаў. За гэта пракуратура аб'явіла яго вышук і сёньня затрымала. Перад тым, аднак, ён паведаміў, што зьвернецца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб палітычным прытулку ў Беларусі…

Учора ўсе спадзяваліся, што Анджэй Леппэр будзе затрыманы, аднак той спакойна правёў у сваёй штаб-кватэры прэс-канфэрэнцыю. "Пэўна думаеце, што я тут яшчэ раблю? – запытаўся ён у натоўпа журналістаў, якія зьбегліся прадчуваючы сэнсацыю.
"Калі суд не адменіць сваё рашэньне, я папрашу палітычнага прытулку ў Аляксандра Лукашэнкі". Журналісты гучна зарагаталі. "Вы хіба жартуеце?" – спытаўся адзін зь іх. "Ні ў якім выпадку не жартую. Яшчэ сёньня я перайду беларускую мяжу і адтуль буду весьці перадвыбарчую кампанію". "Чаму якраз у Беларусь?" –дапытваліся журналісты. – "Няўжо Лукашэнка для Вас узор? "Я слаба ведаю Лукашэнку, але захапляюся ягонай упартасьцю" –адказаў Анджэй Леппэр.

Аднак абышлося без палітычнага прытулку ў Беларусі. Мы патэлефанавалі у штаб-кватэру " Самаабароны" і ад супрацоўніцы выбарчага штабу Леппэра Генавэфы Вісьнеўскай даведаліся, што што у 9.30 паліцыя затрымала Леппэра і адвезла у горад Слубіцы.
Падрабязнасьці затрыманьня і таго, чаму Леппэр сказаў пра магчымасьць палітычнага прытулку якраз у Беларусі паведаміў у інтэрвію нашай праграме адвакат Леппэра Гэнрык Дзідо:

(Дзідо: ) "Суд у Слубіцах палічыў, што Леппэр праігнараваў позву ў суд на 21-га жніўня, вырашыў яго часова затрымаць і аб'явіў за ім вышук. На гэтай падставе, сёньня паліцыя затрымала Леппэра, зьмясьціла у сьледчы ізалятар, і зараз ён чакае далейшага разьвіцьця падзеяў. Пакуль суд вырашыў пратрымаць яго толькі месяц. Ці гэты тэрмін будзе працягнуты, ці скарочаны – пакуль ня ведаем. Я сабе не ўяўляю, каб прыймаючы рашэньне аб арышце кіраўніка "Самаабароны", бясспрэчнага лідэра польскіх сялянаў і кандыдата у прэзыдэнты, судзьдзя ня ведаў, што гэта кардынальным чынам адаб'ецца на ягоных выбарчых шанцах. Судзьдзя павінен ведаць, што за Леппэрам стаяць як мінімум 100 тысячаў чалавек, якія паставілі свае падпісы пад ягонай кандыдатурай у прэзыдэнты".

(Карэспандэнт: ) "А чым патлумачыць неспадзяваную заяву Леппэра аб тым, што ён папросіць палітычнага прытулку якраз у Аляксандра Лукашэнкі?"

(Дзідо: ) "Маючы выбар: альбо арышт, альбо свабода, Анджэй Леппэр сказаў пра Беларусь і пра Аляксандра Лукашэнку. З другога боку, добра ведаю, што ўсходні вэктар вельмі цікавіць Леппэра як палітычнага дзеяча і як будучага прэзыдэнта Польшчы. У гэтым накірунку ён зьвяртае свой позірк і свае зацікаўленьні у гаспадарчых справах. Беларусь блізкая Леппэру і вельмі яго цікавіць як гандлёвы партнэр. Калі ён згадаў менавіта Беларусь, дык гэта вынікае з ягонага зацікаўленьня гэтым рэгіёнам Эўропы. Ён шэраг разоў крытыкаваў палітыку цяперашняга ўраду Польшчы за тое, што той цалкам адвярнуўся ад Усходу. Для Польшчы карысныя цесныя эканамічныя сувязі з Усходам, хаця ў духоўным, эмацыйным сэнсе мы можам заставацца пры Захадзе".

Сказаў прадстаўнік Анджэя Леппэра Гэнрык Дзідо.

Дарэчы, яшчэ у часе ўчарашняй прэс-канфэрэнцыі сярод міжнародных справаў прыярытэтнымі Леппэр назваў як мага хутчэйшае аднаўленьне гандлю з краінамі былога Савецкага Саюзу, а таксама пытаньне членства у Эўразьвязе. "Я дамагаюся агульнанацыянальнага абмеркаваньня гэтага пытаньня. Людзі павінны ведаць, што іх у Эўразьвязе чакае, каб у часе рэфэрэндуму прагаласавалі сьведама" – сказаў лідэр "Самаабароны".

"Я маю намер выявіць усе афёры. Заміж сацыяльнай апекі дзяржава вядзе антычалавечую палітыку. Дзе грошы з прыватызацыі дзяжаўнай маёмасьці?" – пытаўся ён, махаючы пачкай дакумантаў. "Выяўленьня праўды баяцца кіруючыя эліты і таму спрабуюць перакрыць мне дарогу да прэзыдэнцкага палацу", – тлумачыў ён прычыны аб'яўленага з ім вышуку. "Калі я буду абраны прэзыдэнтам, кожнай сям'і загарантую сацыяльны мінімум у памеры 2,5 тысячаў злотых ў месяц (каля 600 даляраў)". Найбяднейшым сем'ям ён абяцаў поўнае вызваленьне ад падаткаў. Леппэр выказаўся за поўную забарону продажу зямлі чужынцам, асабліва Немцам, якія, нібыта, каварна хочуць выкупіць Польшчу.

Наагул, Анджэй Леппэр, пра якога гаворыцца "мужны селянін", – надзвычай калярытная фігура. Ён гаспадарыць на 40-ка гектарах зямлі і адначасова актыўна займаецца палітыкай. У 91-м годзе стаў вядомым пасьля таго, як узначаліў галадоўку сялянаў, якія не былі ў стане выплаціць крэдыты. Затым ён заснаваў прафсаюз і аднайменную партыю "Самаабарона", якія пачалі арганізаваць акупацыю будынку Міністэрства сельскай гаспадаркі, блякады дарогаў, маршы сялян на Сойм, а таксама набегі на саўгасы, званыя ў Польшчы Пэгеэрамі, якія нібыта прадаюць зямлю прыватным інвэстарам. Ён цьвердзіць, што чарговыя не-камуністычныя ўрады
Польшчы дыскрымінуюць сялянаў, бяз мыта імпартуюць з-за мяжы танныя харчы і цэнавай палітыкай сьведама прыводзяць сялянаў да галечы. Першы раз ён праседзеў два месяцы у сьледчым ізалятары ў 95-м годзе за зьбіцьцё дзяржаўнага чыноўніка, а потым яшчэ некалькі разоў, у атмасфэры скандалаў, яго спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці за блякады аўтамагістраляў, высыпаньне на рэйкі імпартаванага збожжа, а таксама абразу ўрадавых чыноўнікаў. Ягонай апошняй акцыяй была сёлетняя блякада памежнага пераходу на польска-нямецкай мяжы, у сувязі зь якой ён і быў сёньня затрыманы.

На прэзыдэнцкіх выбарах у 95-м годзе Анджэй Леппэр набраў 1,32% галасоў. Згодна апытаньню, сёлета за яго гатовыя прагаласавац 3% выбаршчыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG