Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва Менскае філіі Беларускага Гэльсынскага Камітэту лічыць, што старшыня БГК Тацяна Процька спрабуе ператварыць камітэт у палітычную арганізацыю і таму павінна неадкладна сыйсьці ў адстаўку. Сама Тацяна Процька абвінавачвае частку сваіх калегаў-праваабаронцаў у палітычным шантажы і ў актыўнай падтрымцы аб'яднанай апазыцыі, якая выступае за байкот восеньскіх выбараў.

Пытаньне адстаўкі Тацяны Процькі з пасады старшыні БГК сход менскае філіі Камітэту абмяркуе 7 верасьня. Прадстаўнікі апазыцыйнае да кіраўніцтва часткі БГК абвінавачваюць спадарыню Процьку ў залішняй палітызаванасьці й падтрымцы ідэі ўдзелу сябраў арганізацыі ў выбарах у г.зв. "Палату прадстаўнікоў".

Гаворыць сябра рады Менскае філіі БГК, палітоляг Аляксандар Патупа:

"Яна неадэкватна кіруе камітэтам. Процька заўжды імкнулася ў палітыку, і гэта была вялікая неадпаведнасьць. Я ёй вельмі спачуваю: чалавек хоча займацца палітыкаю, а яго жыцьцё прымушае займацца абаронаю правоў чалавека. Гэта вельмі розныя сфэры дзейнасьці.

Падзеі, зьвязаныя з вабарчай кампаніяй, усё гэта абвастрылі. Раней удавалася стрымліваць гэтыя працэсы, а цяпер зроблена спроба ператварыць шэраг офісаў камітэту ў перадвыбарчыя штабы. Штатныя супрацоўнікі Гэльсынскага камітэту йдуць як кандыдаты на выбары. Усё гэта стварае чысьцюткую партызацыю".

Гэта было меркаваньне сябры рады Менскае філіі БГК Аляксандра Патупы.

Спадар Патупа таксама дадаў, што каля дзясятка актывістаў БГК на чале з намесьнікам старшыні Гары Паганяйлам балятуюцца ў г.зв. "Палату прадстаўнікоў". Таму Аляксандар Патупа і ягоныя паплечнікі будуць дамагацца адстаўкі старшыні БГК на агульным сходзе арганізацыі 16 верасьня.

У выпадку, калі дэлегаты зьезду БГК не прагаласуюць за адстаўку Процькі, сябры менскай філіі (а гэта больш за 100 чалавек), выйдуць са складу арганізацыі. Нагадаю, што падобны погляд падзяляюць і сябры Назіральнае рады Гэльсынскага камітэту (усяго 14 чалавек), на чале з Васілём Быкавым, якія выказалі недавер Тацяне Процьцы яшчэ ў чэрвені сёлета.

Сама спадарыня Процька гаворыць, што за пасаду старшыні не трымаецца, але й саступаць шантажу ды сыходзіць дабрахвотна не зьбіраецца. На думку старшыні БГК, яе калегі робяць слушна, што ідуць на выбары, бо праваабаронцы павінны абараняць людзей і знаходзячыся ў структурах улады.

Гаворыць Тацяна Процька:

(Процька: ) "Хто выйграе ад той сытуацыі, якая сёньня ў Гэльсынскім камітэце і ў іншых арганізацыях? Бо фактычна тое рашэньне, якое яны прынялі і зрабілі публічным, сёньня накіраванае супраць тых кандыдатаў, якія балятуюцца ў Палату прадстаўнікоў як незалежныя дэмакраты. Палітызаванасьць менавіта ў дзеяньнях менскага аддзяленьня, якое схіляецца да прапановаў пэўных палітычных сілаў Беларусі, менавіта тых, якія прытрымліваюцца байкоту выбараў. Праваабаронцы ня могуць прытрымлівацца байкоту выбараў, асабліва ў тых абставінах, калі паводле дадзеных незалежных сацыялягічных апытаньняў, да 75 працэнтаў насельніцтва стаіць за выбары. Фактычна заява 14-ці і заява менскага аддзяленьня – гэта пэўны шантаж: ці мы, ці яна? Так ня робіцца".

Паведаміла спадарыня Процька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG