Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

(эфір 18 жніўня)
Трагедыя з атамнай субмарынаю "Курск" чарговым разам пацьвердзіла, што ўтойваньне сапраўдных тэрмінаў (а магчыма, і прычынаў) катастрофы, ігнараваньне дапамогі міжнароднае супольнасьці цалкам неапраўданае. У Беларусі пад час інцыдэнтаў тэхнагэннага характару таксама не сьпяшаюцца надаваць фактам галоснасьць. А ў краіне нямала аб'ектаў, якія маюць вялікую патэнцыйную небясьпеку.

Вялікую небясьпеку ўяўляюць вайсковыя збройныя арсэналы. Тры гады таму на працягу некалькіх дзён у адной з вайсковых частак у раёне Мар'інай Горкі ірваліся артылерыйскія снарады. Тады Міністэрства абароны зрабіла ўсё, каб прычыны здарэньня засталіся ўнутранай справаю вайскоўцаў. Грамадзтва так і не даведалася, што паслужыла прычынаю дэтанацыі.

Але, паводле вайсковых спэцыялістаў, у большасьці сваёй састарэлая зброя, якая мёртвым грузам ляжыць на складох, адпаведна з усімі нормамі мусіць быць утылізаваная. Адмысловая камісія ААН, якая тыдзень таму скончыла інспэкцыю складоў Міністэрства абароны, рэкамэндавала беларускаму кіраўніцтву неадкладна прыступіць да зьнішчэньня пратэрмінаванае зброі. Улады адказалі, што… толькі пры ўмове атрыманьня ад міжнароднае супольнасьці $20 млн. – менавіта столькі, на думку лукашэнкавых аналітыкаў, неабходна на знішчэньне часткі старое, і таму небясьпечнае зброі.

Яшчэ адна крыніца падвышанае небясьпекі – нафтаперапрацоўчыя заводы ды прадпрыемствы хімічнае галіны, дысьлякаваныя перш за ўсё ў Наваполацку ды Мазыры. Тэхнічныя пажары на Наваполацкім хімічным заводзе МАПАН напрыканцы 80-х, і яшчэ раней – на менскім "Гарызонце", інфармацыю пра якія ўлады ўсяляк утойвалі, паказалі, што прамысловыя прадпрыемствы зусім не бяскрыўдныя з пункту гледжаньня бясьпекі.

Патэнцыйную небясьпеку нясуць нафтабазы. Два гады таму адбылося ўзгараньне ёмістасьцяў абласное нафтабазы ў Фаніпалі. Пра нейкія прычыны зноў жа не паведамлялася.

Раз-пораз вялікімі вогнішчамі нагадваюць пра сябе ніткі газаводаў. Тэракт з падарваным некалькі год таму на Нясьвіскім участку трубаводам хоць і трапіў на старонкі газэтаў, але шэраг аварыйных узгараньняў амаль ніколі не афішуецца.

Як нікому не паведамляецца праўда пра газавыя сховішчы пад Берасьцем і Асіповічамі. Між іншым, эколягі ня вераць запэўніваньням праектантаў наконт поўнае бясьпекі аб'ектаў. Як стала вядома з дасьведчаных колаў, апошнім часам склалася неадназначная сытуацыя вакол асіповіцкага сховішча газу: прыродны купал пачаў даваць трэшчыну.

Увогуле, надзвычайная сытуацыя можа ўзьнікнуць на кожным кроку. Нават спыненьне цягніка ў тунэлі менскага мэтро, як гэта было летась, калі цягнік без тлумачэньня з боку машыніста прастаяў ледзь не гадзіну паміж станцыямі, патрабуе кампэтэнтанага аналізу сытуацыі.

На жаль, яшчэ ніводзін з кіраўнікоў таго ці іншага ўзроўню на ўласную ініцыятыву не ўзяў на сябе адказанасьць за нейкі інцыдэнт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG