Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 жніўня 2000 г.


Кастусь Бандарук

Пасьля ўчорашняга тэракту ў Маскве для аховы парадку прыцягнуты ўвесь асабовы склад маскоўскай міліцыі. У горадзе ўведзеная ў дзеяньне антытэрарыстычная апэрацыя "Віхр-антытэрарыст", узмоцнены пашпартны кантроль і ахова важных аб'ектаў. Адначасова ў адказ на заявы некаторых расейскіх прадстаўнікоў, у тым ліку мэра Масквы Юрыя Лужкова пра "чачэнскі сьлед", гучаць перасьцярогі, каб беспадстаўна і заўчасна не ўскладаць віну за тэракт на Чэчэнцаў і не раcпальваць ізноў ксэнафобіі ў Расеі.

Выбух здарыўся ўчора ў 18 гадзінаў у падземным пераходзе на Пушкінскай плошчы. Галоўная Ўправа ўнутраных справаў паведаміла, што ў выніку выбуху бомбы, роўнай 500-800 грамаў тратылу, загінулі 7 чалавек і параненыя 97. 59-ць чалавек усё яшчэ знаходзяцца ў шпіталях, у тым ліку 10 – у цяжкім стане. У інтэрвію радыёстанцыі "ЭХО МОСКВЫ" кіраўнік маскоўскага навукова-тэхнічнага цэнтру дасьледаваньня выбухаў Адольф Мішунаў дадаў, што праўдападобна спрацавала нашпігаваная металам безабалонкавая вубуховая прылада з гадзіньнікавым мэханізмам.

(Мішунаў: ) "Месца выбрана такое, дзе адначасова тры калідоры, налева, направа і вось гэты даўгі калідор, у якім была падкладзеная бомба. Выбух быў разьлічаны на як мага большую колькасьць ахвяраў: ён быў прызначаны не для будынкаў, не для палатак, гэта само сабою, але для людзей".

Дагэтуль сьледзтва ў справе тэракту выявіла чатырох западозраных: Чачэнцаў, Аварца, славяніна, аднак зараз сьледзтва засяродзілася на чацьвертым западозраным. Супрацоўнікі міліцыі зьбіраюць паказаньні сьведкаў і склалі ўжо фотаробат галоўнага западозранага.

Сёньня ўначы, пасьля нарады апэратыўнага штабу, мэр Масквы Лужкоў заявіў, што ў гэтым тэракце "прасочваецца чачэнскі сьлед". Ён не выключыў, што пасьля выбуху ў Расеі ізноў можа пачацца хваля антычачэнскіх настрояў, аднак дадаў, што трэба "адрозьніваць нягоднікаў ад нармальных людзей і не ўпадаць у крайнасьць, як тыя, што кажуць: "Добры Чачэнец – гэта мёртвы Чачэнец".

"Мы дазволілі стварыць на нашай тэрыторыі цэлы анкляў тэрарыстаў" – заявіў пасьля сустрэчы з дырэктарам Фэдэральнай Службы Бясьпекі Патрушэвым прэзыдэнт Расеі Пуцін, які асабіста ўзначаліў сьледзтва. Ён заклікаў насельніцтва не паддавацца "неарганізаванасьці ды істэрыі". Ён адзначыў, што тэрырызму неабходна супрацьпаставіць палітычную волю, арганізаванасьць, настойлівую працу праваахоўных органаў.

(Пуцін: ) "Канешне, трэба ведаць, адкуль зыходзіць пагроза. чалавецтву яшчэ не выпрацавала іншага эфэктыўнага спосабу барацьбы з тэрорам акрамя аднаго. Адзіны лек – адэкватны адказ. Мы павінны завершыць тое, што робім на Паўночным Каўказе. Трэба дабіць тэрарыстаў ў іхным логаве".

Із заклікам да масквічоў і жыхароў іншых гарадоў Расеі ўзмоцніць пільнасьць і дапамагаць уладам у прадухіленьні новых тэрактаў зьвярнулася палітрада руху "Отечество". За сілавым спосабам расправы над тэрарыстамі выказаўся старшыня Дзярждумы Селязьнёў. "Выбух у Маскве яшчэ раз пацьвердзіў праўду, што з міжнародным тэрарызмам нельга справіцца ні шляхам перамоваў, ні з дапамогай палітычных манэўраў" – сказаў Селязьнёў.

Процілеглую думку выказаў расейскі бізнэсовец і былы намесьнік Рады Бясьпекі Расеі Барыс Беразоўскі. На ягоную думку, Расея ня мае іншага выйсьця, як прыступіць да перамоваў з чачэнскімі сэпаратыстамі. Калі Масква будзе працягваць палітыку сілы ў Чачні, тэракты ніколі не закончацца, – лічыць Беразоўскі. Таксама Патрыярх Аляксей ІІ заявіў, што "трэба зрабіць усё магчымае, каб спыніць руку забойцаў".

У адказ на заявы расейскіх прадстаўнікоў, кіраўнік Адміністрацыі Чачні Кадыраў асудзіў тэракт і заявіў, што "падонкі ня маюць нацыянальнасьці; яны дабіваюцца сваіх мэтаў, не шкадуючы мірных людзей" і што "просты чачэнскі народ ня мае да тэракту ніякага дачыненьня".

Таксама прэзыдэнт Чачні Аслан Масхадаў у інтэрвію агенцтву France Press сказаў, што "ні рэгулярныя падразьдзяленьні, ні спэцслужбы, ні палявыя камандзіры ня маюць нічога супольнага з інцыдэнтам на Пушкінскай плошчы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG