Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 жніўня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

БГК абвінавачвае КГБ Беларусі ў невыкананьні сваіх наўпроставых абавязкаў гарантаваньня бясьпекі грамадзянаў Беларусі. Тым часам супрацоўнікі траспартнае пракуратуры Беларусі, якія займаюцаа справаю Завадзкага, дапыталі ў Маскве генэральнага дырэктара Грамадзкае расейскае тэлевізіі (ОРТ) Канстантына Эрнста.

У адмысловым прэс-рэлізе праваабарончай арганізацыі гаворыцца, што сілы правапарадку дасюль не прадставілі грамадзтву канкрэтныя вынікі дасьледваньняў паводле фактаў зьнікненьня людзей. Беларускі Гэльсынскі камітэт асабліва спыняецца на апошняй справе – інцыдэнце з выкраданьнем Батурына. БГК зьвяртае ўвагу, што КГБ Беларусі, негледзячы на выказаную гатовасьць "правесьці ўважлівае дасьледваньне", на самой справе не прадпрымае аніякіх дзеяньняў.

Кіраўніца БГК не ўпэўненая, што КГБ Беларусі адразу адкажа на запыт праваабаронцаў. Аднак Тацяна Процька бачыць сваю задачу ў наступным:

(Процька: ) "Нас асабліва ўразіла тое, што КДБ, зрабіўшы інфармацыю пра свой прэс-цэнтар, вызначыла толькі падрыхтаванасьць да высьвятленьня гэтых абставінаў. Пэўныя дзяржаўныя ворганы павінныя гэта рабіць без усялякага грамадзкага ўзьдзеяньня і інфармаваць, што зроблена, а не выказваць гэтую самую гатоўнасьць. На жаль, КДБ, маючы інфармацыю, а яны маюць, мы мелі зь імі размову па тэлефоне, яны ня могуць даць яе, зь нейкіх прычынаў. Адна з мэтаў гэтага прэсавага рэлізу – мы разабраліся, што адбываеца, мы хочам даць зразумець, што не забыліся ані пра Ганчара, ані пра Захаранку".

Тым часам, як паведамляе БелаПАН, кіраўнік транспартнае пракуратуры Беларусі Мікалай Каралюк і сьледчы Алег Латыпаў дапыталі ў Маскве генэральнага дырэктара Грамадзкае расейскае тэлевізіі (ОРТ) Канстанціна Эрнста ў якасьці сьведкі ў справе зьніклага тэлеапэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Допыт працягваўся каля 40 хвілінаў. Паводле прысутнага там Паўла Шарамета, сьледзтва ні на крок не наблізілася да праўды пра тое, што ж адбылося з Завадзкім. З размовы з супрацоўнікамі беларускае транспартнае пракуратуры ў журналістаў ОРТ, сказаў Шарамет, склалася меркаваньне, што яны таксама адпрацоўваюць вэрсію дачыненьня да выкраданьня Завадзкага спэцслужбаў: «Яны зрабілі тонкі і асьцярожны намёк у бок былых супрацоўнікаў беларускіх спэцслужбаў, якія працягваюць дзейнічаць пры падтрымцы асобных расейскіх спэцслужбаў».

Генэральны дырэктар ОРТ Канстантын Эрнст пад час допыта выказаў абурэньне тым, што ў беларускіх афіцыйных СМІ мусіруюцца домыслы, быццам ОРТ адмаўляецца супрацоўнічаць са сьледзтвам, утойвае інфармацыю. «ОРТ перадае супрацоўнікам беларускае пракуратуры ўсе новыя факты, матэрыялы, вэрсіі. Беларускія сьледчыя былі дапушчаны ў бугальтэрыю ОРТ, атрымалі вычарпальныя зьвесткі пра Завадзкага – пачынаючы з заробку і сканчаючы яго работаю. Яны дапыталі ўсіх, каго хацелі», – сказаў Шарамет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG