Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 ліпеня 2000 г.


(эфір 26 ліпеня)
Афіцыйныя СМІ ў Беларусі працягваюць спробы фальсыфікаваць падзеі, зьвязаныя з асобай былога менскага міліцыянта Алега Батурына.

Нагадаем, летась Батурын выступіў у газэце "Народная Воля" зь лістом, у якім расказаў пар правакацыі, якія супрацоўнікі сілавых структураў учыняюць супраць мірных дэманстрантаў у Менску. Пасьля гэтага Батурын пакінуў Беларусь, і знаходзіўся ў Польшчы. На мінулым тыдні Батурын зьявіўся ў Менску – паводле ягонага расказу, ён быў дастаўлены ў Менск пад прымусам спэцслужбамі. З дапамогай амэрыканскай амбасады Батурын вярнуўся ў Польшчу. Умовай бясьпечнага вяртаньня афіцыйны Менск выставіў патрабаваньне да Батурына адмовіцца ад сьцьвярджэньня, быццам яго выкралі спэцслужбы. Батурын выканаў гэтую умову, але па вяртаньні ў Польшчу даў інтэрвію Беларускай Свабодзе, дзе ізноў паўтарыў першапачатковую вэрсію і патлумачыў, што заява для беларускага тэлебачаньня была зробленая пад ціскам.

Мы папарасілі дзярждэпартамэнт ЗША яшчэ раз пракамэнтаваць гэтыя падзеі і амэрыканскую пазыцыю ў гэтай гісторы.

Прадстаўніца дзярждэпартамэнту Эн Джонсан паведаміла нашаму Радыё, што амэрыканскі бок кіраваўся перш за ўсё інтарэсамі бясьпекі Батурына. Беларускія ўлады выставілі ўмову і самі вырашылі, якія сродкі масавай інфармацыі будуць дапушчаныя на сустрэчу з Батурыным. Недзяржаўныя СМІ не былі ў гэтым сьпісе. Дзярждэпартамэнт пацьвярджае, што ўсе дзеяньні амэрыканскай амбасады былі скіраваныя на гарантаваньньне бясьпекі Алегу Батурыну і ня мелі на мэце маніпуляцыю прэсай.

Такая пазыцыя Дзярждэпартамэнту ЗША.

Натуральна, што драматычныя падзеі вакол Алега Батурына спрабуе сфальсыфікаваць і выкарыстаць у сваіх інтарэсах афіцыйная беларуская прапаганда. Няма сэнсу ўступаць у палеміку з прапагандысцкімі ворганамі нелегітымнага рэжыму – сама за сябе гаворыць сытуацыя, калі чалавек, нягледзячы на якія б там не было акалічнасьці, мусіць уцякаць з Радзімы, як многія дзесяткі палітычных уцекачоў. Беларусь стала вядомая як краіна, дзе людзі зьнікаюць бяз вестак, як гэта адбылося з Віктарам Ганчаром, Юрыем Захаранкам, Анатолем Красоўскім і нядаўна з Андрэем Завадзкім. Нелегітымная ўлада, разагнаны парлямэнт, палітычныя вязьні ў турмах, жорсткае зьбіцьцё, арышты, суды над сотнямі дэманстрантаў ператварылі Беларусь у парыю сучаснай Эўропы. І гэтага іміджу не зьмяніць ніякімі высілкамі прыўладнай прапаганды.

XS
SM
MD
LG