Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Пытаньне эмісійнага цэнтру працягвае замаруджваць грашовую інтэграцыю Беларусі й Расеі. Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі старшыня Нацыянальнага банку Пятро Пракаповіч.

Пракаповіч зазначыў, што аб'яднаньне фінансавых сыстэмаў Беларусі й Расеі стрымліваецца найперш Масквою. Ягоныя перамовы са старшынём расейскага Цэнтрабанку Віктарам Герашчанкам, якія адбыліся 24 ліпеня ў Віскулях у Белавескай Пушчы, паводле словаў галоўнага банкіра Беларусі, не прынесьлі посьпеху:

(Пракаповіч: ) "Пазыцыя Цэнтральнага банку (яна яшчэ не зьмянілася) у тым, што адзіным эмісійным цэнтрам мусіць быць Цэнтрабанк Расеі. Мы ж кажам, што такое рашэньне супярэчыць Саюзнай дамове і таму ня можа нават разглядацца. Тым болей, быць прынятым.

Мы сьцьвярджаем, што ў сьвеце ёсьць два варыянты, калі саюзная валюта робіцца адзінаю ў саюзнай дзяржаве. Або стварэньне саюзнага банку паводле ўзору Эўрапейскага банку, або стварэньне двума Цэнтрабанкамі адзінага эмісійнага цэнтру паводле прыкладу Злучаных Штатаў Амэрыкі, якія маюць 12 эмісійных цэнтраў і 12 цэнтральных банкаў", – заявіў Пракаповіч.

Паколькі пазыцыі бакоў у пытаньні эмісійнага цэнтру не зьбліжаюцца, яны вырашылі спрэчкі ў гэтым пытаньні адкласьці. Банкіры вызначылі ў сваіх берасьцейскіх дамоўленасьцях, што супярэчнасьці павінен ухіліць канстытуцыйны акт.

На пытаньне нашага радыё, што будзе ўяўляць сабою гэты канстытуцыйны акт, Пракаповіч адказаў наступным чынам:

(Пракаповіч: ) "Размова йдзе пра Саюзную дамову, у якой запісана, што адным з актаў зьяўляецца канстытуцыйны акт. Ён будзе прымацца, наколькі я разумею, саюзным парлямэнтам. Павінна быць цэлая працэдура.

Мне зараз цяжка гаварыць на гэтую тэму – гэта не маё пытаньне", – адказаў старшыня Нацыянальнага банку.

Як вынікае зь ягонага тлумачэньня, бакі зараз вырашылі інтэгравацца ў тых кірунках, дзе супярэчнасьцяў менш. Напрыклад, зьбліжаць банкаўскія заканадаўствы Беларусі й Расеі, плянаваць агульную грашова-крэдытную палітыку.

Аднак і тут іх падсьцерагаюць сур'ёзныя разыходжаньні. Рэч у тым, што Менску для ўмацаваньня сваёй фінансавае сыстэмы патрэбен стабілізацыйны крэдыт. Аднак Масква і тут пакуль вагаецца: пазычаць партнэру грошы або пачакаць…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG