Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 чэрвеня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Ня выключана, што Пінск стане першым неабласным горадам у Беларусі, дзе будзе пабудаваны лядовы палац. Палац будзе належаць Пінскаму банкаўскаму каледжу, які зараз знаходзіцца ўстане рэканструкцыяй.

Будаваць Лядовы палац вырашылі на паседжаньні Рады дырэктараў Нацыянальнага Банку Беларусі ў межах рэканструкцыі банкаўскага каледжа ў Пінску. Плянуецца, што лядовы палац стане часткай вялікага спартовага комплексу, які пабудуе Нацбанк на базе каледжу. Ужо вызначанае й месца будучай будоўлі. Плянуецца зьнесьці частку дамоў, якія месьцяцца на ўзьбярэжнай ракі Піна ў гістарычным цэнтры гораду.

Леанід Сілівонік, галоўны інжынэр арганізаціі Берасьцеграмадзянпраект, якая будзе распрацоўваць праект будаўніцтва, паведаміў нашаму Радыё, что кантракт на распрацоўку праекта пакуль яшчэ не падпісаны, ёсьць толькі папярэдняя дамова з Нацбанкам. Хутчэй за ўсё падпісаньне адбудзецца сёлета ў жніўні. На стварэньне праекту пойдзе прыкладна год, будоўля зойме яшчэ два гады, такім чынам, паводле спадара Сілівоніка, лядовы палац будзе пабудаваны ў 2003-2004 годзе.

Колькі будзе каштаваць гэтая будоўля пакуль невядома, аднак можна меркаваць, што ва ўмовах, пакуль у дзяржавы грошай не хапае на самае неабходнае, пабудаваць ў Пінску Лядовы Палац будзе няпроста нават для Нацбанку, а выцягнуць грошы з гарадзкіх прадпрыемстваў наўрад ці атрымаецца. У іх гэтых грошай па-просту няма.

Варта адзначыць, што стадыёны, якія ўжо існуюць у Пінску, зараз знаходзяцца у поўным заняпадзе. На стадыёне "Прыпяць" у цэнтры гораду на пачатку 90-х гадоў распачалося будаўніцтва спартовага комплексу, аднак пабудаваная была толькі адна цагляная каробка, пасьля чаго з-за фінансавых цяжкасьцяў будаўніцтва прыпынілі на некалькі гадоў. Праз пэўны час аказалася, што з-за ранейшых памылак будаўнікоў, будаваць далей нельга, цагляную каробку трэба зносіць і будаваць новую, аднак толькі на дэмантаж трэба каля 15 млн. рублёў, якіх горад ня мае. Другі стадыён "Хваля" ужо не адзін год перадаецца дзеля навядзеньня парадку ад адной арганізаціі да другой і знаходзіцца зараз у стане, які не дазваляе праводзіць там ніякіх спартовых мерапрыемстваў.

І яшчэ, паводле плянаў, у лядовым палацы будзе трэніравацца зборная гораду па хакею, аднак справа ў тым, што нават гарадзкі футбольны клюб "Пінск-900", які некалькі гадоў таму меў рэальную магчымасьць выйсьці ў вышэйшую лігу, з-за адсутнасьці фінансаваньня гуляе зараз аж ў 2-ой нацыянальнай лізе. Грошай няма нават на тое, каб набыць неабходную колькасьць мячоў, негаворачы ўжо пра ўтрыманьне хакейнай каманды. А ў дзіцячай спартовай школе №2 днямі адключылі тэлефон, няма чым заплаціць. Вось прыкладна ў такіх умовах у Пінску зьбіраюцца будаваць новы спартовы комплекс зь лядовым палацам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG