Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 2000 г.


Сабіна Радзько, Віцебск

Над мястэчкам Лёзна пасьля значнага перапынку ўчора ізноў залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Гэтым разам ён быў вывешаны на тэрыторыі Лёзьненскіх электрычных сетак. Тыя, каму давялося сьцяг здымаць, даведаліся, што на гэты раз яго зьяўленьне было прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.

Пад вокнамі адміністрацыйнага будынку знаходзіцца 50-мэтровая назіральная вышка са шпіляпадобнаю радыёантэнай вышынёю ў восем мэтраў. На сьпічак антэны і быў надзеты сьцяг. Уся прылеглая тэрыторыя прасьвечваецца пражэктарамі, ліхтарамі і ахоўваецца вартавымі з сабакамі.

Аднак для зьдзяйсьненьня акцыі перашкодай гэта ня стала. Затое электрыкі, якім было даручана зьняць сьцяг з антэны, апынуліся ў цяжкім становішчы, бо нават зь верхняй пляцоўкі дацягнуцца да яе немагчыма. Давялося дэмантаваць антэну, але і пасьля гэтага адчапіць сьцяг удалося не адразу: да сьцяга была прымацаваная старэнькая абгортка ад шакалядкі "Вясёлыя хлопчыкі" з надпісам: "Мы хутка падрасьцем – і дзядзькі, якія адабралі ў нас шчаслівае дзяцінства, панясуць адказнасьць па нашых законах". Але найбольш інтрыгуе подпіс: "Алесь, сын Мірона".

Нагадаю, што на працягу апошніх месяцаў над Лёзнам сьцягі не зьяўляліся, што сталася падставаю для чуткаў нібыта Мірон зьехаў у Чачэнію. Магчыма выбар новага мейсца для акцыі сапраўды сьведчыць пра тое, што сын вырашыў працягваць справу бацькі, выяўляючы ўласную ініцыятыву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG