Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 траўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Менску праводзілася рэпэтыцыя сьвяточнае дэманстрацыі, якая мусіць адбыцца 9 траўня. У рэпэтыцыі бралі удзел больш за пяць тысячаў падлеткаў і дзяцей зь менскіх школаў і вучэльняў, якіх прывезьлі ў цэнтар гораду настаўнікі ды выкладчыкі.

Сёньня больш чым на дзьве гадзіны зьмяніўся звычайны парадак жыцьця ў цэнтры беларускае сталіцы. Прычына – чарговая рэпэтыцыя сьвята Перамогі. Гэтым разам па вызваленым ад транспарту праспэкце Скарыны маршавалі хлопцы й дзяўчаты ў цывільным – навучэнцы менскіх школаў, сярэдніх ды вышэйшых вучэльняў ды іхныя настаўнікі.

Усяго на рэпэтыцыю, паводле афіцыйных дадзеных, было прывезена больш як пяць тысячаў чалавек. Дзеля гэтага ў іх адмянілі заняткі. Што, канешне ж, ня вельмі засмучала будучых дэманстрантаў. Прыкладам, яны з задавальненем раздавалі інтэрвію, у тым ліку й "Радыё Свабода"…

(Голас: ) "Горад Менск, сярэдняя школа".

(Карэспандэнт: ) "Што вы тут робіце?"

(Голас: ) "Рыхтуемся да 9-га траўня"

Дакладна ў тры гадзіны дзяцей вывелі атрадамі на праспэкт і пагналі гэтую калёну да пляцу Незалежнасьці, са зваротным ходам па вуліцы Маркса і зноў па праспэкце да пляцу. Кожны атрад ішоў са сваім транспарантам, бальшыня зь якіх была на тэму перамогі, але трапляліся й такія як "Моладзь з маладым прэзыдэнтам". Гэты, відаць, застаўся ад нейкага іншага сьвята.

Калі калёна прайшла уздоўж трыбуны, дзе 9 траўня будзе стаяць той, "з кім" нашая моладзь, чалавек, што хаваўся на пляцы за кустамі, выпусьціў зь клеткі галубоў . Белыя прыгожыя птушкі пранесьліся над пляцам як кулі й зьніклі высока ў небе. Але чалавек перакананы, што галубы да 9-га прыляцяць дадому і ён іх пад час параду, як і прадугледжана сцэнаром, зноў запусьціць. За гэта яму паабяцаная прэмія, памер якой ён не назваў. Як і тое, колькі каштуюць ягоныя галубы.

(Голас: ) "У нас у Беларусі дзешава. Але з машыны ён дорага каштуе".

Рэпэтыцыя скончылася, і я скіраваўся на вуліцу Карла Маркса, па якой толькі што праходзілі калёны школьнікаў. Жыхары дамоў з гэтае вуліцы былі заблякаваныя ў сваіх дамох у мінулую пятніцу, калі праходзіла першая рэпэтыцыя вайсковае часткі параду. Сёньняшняя рэпэтыцыя прынесла ім менш клопату, таму, відаць, мае суразмоўцы зноў вярталіся да падзеяў мінулае пятніцы. Судэнтка Сьвятлана, якая жыве у 21-м доме, згадвала:

(Голас: ) "Я хацела папасьці дадому. Была міліцыя, патрабавалі пашпарты, карацей, даволі доўга давялося іх упрошваць. Увогуле нармальна, хай рэпэтуюць дзе заўгодна, але мяне хай не чапаюць".

А вось якую гісторыю распавёў прадпрымальнік Аляксандар, чый офіс месьціцца ў тым жа 21-м доме на вуліцы Карла Маркса…

(Аляксандар: ) "У пятніцу мы гулялі ў футбол у Вясьнянцы на Машэрава. Позна гэта ўсё скончылася, і вырашылі мы на стадыёне "Дынама" папіць піва. Гэта па начным горадзе прыкладна 10 хвілін язды, з Машэрава на "Дынама", але нас спынілі перад праспэктам Скарыны, сказалі, што аж да Ўручча ўсё перакрыта, і мы ехалі на стадыён "Дынама" праз Малінаўку. Натуральна, калі прыехалі, нічога там ужо не было. Я стаўлюся адмоўна да гэтага, бо сьвята павінна быць для людзей, а ня супраць".

Гісторыі, падобныя да той, пра якую распавёў малады прадпрымальнік, маглі здарыцца й сёньня, бо ў самыя пікавыя гадзіны цэнтар гораду быў перакрыты. І зноўку людзям, каб патрапіць, напрыклад, зь Нямігі на "Дынама", даводзілася рабіць крукі даўжынёю ў дзясяткі кілямэтраў.

А заўтра ўвечары, паводле папярэджаньня гарадзкіх уладаў, будзе праведзеная яшчэ адна рэпэтыцыя. Такім чынам, паважаныя жыхары гораду-героя, рыхтуйцеся да новай аблогі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG