Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 траўня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

На наступным тыдні Кангрэс ЗША правядзе галасаваньне ў пытаньні сталага гандлю з Кітаем. Напярэдадні гэтай падзеі Пэкін выпусьціў з турмы Чэна Лантаа – дэмакратычнага актывіста, арыштаванага пасьля вядомых падзеяў на пляцы Цянь-ань-мынь і асуджанага паводле афіцыйнай фармулёўкі за ўдзел у "анты-рэвалюцыйнай дзейнасьці". На думку аналітыка "Радыё Свабода" Пола Гобла, апісаная сытуацыя падкрэсьлівае цяжкія і асыметрычныя адносіны паміж дыктатурамі і дэмакратыямі.

Дэмакратыі заўсёды даюць пэўныя выгоды дыктатурам, калі яны выпускаюць з турмы таго, хто і так ня мусіў быць арыштаваным. Але дэмакратыі амаль ніколі ня могуць спадзявацца на сталыя зьмены ў паводзінах дыктатураў на падставах вызваленьня аднаго чалавека.

Дэмакратыі засяроджаныя на асобе. Яны з радасьцю вітаюць вызваленьні як крок наперад. Але гэтым яны амаль заўсёды ненаўмысна стымулююць дыктатуры да новых арыштаў іншадумцаў, каб пазьней адпусьціць іх і ў выніку атрымаць для сябе палітычныя выгоды.

У сыботу Ганконгскі Інфармацыйны Цэнтар правоў чалавека і дэмакратыі паведаміў, што кітайскія ўлады выпусьцілі зь вязьніцы Чэна Лантаа. Пэкін не растлумачыў падставаў гэтага кроку, але час, у які адбылася падзея, напэўна, мае нешта супольнае зь нядаўным візытам у Кітай міністра сельскае гаспадаркі ЗША Дэна Глікмана, а таксама з будучым галасаваньнем у Кангрэсе.

Сталы гандаль паміж ЗША і Кітаем дасьць апошняму неадменнае права на найбольш спрыяльныя тарыфы для тавараў, прададзеных Злучаным Штатам. Апрача гэтага, сталы гандаль скасуе патрэбу адміністрацыі ЗША атрымліваць штогадовы дазвол Кангрэсу на тое, што звычайна называецца рэжымам найбольшага спрыяньня.

Як прыхільнікі, так і супараты пагадненьня паміж ЗША і Кітаем ў Кангрэсе Злучаных Штатаў маюць моцныя эканамічныя і палітычныя аргумэнты і ўжывуць іх цалкам, каб адстаяць свой пункт гледжаньня.

Тыя, хто ў ЗША выступаюць супраць пагадненьня, почасту матывуюць гэта тым, што ў Кітаі стала парушаюцца правы чалавека. Гэты аргумэнт мае шырокі рэзананс сярод жыхароў Злучаных Штатаў, якія лічаць, што палітыка іхнае краіны павінна мець ня толькі камэрцыйнае і гэапалітычнае, але і маральнае вымярэньне.

У выніку, прыхільнікі дамовы, адміністрацыя ЗША, шматлікія бізнэсмэны і афіцыйны Пэкін, маюць аргумэнт, што вызваленьне Чэна Лантаа – сьведчаньне паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Кітаі, і далейшае пашырэньне гандлю паміж ЗША і Кітаем будзе разьвіваць гэты працэс.

Паколькі дэбаты ў Кангрэсе будуць доўжыцца цэлы тыдзень (ад 22 да 26 траўня), Кітай, хутчэй за ўсё, вызваліць яшчэ нейкую колькасьць вязьняў-іншадумцаў і такім чынам палепшыць свой імідж і дасьць дадатковыя аргумэнты ў рукі кангрэсмэнаў-прыхільнікаў падпісаньня дамовы.

Неўзабаве кітайскі ўрад убачыць, як сродкі масавай інфармацыі ў ЗША напоўняцца гісторыямі прагрэсу з правамі чалавека ў Кітаі. З аднаго боку, такія гісторыі адлюструюць аптымізам дэмакратычных дзяржаваў, у якіх будучыня заўсёды лепш, чым мінуўшчына.
З другога боку, яны будуць паланёныя шырока распаўсюджанай філязофіяй, што гандаль непазьбежна ператворыць падкантрольную дзяржаве эканоміку ў прыватную, якая, у сваю чаргу, будзе канкурэнтаздольнай, а канкурэнтаздольныя рынкі непазьбежна прывядуць краіну да дэмакратыі.

Гістарычны досьвед паказвае, што некаторыя падставы для ажыцьцяўленьня такога лягічнага ланцужку ёсьць, але той самы досьвед пацьвярджае, што няма правіла бяз выключэньня. Часам гандаль нават узмацняў дыктатуры і зьмяншаў ціск на іх з боку дэмакратычных краінаў.

Але ня трэба забывацца на тое, што пра падобную лёгіку добра ведаюць і ў Пэкіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG