Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 красавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

"Калі вы хочаце, каб вашае дзіця выхоўвалася ў садку й вучылася ў школе на мове карэннага этнасу краіны, то далучайцеся да бацькоўскага камітэту беларускамоўных дзяцей. Актывісты камітэту чакаюць вас у другі й чацьверты чацьвер месяца а 18:30 ў сядзібе Таварыства Беларускае Мовы ў Менску на вуліцы Румянцава, 13".

Гэтая абвестка асабліва датычная тых бацькоў, чые дзеці сёлетнім верасьнем упершыню пераступяць школьны парог. Але тады, як паказвае досьвед тых бацькоў, якія ўжо мелі, так бы мовіць, "шчасьце" дамагацца ад уладаў роднае мовы ў бліжэйшай ад дому школе, будзе практычна немажліва мець шанец на посьпех. Якою будзе школа ў верасьні, адукацыйныя ўлады вырашаюць у траўні. І ў самыя бліжэйшыя дні распачнецца набор у першыя клясы.

Каб не апынуцца ў сытуацыі змагара-адзіночкі, гуртуйцеся з тымі, хто ўжо мае досьвед змаганьня. Менскі гарадзкі камітэт беларускамоўных вучняў упэўнены, што толькі разьяднанасьць бацькоў дазваляе ўладзе ігнараваць гэтае права.

Вось што мяркуе на гэты конт адзін з сустаршыняў камітэту Валеры Паўсьцюк…

(Паўсьцюк: ) "Улады гэтую ідэю не адмаўляюць. Але шкада, што вось мы перавядзем тую школу з гэтага году на беларускую школу, г.зн. будзе набор першых клясаў, яны ня кажуць. Яны кажуць адно. Вы набіраеце клясы з беларускай мовай, і будзе, скажам, два клясы, будзе школа беларуская. Гэта значыць, ініцыятыву на сябе яны ня хочуць браць".

Паўгода працы бацькоўскага камітэту дало, як лічыць Валеры Паўсьцюк, пэўныя вынікі, нейпершым зь якіх ёсьць сам факт дзейнасьці камітэту.

(Паўсьцюк: ) "Першы вынік – ёсьць арганізацыя бацькоў, якім патрэбнае беларускамоўнае навучаньне. Прычым, бацькі гэтыя ў асноўным маюць дзяцей пэўнага ўзросту. Пэрспэктывы такая, хочаш ня хочаш, а беларускія клясы павінны быць, і бацькі будуць дамагацца. Яны гэта ўсьвядомілі вельмі добра. Улады апыталі раённыя аддзелы адукацыі, і тыя, у сваю чаргу, далі тыя школы, у якіх магчыма ў гэтым годзе адкрыцьцё дадатковых клясаў. У дадатак да тых 11 школаў, якія зараз існуюць у Менску".

Бліжэйшая і неадкладная мэта бацькоў – дамагчыся адкрыцьця з наступнага навучальнага году беларускае школы ў цэнтры Менску ці ў непасрэднай прылегласьці да першае лініі мэтро. Зараз з тых ацалелых адзінаццаці школаў, якія яшчэ маюць статус беларускамоўных, у многіх вялікіх раёнах сталіцы, у тым ліку й прылеглых да мэтро, няма аніводнае беларускамоўнае.

Сёе-тое ў гэтым змаганьні зрушылася зь мейсца. Валеры Паўсьцюк працягвае…

(Паўсьцюк: ) "Спачатку паставілі гэтае пытаньне перад гарадзкім аддзелам, а тады вырашылі, што ўсё ж трэба непасрэдна з тымі людзьмі, якія бліжэй да гэтай школы ў канкрэтным раёне. Мы больш працуем у Савецкім раёне, бо тут няма ніводнай школы, і набор у беларускія клясы ня йдзе тры ці чатыры гады".

Ці распачнецца ў бліжэйшыя дні набор на беларускамоўнае навучаньне ў цэнтры беларускае сталіцы, залежыць найперш ад супольных намаганьняў саміх татаў ды мамаў будучых першаклясьнікаў. Пра гэта яшчэ раз нагадвае менскі бацькоўскі камітэт беларускамоўных дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG