Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пасьля няяўкі ў суд у якасьці сьведкі кіраўніка Берасьцейскага абласнога выканаўчага камітэту Васіля Даўгалёва, экс-прэм'ер Міхал Чыгір даў у судзе паказаньні адносна прад'яўленых яму абвінавачаньняў. Раней, у тым ліку пад час сьледзтва, Чыгір не даваў паказаньняў, пратэстуючы супраць перасьледу.

Разгляд справы Міхала Чыгіра набліжаецца да завяршэньня. Сьведкі ўжо фактычна ўсе выслуханыя, акрамя былога віцэ-прэм'ера, цяперашняга старшыні Берасьцейскае "вэртыкалі" Васіля Даўгалёва. Даўгалёў быў выкліканы ў суд сёньня, але не зьявіўся. І ня выключана, што суд яго больш чакаць ня будзе, а зачытае паказаньні, дадзеныя пад час сьледзтва. Для Міхала Чыгіра, аднак, няяўка былога калегі ня стала нечаканасьцю. У перапынку Чыгір гэтак пракамэнтаваў учынак Даўгалёва…

(Чыгір: ) "Я думаю, што Даўгалёў лічыць гэтую справу настолькі несур'ёзнай, што калі даваў паказаньні, сказаў: "Я лічу, што гэта ўсё ў рамках закону, і я падтрымаў такое рашэньне валютна-крэдытнай камісіі і больш нічога дадаць да гэтага не магу".

Гэткія паказаньні, паводле Міхала Чыгіра, даваў пад час сьледзтва Васіль Даўгалёў. А сам экс-прэм'ер на допытах у сьледчых заяўляў пра палітычна матываваны перасьлед і на гэтае падставе ад дачы паказаньняў адмаўляўся. Не зьмяніў ён сваю пазыцыю і напачатку судовага працэсу напрыканцы мінулага году, калі атрымаў магчымасьць перад судзьдзямі адказаць на абвінавачваньні.

Тады Чыгір ад паказаньняў устрымаўся. Абарона тлумачыла гэты крок неабходнасьцю пачакаць, пакуль пройдзе судовае расьледваньне, каб мець поўную карціну сабраных сьледзтвам доказаў.

І вось сёньня, калі стала зразумела, што слуханьне фактычна завершанае, экс-прэм'ер узяў слова. Міхал Чыгір падрабязна спыніўся на кожным з эпізодаў абвінавачваньня, тлумачыў мэты сваіх дзеяньняў ці рашэньняў, якія сьледзтва потым палічыла незаконнымі.

Матывуючы ўзычэньне фірме "Піаск" адтэрміноўкі выплаты мытаў Міхал Чыгір сказаў: "Лічу, калі б я не прыняў тады гэтага рашэньня, дзяржава страціла б 900 тысячаў даляраў, і мяне сапраўды трэба было б судзіць за невыкананьне сваіх абавязкаў". Міхал Чыгір пералічыў законы, якімі ён кіраваўся, калі ўдзельнічаў у прыняцьці гэтага рашэньня – гэта 23-ці артыкул закону аб Кабінэце міністраў і 2-гі артыкул закону аб Мытным тарыфе, якія дазваляюць ураду ў пэўных выпадках прымаць неадкладнае рашэньне ў разавай зьмене рэжыму выплаты мытаў. Што й было зроблена.

Абсурднымі й незаконнымі назваў Чыгір таксама іншыя абвінавачваньні ў свой бок.

Выступ Міхала Чыгіра ягоны грамадзкі абаронца Гары Паганяйла назваў падрабязным і вельмі пераканаўчым. "Ён раскрыў поўную карціну, даў аналіз нарматыўнае базы, якой кіраваўся ён і ягоныя супрацоўнікі, прывёў нарматыўныя дакумэнты, якія паўплывалі на прыняцьцё таго ці іншага рашэньня. Я мяркую, што мой падабаронны гаварыў вельмі пераканаўча", – лічыць грамадзкі абаронца Гары Паганяйла.

Паводле ягонага прагнозу, судзьдзя ўжо на гэтым тыдні можа абвесьціць перапынак да пачатку спрэчак. Аднак магчымая і затрымка. Яна адбудзецца, калі суд вырашыць усё ж заслухаць Васіля Даўгалёва. Гары Паганяйла заявіў, што абарона будзе на гэтым настойваць, дамагаючыся ў тым ліку й прымусовага прыводу Даўгалёва ў суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG