Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сакавіка 2000 г.


Браніслава Станкевіч, Ворша

Падрыхтоўка дэмакратычных сілаў да "Маршу Свабоды –2" выклікала і хвалю актыўнасьці ў Аршанскіх сілавых структурах. Цяпер, аб"ектам іхнае ўвагі стала мясцовая суполка Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. На пачатку сакавіка 20-ці гадовы навучэнец пэдагагічнага каледжу Янка Карантыш быў выкліканы ў кабінэт намесьніцы дырэктара Натальлі Грыгаровіч…

Паколькі хлопец вучыцца вельмі добра, яго, паводле ягоных словаў, гэты выклік ня надта напалохаў. Але намесьніца дырэктара каледжу кабінэт адразу пакінула. Янка застаўся зь незнаёмым чалавекам сам. Гэты чалавек, не паказаўшы ніякіх дакумэнтаў, прадставіўся супрацоўнікам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Сяргеем Мацюхіным.

Мацюхін паабяцаў хлопцу даверлівую размову і падкрэсьліў, што ведае пра Янку ўсё, што трэба. Пасьля, як сьцьвярджае Янка Карантыш, супрацоўнік пачаў крытыкаваць аршанскі моладзевы асяродак і выказаў зьдзіўленьне, чаму просты вясковы хлопец Янка сябруе з гэтымі аршанцамі, якія амаль ня ўсе крымінальнікі, сатаністы ці антыдзяржаўныя элемэнты.

Як, напрыклад, сябры суполкі Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, зь якімі шмат кантактуе Янка Карантыш. Супрацоўнік КДБ усяляк перасьцерагаў хлопца, што яго, з прычыны наіўнасьці, уцягваюць у "брудныя справы". Мацюхін раіў Янку ніколі не ўдзельнічаць у "Маршах Свабоды", а таксама не разьвешваць бел-чырвона-белых сьцягоў. Як некаторыя, каму няма чаго рабіць.

Параіўшы больш чытаць кніжак ды займацца спортам, Сяргей Мацюхін зьнік, а Янка меў яшчэ досыць працяглую размову з намесьніцай дырэктара. Пасьля якой канчаткова пераканаўся, што тры ягоныя сябры прыпынілі сваё сяброўства ў ЗБС пасьля падобных размоваў у гэтым самым кабінэце.

Старшыня аршанскай студэнцкай суполкі Ільля Заранок пракамэнтараваў падзеі наступным чынам: "Аршанскі КДБ не задаволены тым, што адбываецца ў моладзевым асяродку. Раней грамадзкі спакой парушалі хіба толькі юныя крымінальнікі. А сёньня паўсталі новыя дэмакратычныя сілы. І, нягледзячы на тое, што ў Воршы няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, апроч камэрцыйных, суполка ЗБС, якая складаецца з навучэнцаў вучэльняў і тэхнікумаў, дзейнічае даволі актыўна. Ладзяцца імпрэзы, выдаецца газэта "Залік", а таксама мясцовая моладзь падтрымоўвае любыя дэмакратычныя ініцыятывы".

Студэнцкі рух у Воршы настолькі прыцягальны, што зусім нядаўна да сяброў Задзіночаньня беларускіх студэнтаў далучыліся актывісты БПСМ з мэханіка-тэхналягічнага тэхнікуму. Сам старшыня тэхнікумаўскай суполкі БПСМ заявіў, што ня хоча быць разам з кар"ерыстамі, якія толькі мараць пра дэпутацтва, а выбірае маладую вольную Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG