Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лютага 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Прадпрымальніцкі страйк у Пінску, які распачаўся 1 студзеня, дагэтуль працягваецца. Сёньня на агульным сходзе большасьцю галасоў гандляры вырашылі пакуль не выходзіць на свае працоўныя месцы.

Нагадаю слухачом, што ў Пінску кірмаш апусьцеў з самага пачатку гэтага году. Прадпрымальнікі самастойна страйквалі ўвесь студзень, а потым ад 1 лютага падтрымалі і агульнарэспубліканскі страйк.

У мінулую пятніцу, ужо пасьля таго, як на агульнарэспубліканскім узроўні было вырашана распачаць гандаль, пінскія гандляры выказаліся супраць гэтага, бо, на іх думку, мэта страйку дасюль недасягнутая. Карныя законы ў іх адносінах ніхто не скасоўваў.
Паводле словаў прадпрымальнікаў, у вялікіх гарадох іхнія калегі, якія распачалі гандаль – значна багацейшыя і могуць альбо падкупіць кантралёраў, альбо наняць для працы замежных грамадзянаў, дзеля якіх падаткаабкладаньне значна спрошчанае. Пінчукі гэтак зрабіць ня могуць.

У сыботу і нядзелю некалькі дзясяткаў прадпрымальнікаў усё ж выйшлі гандляваць. Аднак, паводле словаў пераважнай большасьці гандляроў, гэта штрэйкбрэхеры, якія альбо маюць добры дах у кантралюючых ворганах, альбо іх не чапаюць адмыслова, каб выйшлі працаваць астатнія, а потым разабрацца з усімі разам.

Шмат хто з прадпрымальнікаў прапаноўваў ісьці заўтра на кірмаш у якасьці пакупнікоў і патрабаваць у штрэйкбрэхераў усе неабходныя паперы на тавар і, калі іх няма, скардзіцца ў кантралюючыя ворганы.
Некаторыя прапаноўвалі выйсьці працаваць, але разам з тым стварыць нешта накшталт прадпрымальніцкай дружыны, каб у выпадку канфіскацыі тавараў у каго-небудзь з гандлюючых, разам абараняць калегу. У выніку дзьвюхгадзіннай дыскусіі большасьцю галасоў было вырашана не выходзіць на працу да чацьвяргу, бо ў сераду лідэр пінскіх прадпрымальнікаў Дзьмітры Пятроў запрошнаы да ўдзелу ў адмысловым паседжаньні, якое пройдзе ў міністэрстве ўнутраных справаў. Гандляры спадзяюцца, што ён прывязе ад Сівакова якія-небудзь навіны ці гарантыі.

А тым часам, напрыканцы мінулага тыдня на ініцыятыву гарвыканкаму было праведзенае апытаньне сярод жыхароў гораду, якое мела на мэце высьветліць, ці патрэбныя пінчукам увогуле прадпрымальнікі, якія гандлююць на кірмашы. Афіцыйныя дадзеныя пакуль не надрукаваныя, аднак па нашай інфармацыі апытаньне паказала, што пераважная колькасьць жыхароў нашага гораду лічыць, што кірмашы і прадпрымальнікі патрэбныя. Большасьць апытаных таксама хоча, каб тавары, якія прадаюцца на кірмашы, праходзілі адпаведны кантроль якасьці.

Такім чынам, найбольш доўгі ў краіне прадпрымальніцкі страйк пакуль працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG