Калядны зварот да суайчыньнікаў Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыні Івонкі Сурвілы. Дарагія суродзічы! Віншую вас з гэтымі апошнімі Каляднымі сьвятамі і з Новым 2000-м годам. Жадаю вам шчасьця, здароўя і дабрабыту. Цяжка, аднак, як гэтага вымагае традыцыя, жадаць вясёлых сьвятаў, калі будучыня вашая робіцца з кожным днём больш праблематычнай. Дамова з Масквой, хаця яна і нелегальная, ды падпісаў яе ўжо не прэзыдэнт, якому вы даручылі свой лёс, а чалавек, які здрадзіў ваш давер, мяне асабліва трывожыць. Яна дазволіць Маскве адкрыта акупаваць нашую краіну, ствараць свае мілітарныя базы ды засельваць яе чужынцамі, варожымі да ўсяго беларускага. Нават у выпадку вольных выбараў яны будуць галасаваць не за Беларусь, не за вашыя інтарэсы, а за вашае паняволеньне, за інтарэсы вашага суседа. Нягледзячы на абяцаньні, якімі Лукашэнка вас заспакойвае, вашыя сыны будуць ізноў аддаваць сваё жыцьцё за чужую імпэрыю. Магчыма і непрыстойна прыпамінаць у гэты сьвяточны пэрыяд так прыкрую рэчаіснасьць, але вашая доля, дарагія суродзічы, ваш дабрабыт, вашая жыцьцяздольнасьць увесь час у маіх думках. Моцна прашу вас: не дапусьцеце ўзурпатара і яго кагэбісцкага акружэньня ператварыць незалежную Рэспубліку Беларусь у расейскую правінцыю, а то і ў наступную Чачню; не дапусьцеце чужынцаў адабраць ад вас ваш беларускі дом, бо толькі калі вы будзеце гаспадарамі ў сваім доме, асягнеце той дабрабыт, аб якім вы марыце. Дык жадаю вам, дарагія суродзічы, мужнасьці ды адвагі ў змаганьні за лепшую долю. Калядныя і навагоднія сьвяты ёсьць ва ўсім сьвеце часам пераходу, пачынаньня новых надзеяў. Дай Божа, каб мы ўсе ня толькі гэта адчулі на парозе дзьвюхтысячнага году, але й узялі рашэньне да гэтага спрычыніцца. Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Івонка Сурвіла.
Івонка Сурвіла.