Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адвакатцы Веры Страмкоўскай не дазволілі сустрэцца зь яе падабаронным расейскім бізнэсоўцам Анатолем Селівончыкам, які ўжо амаль паўгады знаходзіцца ў гомельскім ізалятары. Адміністрацыя ізалятару спасылаецца на рашэньне сьледчага Чумакова, які расьсьледуе справу Селівончыка.

Першую атаку на адвакатку Страмкоўскую сьледчы гомельскае пракуратуры Альберт Чумакоў ажыцьцявіў яшчэ месяц таму, калі накіраваў у калегію адвакатаў сталіцы ліст, у якім сьцьвярджалася, што Страмкоўская не дапамагае падабароннаму Селівончыку, а перашкаджае яму, схіляючы да канфлікту са сьледзтвам. Менская гарадская калегія аніяк не адрэагавала на гэтае ўмяшальніцтва сьледчага ў справы абароны.

Днямі, калі Вера Страмкоўская зьявілася на сустрэчу з Анатолем Селівончыкам у гомельскі ізалятар, ёй была паказана папера за подпісам Чумакова з адмоваю ў сустрэчы. Прычыны адмовы ў пастанове сьледчага не ўказваліся, сьцьвярджае Страмкоўская, хаця для яе гэтыя прычыны не зьяўляюцца сакрэтам.

Вера Страмкоўская кажа:

(Страмкоўская: ) "Калі мы распачалі азнаямленьне са справай, мы адразу ж знайшлі шмат парушэньняў крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Мы заяўлялі адвод сьледчаму. А зараз сьледчы пазбавіў мяне магчымасьці сустракацца з маім падабаронным. Канешне, гэта зьяўляецца грубым парушэньнем артыкулу 53 крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Ня толькі ў адносінах да майго падабароннага парушаецца закон, але нават да абаронцы, які прадугледжаны крымінальна-працэсуальным кодэксам… Такога яшчэ ў маёй практыцы ня было".

Нагадаем, расейскі бізнэсмэн беларускага паходжаньня Анатоль Селівончык зь ліпеня ўтрымліваецца ў гомельскім ізалятары й знаходзіцца пад сьледзтвам паводле абвінавачваньня ў арганізацыі хуліганскіх дзеяньняў і непадпарадкаваньні міліцыі.

Улады лічаць, што гэта Селівончык арганізаваў захоп вёскі Мікалаеўка атрадам юнакоў з расейскага гораду Сургут. Пад час гэтай апэрацыі, што павінна была імітаваць захоп вёскі карнікамі й вызваленьне савецкімі войскамі, былі пабітыя і зьняважаныя больш за дзесяць яе жыхароў. Пазьней яны паскардзіліся ў міліцыю. І хаця Селівончык прынёс жыхарам Мікалаеўкі свае прабачэньні, праз два дні спонсар расейскіх хуліганаў быў арыштаваны.

Ужо ледзь не паўгады вядзецца расьледваньне ў ягонае справе, яно фактычна завершанае, засталося толькі азнаёміцца са справаю абароне Селівончыка, і вось тут паўсталі праблемы.

Прагледзеўшы два з трох тамоў справы, Страмкоўская знайшла яўныя парушэньні закону. Напрыклад, чамусьці справа была ўзбуджаная раней, чым пісаліся заявы ад пацярпелых, хаця фармальна якраз яны зьяўляюцца галоўнай падставаю дзеля пачатку расьледваньня. Іншыя парушэньні аказаліся таксама нагэтулькі грубымі, што адвакат паставіла перад пракуратураю пытаньне аб прыпыненьні расьледваньня і ўзбуджэньні справы супраць сьледчага Чумакова, які, на яе думку фальсыфікуе матэрыялы.

Пра крок сьледчага ў адказ мы ўжо ведаем. Застаецца зразумець, чаму сьледчы не баіцца йсьці на чарговы гучны скандал – толькі б выкрасліць адвакатку Страмкоўскую і давесьці справу да суду?

Сам Альберт Чумакоў на гэтую тэму размаўляць з намі адмовіўся, а вось што думае Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) "Я разумею, што гэта ціск на майго падабароннага і на мяне, таму што высьветліліся шматлікія парушэньні закону з боку ўлады. Яны дазволілі, каб атрымалася гэтая акцыя ў беларускай вёсцы з беларускімі сялянамі, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Зараз трэба, каб нехта адказваў за ўсё гэта".

Адвакатка Страмкоўская накіравала скаргу на дзеяньні сьледчага ў рэспубліканскую пракуратуру, а жонка Анатоля Селівончыка мела сустрэчу з расейскім консулам у Беларусі, якому распавяла пра парушэньне правоў яе мужа, расейскага грамадзяніна.

Гэтай скаргі жанчыне падалося мала, і яна накіравала тэлеграму на ймя расейскага прэм'ера Ўладзімера Пуціна. Тэлеграма была адпраўленая ў Маскву як раз у той час, калі там падпісвалася чарговая інтэграцыйная дамова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG